Вар’яцкае чаяванне ў мінскім завулку

У блогера Яўгена Ліпковіча выйшаў зборнік апавяданняў пра Мінск 60-х "Лето из переулка". Гэта першая яго папяровая кніга — мінулая, “Дзевяць”, выходзіла ў электронным выглядзе. Цяпер Чаргінцу будзе што спальваць у адказ, заўважалі на прэзентацыі, якая прайшла ў кнігарні “логвінаЎ”.



1785.jpg

Апавяданні зборніка знітаваныя прасторай аднаго маленькага мінскага завулка, які Ліпковіч памятае з дзяцінства. Рэалістычныя і іранічныя гісторыі пра звычайных яго жыхароў перамяжоўваюцца з афіцыйнымі дакументамі таго часу — лістамі, тэлеграмамі, пратаколамі, якія паказваюць іншае жыццё, на высокім узроўні. Філосаф Уладзімір Мацкевіч, расказваючы пра кнігу, сказаў, што адчувае ў ёй часавую анізантропію, бо цяжка правесці мяжу паміж вобразамі і фактамі, якія аўтар дастаў са сваёй памяці, і даканструяванай, выдуманай рэчаіснасцю, што выглядае нават больш рэальнай за сапраўдную

 “У тэкстах Ліпковіча суцэльныя габрэі, хіпі, творчыя асобы, наркаманы, гарадскія вар’яты, абывацелі, дысідэнты. А дзе вы такое бачылі ў Мінску? Можа, раней яны і былі, я не ведаю, — кажа Мацкевіч, — але па паводзінах лірычнага героя не зразумееш — ці то гэта стары Ліпковіч перасунуўся ў 60-я гады, ці то інфантыльны падлетак перамясціўся ў наш час і нешта згадвае. Выходзіць, што амаль пяцідзесяцігадовы перыяд жыцця нашай краіны, які так ці інакш атрымлівае ўвасабленне ў творах пісьменніка Ліпковіча, — гэта нейкая часавая анамалія”.

Простыя, але з унутраным сюжэтным напружаннем апавяданні пісьменніка Мацкевічу нагадалі творы О. Генры:“Пра што б ні пісаў Ліпковіч — пра злосных імперыялістаў з Амерыкі ці пра бабуліны трусы — у нейкі момант адчуваеш, што аповед сягае новых вяршыняў і зараз павінна быць нешта са сферы фантастыкі ці дэтэктыву, але гэтае нагнятальнае чаканне вяртаецца раптам звычайнай мінскай гарадской местачковай абывацельскай сітуацыяй”.

У кнізе Ліпковіч, безумоўна, стварае габрэйскую атмасферу беларускай сталіцы. “Я не лічу, што гэтая кніга габрэйская, — удакладняе ён. — Але ў ёй ёсць беларуска-габрэйскі погляд. А інакш я і не магу пісаць”.

budzma.by__wp_content_gall_089890944ae68769bae4d1ed5d5198c6.jpeg

Прэзентацыя паводле задумы мусіла праходзіць у фармаце “вар’яцкага чаявання” — відэаразвагаў з неахопным дыяпазонам тэмаў, якія Ліпковіч запісваў і выкладваў у інтэрнэт разам з Мацкевічам. Дзейныя асобы гэтым вечарам былі тыя ж, чайнік стаяў на століку, а гледачы, сярод якіх было і шмат пажылых прыхільнікаў блогера, задавалі пытанні пра што заўгодна, часам нават здзіўляла, чаму гэта магло іх зацікавіць. Ліпковіч адказваў імпэтна і хутка, захлёбваючыся словамі і скачучы ў іншыя тэмы. Яго пыталі, напрыклад, ці ўступаў ён у камсамол і ці знаёмы з Адамам Глобусам, што думае пра Кацярыну Кібальчыч і ці чытаў Кузьму Чорнага. Апошняе пытанне ўзнікла, бо рэдактарам кнігі быў Мікола Раманоўскі — унук класіка.

“Мне было прыемна працаваць над гэтай кнігай, бо яе не трэба было перапісваць ад пачатку і да канца. А яшчэ яна вельмі цёплая. Я знайшоў пераклічкі і з маім дзяцінствам, хоць яно прыпала на іншы час, ды і я быў з іншага раёна”, — сказаў рэдактар.

Адказваючы на пытанні, Ліпковіч сказаў таксама, што ніхто з любімых пісьменнікаў, апрача, можа, Бабеля, не паўплываў на ягоны стыль. “Мае любімыя кнігі — увогуле “Горад” Саймака і “Уся каралеўская раць”, якую я даў адной жанчыне пачытаць і сапсаваў ёй жыццё, бо пасля гэтага яна пайшла ў ЕГУ на паліталогію”.

Доўга і ў яркіх фарбах апісвае “школу жыцця”, якую прайшоў падчас працы на заводах — на фурнітурным, на “Гарызонце” і на “МАЗе: “І вось зменшчык вылівае дзве бутэлькі партвейну сабе ў глотку, і ў яго нават кадык не рухаецца. І потым ён ідзе руліць на каардынатарным станку”. “Абы-што, абы-што”, — недаверліва хітае галавой бабуля ў зале. “Спытайце ў яго што-небудзь іншае”, — просіць Мацкевіч, які ўвогуле выступае рэферы ў гэтай сапраўды трохі вар’яцкай дыскусіі, ён увесь час стрымлівае Ліпковіча: “Не злоўжывай увагай”, “Ты пісьменнік ці гаварун?”

budzma.by__wp_content_gall_afe9968970e0adc3aa4be8d84d297e77.jpeg

Задаюць і звычайнае для рускамоўнага аўтара пытанне з прэтэнзіяй: “Чаму не на мове?” “Я думаю па-руску. Але ў мяне вельмі пазітыўнае стаўленне. Мала таго, я прыхільнік аднамоўя, каб дзяржаўнай была толькі беларуская. Я вельмі лёгка загавару, калі мяне будуць пытаць па-беларуску прадавачкі ў крамах і сантэхнікі. Трэба, каб гаварыў народ, а не вузкае кола рэвалюцыянераў”, — апраўдваецца Ліпковіч.

Увогуле пасля прэзентацыі асоба Ліпковіча падзяляецца — на блогера і такога пратэстнага акцыяніста, які вядзе бойку за кефір, спальвае кнігі ў парку ды балатуецца ў дэпутаты, і на пісьменніка, які ставіцца да сваёй кнігі з аўтарскім трымценнем і сур’ёзнасцю. Кнігу Яўген Ліпковіч лічыць шчырай і жыццесцвярджальнай: “Яна здольная выцягнуць чалавека з жудаснага стану, з дэпрэсняку”, — дадае ён.

Аляксандра Дорская, budzma.by

Фота – Зарына Кандрацьева