Вернісажы бліжэйшых дзён
У бліжэйшыя два дні шаноўную мінскую публіку і гасцей сталіцы чакаюць чатыры вернісажы.
Нонканфармізм 1980-х
Першы адбудзецца ўжо сёння, 22 красавіка 2015 г., а 19-й гадзіне ў прыватнай галерэі “Ў” па адрасе праспект Незалежнасці 37а, гэта раён станцыі метро “Плошча Перамогі”.
Апошнія некалькі год галерэя з’яўляецца безумоўным лідарам па колькасці авангардных праектаў і адукацыйных праграм, звязаных з сучасным мастацтвам. Сённяшняя імпрэза мусіць стацца нешэраговай нават у гэтым выключным шэрагу.
Знакавая постаць беларускай культурнай прасторы, мастак, пісьменнік, кінарэжысёр і выдавец часопіса “pARTisan” Артур Клінаў пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Мінску прэзентуе Выставачны праект-дакумент “Мінск. Нонканфармізм 1980-х”. Разынка сітуацыі ў тым, што сам куратар, Артур Клінаў, непасрэдны і не апошні ўдзельнік таго самага нонканфармісцкага руху.
Уражвае і спіс асоб, чые архівы выкарыстаны для арганізацыі паказу: Вольга Архіпава, Адам Глобус, Гузэль Заляева, сам Артур Клінаў, Юры Ігруша, Сяргей Кірушчанка, Ігар Корзун, Уладзімір Парфянок, Андрэй Плясанаў, Віктар Пятроў, сям’я Сурскіх, Дзмітрый Строцаў, Аляксандр Угляніца, сям’я Хацкевічаў, Віталь Чарнабрысаў, Дзмітрый Ярмілаў. У спісе – мастакі, калекцыянеры, паэты, журналісты, фатографы. Пэўна, агляд чакаецца ўсебаковы і нестандартны, як самі арганізатары.
Вось пытанні, якія ставяць перад сабой і на якія імкнуцца адказаць аўтары: “Што гэта быў за час? Кім былі яго ключавыя фігуры, і як гэтыя мастакі выжывалі і працавалі насуперак
абставінам? На каго яны абапіраліся і каму адрасавалі свае маніфесты? Як разумелася мастацтва, і чаму менавіта яно зрабілася прастораю для жэсту свабоднага чалавека? Нарэшце, чаму авангард і чаму
(дагэтуль) у андэграўндзе?”
Пэўна, нас чакае не проста выстава, а міні-энцыклапедыя. Лепш прыходзіць непасрэдна на вернісаж – спаткацца і пазнаёміцца з героямі паказу. Выстава зачыніцца 10 траўня.
Геніяльныя дзілетанты
Асабліва цікава тое, што выстава "Мінск. Нонканфармізм 1980-х" будзе своеасаблівым адказам на выставу "Геніяльныя дзілетанты", прысвечаную авангардным субкультурам 1980-х гадоў у Германіі, якая адкрыецца на наступны дзень 23 красавіка а 18-й гадзіне у Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску — на Някрасава, 3 (працуе па 13 траўня). Выдатная магчымасць непасрэднага параўнання, у якім ніхто не прайграе, а культуры ўзбагачаюцца. Спонсар гэтага паказу таксама Інстытут імя Гётэ ў Мінску.
Вертыкальныя вуглы
На наступны дзень, 24 красавіка аматараў жывапісу чакае не менш знакавая падзея. У Музеі сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці, 47 па 23 траўня будзе дэманстравацца экспазіцыя твораў Валянціна (бацькі) і Аляксея (сына) Губаравых “Вертыкальныя вуглы”.
У дакладных навуках, як сказана ў анатацыі, вертыкальнымі вугламі называюцца два вуглы з адной вяршыняй, утвораныя перасячэннем дзьвух самастойных ліній. Маецца на ўвазе, што мастакі-сваякі кожны маюць свой асаблівы непадобны і абсалютна незалежны выяўленчы свет. І калі Валянціна Губарава, з ягонымі іранічнымі, багатымі дэталямі і сэнсамі псеўда-наіўнымі кампазіцыямі гледачы ведаюць цудоўна, то з “сумессю дэкаданса, мінімалізма і экспрэсіянізма” ў творчасці Аляксея Губарава (фармулёўка самога мастака) публіка знаёмая значна менш. Што ж, з’явілася нагода выправіць дысбаланс.
Музей майго імя
І нарэшце, як працяг тэмы інсіту, заяўленай работамі Валянціна Губарава – выстава, якая адчыніцца на гадзіну пазней, а 18-й, у той жа дзень 24 красавіка (і будзе працаваць па 13 траўня) у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на плошчы Свабоды, 15. Там можна будзе пабачыць творы Васіля Жарнасека ў праекце “Музей майго імя”. Мастака-самародка, які засвоіў жывапіс пасля 1944 г., калі напрыканцы вайны 15-гадовым хлапчуком страціў правую руку і вока, няма ўжо амаль 20 год. Але сіла волі дапамагла яму ў свой час зрабіцца вядомым на ўвесь СССР. Да наведвальнікаў выставы аўтар звернецца 30 карцінамі і асабіста — праз фільм-інтэрв’ю 1990 года.