Верашчака з «Новай зямлі» і калдуны з «Дзікага палявання караля Стаха»: у Мінску пройдзе кніжны гастратыдзень
Сталічныя ўстановы ўпершыню прапануюць сваім гасцям стравы, апісаныя ў кніжных бэстсэлерах, з 31 студзеня па 10 лютага. Больш за 10 кафэ і рэстаранаў горада прадставяць сваё бачанне страў з раманаў Уладзіміра Караткевіча, Джона Толкіна ці Брэма Стокера. Гастра тыдзень дапаможа смачна пачаць галоўную літаратурную падзею года — 26-ю Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая пройдзе з 6 па 10 лютага на некалькіх буйных пляцоўках горада.
Верашчака з «Новай зямлi», калдуны з меню караля Стаха, грачаныя аладкі ад няні Скарлет О'Хара, «хобітаўскі» пірог са свінінай або арэхавы суп ад Рапунцэль? Кожная ўстанова прапануе гасцям па 5 страў на выбар. Хоць, вядома, можна замовіць і ўсё адразу.
Дзве з пяці страў літаратурнага меню ўстановы прыгатуюць па рэцэптах беларускай кніжнай класікі — творах Якуба Коласа «Новая зямля» і Уладзіміра Караткевіча «Дзiкае паляванне караля Стаха». Тры астатнія — па сваім меркаванні. Гэта будуць кулінарныя фантазіі па кнігах Джорджа Марціна, Джона Толкіна, Агаты Крысці, Брэма Стокера і іншых вядомых аўтараў. Адзінай цаны на стравы не прадугледжана. Госці змогуць выбраць сабе як лёгкую закуску ў выглядзе селядцовай салаты ад Астрыд Ліндгрэн за 3 рублі, так і кілаграмовы імператарскі пачастунак з марскіх далікатэсаў за 48 рублёў. На яго прыгатаванне кухараў натхніла сям'я Ланістэраў з культавага рамана «Песня лёду і полымя».
У гастратыдні ўдзельнічаюць 13 устаноў па ўсім горадзе — ад рэстаранаў да пабаў і службаў дастаўкі: «Beef and Beer», «Янцзы», «Буфет», «Высота 281», «Коммуналка», «Семь комнат», «Мустанг», «Cafe Netto», «Владимирский очаг», «Шампань Паб», «Дом папочки.бай», «Оливье», «Вестфалия».
Гастратыдзень пройдзе ў рамках 26-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, арганізатарам якой выступае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Яна збярэ на сваіх пляцоўках тысячы кніг з 34 краін свету, стаўшы найбуйнейшай кніжнай падзеяй года. Наведвальнікаў чакае знаёмства з дзіўнымі артэфактамі кнігадрукавання, такімі, як першы ў свеце буквар, арыгінальная кніга Францыска Скарыны 1522 года, друкаваная тэхніка і пісьмовыя прылады 19-20 стагоддзяў. Арганізатары выставы таксама падрыхтавалі для гасцей сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі, тэматычныя квэсты, кінапаказы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы і інтэрактыўныя чытанні.
Сачыць за праграмай выставы, а таксама за кніжным меню можна ў сацыяльных сетках па хэштэгу #смакчытання.
Паводле прэс-рэлізу