Вакно “Ў” свет сучаснага мастацтва
Пераемніца “Падземкі, новая галерэя “Ў, дзе прапісалася актуальнае мастацтва Беларусі, разгарнула свае першыя праграмныя выставы. (На здымку: Работа Уладзіміра Цэслера ў экспазіцыі)
Пераемніца “Падземкі, новая галерэя “Ў, дзе прапісалася актуальнае мастацтва Беларусі, разгарнула свае першыя праграмныя выставы.
(На здымку: Работа Уладзіміра Цэслера ў экспазіцыі)
Як і абяцалі яе арганізатары, Валянціна Кісялёва і Ганна Чыстасердава, пераехаўшы ў больш прасторнае памяшканне па праспекце Незалежнасці, 37 А, яны імкнуцца канчаткова разбурыць уяўленне пра мінскія
галерэі як месца трывіяльнага гандлю арт-аб’ектамі.
Акрэсленую тэндэнцыю выявіла выстава “Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт — першы групавы праект з удзелам 19 беларускіх аўтараў. Сярод стваральнікаў беларускага неа-попу
— як улюбёныя ў “падземкаўскія часы Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка, Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Аляксандр Некрашэвіч, Артур Клінаў, Антаніна Слабодчыкава, так і
менш вядомыя маладыя мастакі. Што істотна, новае памяшканне пашырыла магчымасці арганізатараў: прайшлі рэгулярныя экскурсіі, лекцыі па гісторыі “фундамента стылю
“нэа — уласна поп-арта, дэманстрацыя фільмаў, прысвечаных аднаму з яго бацькоў, Эндзі Уорхалу, дыскусіі.
Канцэпт галерэі сучаснага мастацтва: яна не акадэмічная зала для справаздачных мерапрыемстваў, не салон, але форум, плошча для разнастайных падзей, сустрэч зацікаўленых людзей і дыскусій —
натуральнага спосабу абмену поглядамі і думкамі. Яе залы, адчыненыя сёння з дзесятай гадзіны раніцы да дзесятай вечара, ніколі не пустуюць.
Ідэя праекта “Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт належыць Сяргею Шабохіну, маладому мастаку, сёлетняму выпускніку кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, які паспеў гэтым летам
атрымаць лаўры пераможцы “Беларускага павільёна 53-й Венецыянскай Біенале ў Мінску. Тэма і стылістыка неа-попу папулярныя ў Беларусі. Па словах куратара, у яго была добрая
магчымасць выбару работ, і ён адразу гатовы назваць імёны яшчэ 20 творцаў, што працуюць у гэтым рэчышчы неа-попу.
“Аўтапартрэт Сяргея Шабохіна як візітоўка выставы
Праўда, “гістарычнага поп-арту ў беларускім мастацтве не было, як не было культуры спажывання. Немагчыма ўявіць з’яўленне ў савецкай Беларусі твора кшталту візітоўкі
поп-арта — работы Рычарда Гамільтона “Што робіць нашы сённяшнія дамы такімі рознымі, такімі прывабнымі? (1956), з’едлівага кпіну з амерыканскага замілавання
аднастайным і стандартным побытам.
Рычард Гамільтон “Што робіць нашыя сённяшнія дамы
такімі рознымі, такімі прывабнымі? (1956) фота Euroradio
Савецкі народ тады толькі вызваляўся з галечы, пераадольваў культ Сталіна, сяляне даведваліся, што такое пашпарт. Хіба што ўзніклая на паўстагоддзя пазней праца Артура Клінава
“Капітал — пакоўня з захаванымі ў кладоўцы старымі рэчамі — іранічна апелюе да “капіталу савецкага чалавека, успаміну пра колішнюю нішчымніцу.
Як і ягоная серыя “Смерць піянера, як і “кустодзіеўскае “Чаепитие з Аляксандрам Лукашэнкам замест барыні — яны ўжо з’явы
іранічнага неа-попу.
Але гэтай фронды на выставе няма — неапіянераў і неабарства яе ўкладальнікі прынцыпова не кранаюць, пакідаючы іх у “экспазіцыйнай прасторы рэальнага жыцця за межамі
галерэі. Толькі ўсталяваны пасярод стосу “смецця ў чорных пакетах ва ўнітазе тэлеэкран пазначае трэшавасць ідэалаў і ідалаў, прапагандаваных у прасторы сучасных сродкаў камунікацыі
(інсталяцыя Паўла Вайніцкага).
Праект выяўляе універсалізм вобразаў, брэндаў, ікон масавай культуры, прыналежных да масавай заходняй або савецкай свядомасці, да якіх апелюе беларускі неа-поп. Нацыянальна асаблівае ў ім —
гэта толькі спосаб рэфлексіі і работы з вобразам — “сціпленькі і стрыманы, як іранічна заўважыў адзін з аўтараў галерэі Сяргей Кірушчанка. Неа-поп, як і поп, працуе з
іконападобнымі і сусветна пазнавальнымі вобразамі масавай свядомасці і культуры. І што рабіць, калі для Беларусі такімі можна лічыць хіба Чарнобыль ды Лукашэнку?
З доляй фантазіі, якая ўвасобілася ў перажыванне трансфармацыі поп-ідалаў у неа-поп-ідалаў у аэраграфічных работах Уладзіміра Цэслера — перацяканне твару Джаконды ў твар Чычаліны —
можна было б скласці адпаведныя беларускія пары.
Адсутнасць альбо нявыяўленасць “брэндаў аўтар канцэпцыі выставы малады мастак Сяргей Шабохін у сваіх фотакалажах запоўніў канструяваннем уласнага брэнду —
аўтапартрэта-фотаплаката, ублытанага ў выпадковыя урбаністычныя кантэксты.
Улічваючы, што арганізатары дэкларавалі “ідэалагічны падыход да канцэпцыі паказу — жаданне адказаць на пытанні, чым ёсць поп і неа-поп, ці прысутны ён у Беларусі, ці
з’яўляюцца стварэннем мас-культуры або яе канфрантацыяй, — і “адукацыйнасць мерапрыемства, то мэты яны дасягнулі.
Невялікая кампактная прастора выставы ўдала прадстаўляе розныя тыпы твораў, уласцівыя анансаванай плыні. Архетыповыя праявы стылю, яго спосаб працы з вобразам, формай і колерам, адаптаваныя і
дапасаваныя да свайго светабачання беларускімі мастакамі. “Сціпленька? Не, хутчэй, густоўна: у межах аднаго праекту яго аўтары замест звыклай выставы з адносна адвольным падборам
твораў прапануюць агляд, прадуманую рэфлексію з нагоды адной мастацкай з’явы.
Гаспадары галерэі “Ў абяцаюць і надалей прывабліваць сваіх гасцей падзеямі, што знаёмяць з актуальным сучасным мастацтвам — раім сачыць за іх хадой на сайце галерэі
http://ygallery.by . Альбо папросту ў яе наведаць.