Урад Літвы перадае ЕГУ будынак былога Аўгустынскага кляштара

31 кастрычніка Урад Літоўскай Рэспублікі прыняў афіцыйнае рашэнне аб перадачы Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту (ЕГУ) будынка былога Аўгустынскага кляштара.

closter.jpg

Будучы корпус універсітэта месціцца ў старым горадзе Вільні, што знаходзіцца ў спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Першым мерапрыемствам, якое адбудзецца ўжо 17 лістапада ў новым навучальным корпусе, будзе ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 25-годдзю ЕГУ.
Былы кляштар Аўгустынскага ордэна быў збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на скрыжаванні вуліц Савічаўс і Бокшта, у 200 метрах ад віленскай Ратушы. Пабудову плошчай больш за 2700 кв. м. вылучаюць арыгінальныя элементы інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваная падлога, якія захаваліся падчас пяцігадовай рэстаўрацыі.
«Супольнасць ЕГУ бязмежна радая рашэнню літоўскага ўраду. Новы корпус ЕГУ забяспечыць выдатную атмасферу для навучання, навуковых даследаванняў і іншай універсітэцкай дзейнасці да таго часу, пакуль мы знаходзімся ў Вільні. Гэта важны крок у развіцці ўніверсітэта і супрацоўніцтве з краінай, якая нас прыняла», — адзначыў выконваючы абавязкі Рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсэн.
Працэс пераноса ўніверсітэта ў новы корпус будзе складацца з трох этапаў. Сёлета ў лістападзе-снежні адміністрацыйны корпус ЕГУ, які месціцца на вуліцы Таўра, будзе перанесены ў будынак былога кляштара. Адначасова пачнуцца працы па пераносе Медыя цэнтра ЕГУ, які знаходзіцца ў будынку Літоўскага нацыянальнага тэлебачання і радыё. У сакавіку студэнты і выкладчыкі ЕГУ пачнуць вясновы семестр 2017/18 навучальнага года ў новым універсітэцкім корпусе.

closter_2.jpg

«Вельмі сімвалічна, што менавіта ў год свайго 25-га юбілея ЕГУ знайшоў новы дом у Вільні. Магчымасць сумеснай працы супольнасці ЕГУ ў выдатным будынку Аўгустынскага кляштара надае працэсу навучання і навуковай дзейнасці ЕГУ яшчэ большую каштоўнасць. Мы ўдзячныя Літве за стабільную падтрымку на працягу ўсіх год працы ў Вільні», — дадаў старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ Пэр Карлсэн.
Пераезд ЕГУ ў новы корпус стаў магчымым дзякуючы ўсебаковай падтрымцы Урада Літвы з самых першых дзён аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні. Ідэя аб прадастаўленні ўніверсітэту новага навучальнага корпуса належыць XV Ураду Літвы пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Андруса Кубілюса. XVI Урад на чале з прэм’ер-міністрам Альгірдасам Буткявічусам працягваў працу па ажыццяўленні гэтага праекта, які завяршыўся пры XVII Урадзе Літвы і яго кіраўніку – прэм’ер-міністры Саўлюсе Сквярнялісе.
Першым мерапрыемствам, якое адбудзецца ў новым корпусе ЕГУ ўжо 17 лістапада, будзе ўрачыстая цырымонія з нагоды 25-годдзя ўніверсітэта. Сярод ганаровых гасцей цырымоніі прымуць удзел старшыня Сейма Літвы праф. Віктарас Пранцкеціс, старшыня Рыксдага Швецыі Урбан Алін, а таксама былы прэзідэнт Еўрапейскага Парламента д-р Ханс-Герт Пётэрынг, якому будзе ўручана ступень Ганаровага доктара ЕГУ.
Некалькі стагоддзяў таму ў будынку Аўгустынскага кляштара месцілася семінарыя і сярэдняя школа. У 1808 годзе будынак стаў часткай духоўнай семінарыі Віленскага ўніверсітэта. У 1832 годзе расійскія ўлады скасавалі Віленскі ўніверсітэт, і да 1842 года будынак выкарыстоўваўся ў якасці корпуса Віленскай духоўнай акадэміі. Выбітны архітэктар эпохі рамантызму Томаш Цішэцкі падрыхтаваў праект пераўтварэння кляштара ў праваслаўную школу. Гэты праект быў рэалізаваны ў 1859 годзе. Пасля Першай сусветнай вайны памяшканні былога кляштара былі зноў перададзеныя Каталіцкай царкве і пераабсталяваныя ў інтэрнаты Віленскага ўніверсітэта (пазней названага імём Стэфана Баторыя). Падчас савецкай акупацыі комплекс Аўгустынскага кляштара збольшага быў закінуты, яго частка выкарыстоўвалася ў якасці камунальнага жытла.
Паводле ehu.lt