Валер Стралко стаў лаўрэатам міжнароднай літаратурна-мастацкай прэміі імя Рыгора Скаварады

Гэтай прэміяй Украінскі фонд культуры ўганараваў вядомага беларускага перакладчыка «за вялікую падвіжніцкую працу дзеля збліжэння ўкраінскай і беларускай літаратур». Прэмія носіць імя Рыгора Скаварады — славутага ўкраінскага паэта, драматурга, філосафа, вандроўніка  і педагога XVIII стагоддзя.  



stralko_2_logo.jpg

Валер Стралко. Фота Марата Гаравога

19 снежня сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра і Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, лаўрэату Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко і Літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы Валеры.Стралко споўніцца 75 гадоў.

Сярод выданых ім кніг перакладаў — «Непагасны агонь» (творы класікаў беларускай і ўкраінскай паэзіі на дзвюх мовах), «Тарас на Парнасе» (пераклад з беларускай на ўкраінскую мову), «Мелодыі журбы і надзеі» (у калектыўным зборніку пераклад з украінскай на беларускую мову твораў Лесі Украінкі), паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (пераклад з беларускай на ўкраінскую), зборнік паэзіі Алеся Пісьмянкова «Любить би вічно...» (пераклад з беларускай на ўкраінскую мову), раман-хроніка Алеся  Пашкевіча «Майдан Волі» (пераклад з беларускай на ўкраінскую мову), ілюстраваны зборнік «Трыяда славянскай паэзіі» (творы класікаў беларускай, рускай і ўкраінскай літаратур на трох мовах), аповесць Васіля Быкава «Круглянскі мост» (пераклад з беларускай на ўкраінскую мову).

Апроч таго, Валер Стралко пераклаў на ўкраінскую мову п'есу беларускага драматурга Алеся Петрашкевіча «Арліны палёт», прысвечаную ўраджэнцу Беларусі гетману Украіны, аўтару першай яе канстытуцыі Піліпу Орліку і яго сыну Рыгору, анталогію украінскіх апавяданняў і раман старшыні Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны Віктара Баранава «Прытула» (у часопісе «Дзеяслоў»: пераклады з украінскай на беларускую мову), а таксама вядомы твор Святланы Алексіевіч «Час second hand. Канец чырвонага чалавека», намінаваны на Нобелеўскую прэмію (пераклад з рускай мовы на беларускую).

Да 200-годдзя з дня народзінаў Тараса Шаўчэнкі, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, Валер Стралко рыхтуе кнігу перакладаў з украінскай на беларускую мову, прысвечаную жыццю і творчасці паэта і мастака. Адкрывае кнігу прадмова ўкраінскіх літаратуразнаўцаў — акадэмікаў Івана Дзюбы і Міколы Жулінскага да дванаццацітомнага збору твораў класіка ўкраінскай літаратуры. Акрамя таго, у кнігу ўвойдуць 55 вершаў Тараса Шаўчэнкі і яго аўтабіяграфічная аповесць «Мастак», перакладзеныя з украінскай на беларускую мову Валерам Стралко.    

Ён любіць сваю працу і лічыць яе вельмі важнай, бо яна накіравана на папулярызацыю ў свеце твораў геніяў сусветнай літаратуры. Дарэчы, літаратурнымі перакладамі Валер Стралко пачаў займацца ўсяго 15 гадоў таму — пасля выхаду на пенсію.

Перакладчык з вялікім задавальненнем успрыняў ўшанаванне яго прэміяй імя Рыгора Скаварады: «Сваім духам і аскетычнымі адносінамі да жыцця мне вельмі блізкая асоба гэтага чалавека, які лічыцца сімвалам незалежнасці Украіны. Справа ў тым, што я сам шмат вандраваў па свеце, жыў у розных мясцінах, служыў на флоце, скокаў з парашутам, загартоўваўся ледзяною вадою, рабіў далёкія заплывы у мора, хадзіў у пешыя і лыжныя паходы. Я ніколі не гнаўся за пасадамі і раскошай. З даваеннага дзяцінства мне бліжэй аскетычны лад жыцця», — сказаў Валер Стралко ў інтэрвью карэспандэнту НЧ.    

Дарэчы, прэміяй імя Рыгора Скаварады ў свой час былі ўганараваныя беларускія літаратары Сяргей Законнікаў і Ніна Мацяш

stralko_1_logo.jpg