Узнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу “Экслібрыс” прайшло ў крэатыўнай прасторы “ЦЭХ”

На вечарыне сабраліся пераможцы конкурса, сябры журы, арганізатары і прадстаўнікі партнёраў — кампаніі Prestigio, якая адмыслова для пераможцаў прадаставіла прызы — сучасныя рыдары, газеты “Наша ніва”, што адзначала аднаго з канкурсантаў спецыяльным прызам, і грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”.



exlib_nonfiction_v_712.jpg

Вялі імпрэзу каардынатарка конкурсу Алена Казлова і аўтарка ідэі яго тэмы Юлія Цімафеева. Выбар кірунка нон-фікшн для канкурсантаў сёлетняй прэміі “Экслібрыс” быў зроблены не выпадкова. Як адзначыла Юлія Цімафеева, “У сучаснай беларускай літаратуры не хапае рэфлексіі з нагоды цяперашняга, надаўняга мінулага, таго, што можа адбыцца”.

У конкурсе ўзяло ўдзел больш як тры дзясяткі творцаў ва ўзросце да 40 гадоў. Паводле ўмоваў, яны прадставілі на разгляд журы тэксты на вызначаныя тэмы ў жанры нон-фікшн.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, празаік Барыс Пятровіч падчас цырымоніі зазначыў:

Для нас гэты конкурс быў своеасаблівым крокам у невядомасць: мы мелі сумненні наконт правільнасці выбару жанру, пра які ў нашай краіне пачалі казаць нядаўна. Але па сутнасці беларускія творцы заўсёды звярталіся да нон-фікшн: яны пісалі і мемуары, і нарысы, і ўспаміны. Раней пісьменнікаў, якія працавалі ў гэтым кірунку, лічылі больш набліжанымі да журналістыкі. Больш за тое, калі мы пачыналі конкурс, то казалі, што творы для яго трэба будзе пісаць спецыяльна. Мы абазначылі кола тэмаў, таму нельга было абысціся тэкстамі, напісанымі раней. Мы нават не спадзяваліся, што адгукнецца столькі маладых творцаў. Гэты конкурс даў нам магчымасць згадаць выдатнага публіцыста, журналіста, выдаўца, рэдактара “Нашай нівы” Аляксандра Уласава. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё так званай “непрыдуманай літаратуры”. 16 жніўня споўнілася 140 гадоў з дня яго нараджэння.

lit_bel.org__assets_images_2_656edf464155b534939c7b6782e3c4ab.jpeg

Узнагароду атрымлівае Крысціна Бандурына

Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка, старшыня новай секцыі нон-фікшн Саюза беларускіх пісьменнікаў, якая таксама была ўдзельніцай конкурсу, распавяла:

Галоўная ідэя стварэння секцыі нон-фікшн у Саюзе беларускіх пісьменнікаў — папулярызацыя непрыдуманай літаратуры. Гэта сапраўды — вельмі папулярны і вельмі разнастайны напрамак творчасці. Шмат выходзіць такіх кніг на захадзе, але ў нас ёсць пэўныя цяжкасці з яго развіццём. Практыка паказала: існуе дыскусія адносна таго, што разумець пад “непрыдуманай літаратурай”, бо ў шырокім разуменні так можна назваць любую немастацкую кнігу — ад падручнікаў да зборнікаў кулінарных рэцэптаў. Мы хочам звярнуць увагу на мемуарыстыку, сацыяльную літаратуру. Натуральна, прэмія “Экслібрыс” ўсіх спрэчных пытанняў не вырашыць, але гэта вельмі добрая нагода паразмаўляць пра тое, чым была і чым ёсць непрыдуманая літаратура ў Беларусі і, магчыма, знайсці новых перспектыўных аўтараў.

lit_bel.org__assets_images_2_51b485dc91e71ce3da0bc49939c3c145.jpeg

Антон Рудак і Наталля Гардзіенка

Падчас цырымоніі прагучала і некалькі меркаванняў сяброў журы конкурса пра ўзровень творчых работ, прадстаўленых для іх разгляду. З відэазваротам да прысутных звярнулася пісьменніца, журналістка са Швецыі Інга-Ліна Ліндквіст, а непасрэдна ў зале прысутнічаў намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Ён падкрэсліў:

Літаратура “непрыдуманай рэфлексіі” для нас найбольш традыцыйная, хоць сёння збаёданая. Варта пачынаць згадку з летапісаў, хронік. У іх — факты, але не статыстыка, не лічбы. Якім бы занудам ні быў летапісец, ён сваю сваю душу часткова ўпісваў на паперу разам з атрамантам. І ў наш час выдатныя пісьменнікі Алесь Адамовіч, Святлана Алексіевіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік працавалі і працуюць у гэтым жанры. У кожным з тэкстаў, дасланых на конкурс, было сваё спасціжэнне і сябе, і свету, і самае галоўнае — не заўважалася адвольнасці фактаў, але была душэўная адвольнасць пачуцця.

lit_bel.org__assets_images_2_817634c77a47e4d6394c6d5a0d4221a9.jpeg

Ганна Севярынец і Алесь Пашкевіч

Апроч Інгі-Ліны Ліндквіст і Алеся Пашкевіча, у склад журы конкурса “Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава увайшлі: Святлана Алексіевіч, Сяргей Дубавец, Вольга Шпарага, Аляксандр Фядута і Ірына Шаўлякова.

Так, пераможцамі конкурсу “Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава, уладальнікамі адмысловых дыпломаў СБП, рыдараў Prestigio і прызоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі” сталі:

Студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны Крысціна Бандурына, якая прадставіла на разгляд журы тэкст “Глабальная роля пасрэднасці”, прысвечаны асобе падпалкоўніка СС Адольфа Эйхмана;

Паэт Антон Рудак. Пераможным стаў яго расповед “Лето, которого не было” — успаміны пра вучобу ў Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа;

Выкладчыца і журналістка Ганна Севярынец з эсэ “Беларуская мова: онтагенэз” пра навучанне аўтаркі на філфаку БДУ;

Аляксей Шэін з расповедам пра падпольны хрысціянскі друк у Беларусі “Святыя падпольшчыкі”;

Хведар Сумкін і яго эсэ “Мая беларускамоўнасць: між здрадаю і кампрамісам”. Як выявілася, за маскай Хведара хаваўся паэт, супрацоўнік рэдакцыі часопіса “Дзяслоў” Анатоль Івашчанка. Сам Анатоль распавёў, што яму патрэбен быў псеўданім — дарэчы, гэта беларускае водгулле знакамітага толкінаўскага хобіта Більба Бэгінса — каб дыстанцыянавацца ад праблемы, якая яму баліць. Бо калі баліць, то некаторы рэчы прасцей казаць пад псеўданімам.

lit_bel.org__assets_images_2_f23936ef0aa6ffcd1f979ee545246f5e.jpeg

Анатоль Івашчанка і Аляксей Шэін

lit_bel.org__assets_images_2_4128c1e29b467b1053d3cd5e77c9b010.jpeg

Андрэй Скурко і Сяргей Календа

Галоўны рэдактар газеты “Наша ніва” Андрэй Скурко назваў лаўрэата спецыяльнай прэміі ад газеты “Наша ніва”. Ён заўважыў:

Вызначаць пераможцу мы вырашылі па некалькіх крытэрыях. Твор мусіў бы спадабацца самому Аляксандру Мікітавічу Уласаву. Што мы пра яго ведаем? Ён шкадаваў, што не стаў пісьменнікам-гумарыстам. Таму складнікам твора-пераможцы мусіць быць гумар. Уласаў не абышоў бы ўвагай сацыяльныя пытанні. Таму ў гэтым творы мусіць прысутнічаць праца. А паколькі цяпер большасць беларусаў жыве ў горадзе, то гэта праца гарадскога чалавека, праца ў сферы паслуг.

Такім чынам, спецыяльны прыз — два тамы “Слоўніка мовы “Нашай нівы” атрымаў пісьменнік Сяргей Календа, які прадставіў на конкурс некалькі эсэ, прысвечаных працы ў сучасным гатэлі.

Творы пераможцаў конкурсу ўжо можна пачытаць на старонцы Саюза беларускіх пісьменнікаў. Асобныя тэксты будуць надрукаваныя ў газетах “Наша ніва”, “Новы час”, часопісе “Дзеяслоў”.

Марына Весялуха для lit-bel.org