Ад жанчынаў чакалі іншага. Вяртанне забытай пісьменніцы

У Вільні рыхтуецца зборнік твораў вядомай дзяячкі, рэдактаркі, перакладніцы і пісьменніцы, у якой пры жыцці і дасюль не выйшла ніводнай кнігі.

Вандзя Лявіцкая

Вандзя Лявіцкая

Апавяданні, абразкі, вершы, успаміны выходзілі ў раскід пры жыцці Ванды, ці як падпісвалася сама пісьменніца, Вандзі Лявіцкай (1895-1969), але ў бутарысіцы жыцця ёй даводзілася цяжка, ёй прыходзілася спалучаць цяжар сямейнага клопату, які тады і цяпер кладзецца пераважна на жанчыну, гвалт дзяржавы, высылку і смерць на чужыне. У пісьменніцкай і публічынай дзейнасці Вандзя Лявіцкая так і засталася ў цені слыннага мужа — Язэпа Лёсіка, а часам заставалася ў цені выбітнага бацькі Ядзвігіна Ш.
Яна ахвяравала сваім талентам дзеля мужа і сям’і. А мы праз гэта не даатрымалі пісьменніцу… І тым не менш, яна была таленавітая, палымяная, прынцыповая, дзякуючы бацьку і адукацыі, яна адразу добра ўмела пісаць па-беларуску. У існасці В. Лявіцкая разам з Цёткай — адна з першых сучасных беларускіх празаіц — першы ейнае апавяданне “Бацькаўшчына” з'явілася ў 1909 годзе. Зоська Верас, Леаніла Чарняўская, Паўліна Мядзёлка і іншыя празаіцы пачнуць друкавацца пазьней.
Палымянасць ейная застаецца хрэстаматыйнай: спрэчка Ванды Лявіцкай з Палутай Бадуновай наконт таго, што ж важней — нацыя ці сацыялізм, інтарэсы нацыі ці інтарэсы клясы будуць важныя не адно дзесяцігоддзе, што адбіваецца і на цяперашняй афіцыйнай Беларусі, якая ня можа вызначыцца ў сваіх інтарэсах. У вядомай спрэчцы і, канечне, у сваіх тэкстах Ванда Лявіцкая засталася прынцыпова адданай інтарэсам нацыі. Да гэтай жа думкі пад канец жыцця вернецца і Палута Бадунова, але будзе ўжо позна…
Усе ведаюць таксама пра цікавае і неадназначнае ліставанне Вандзі Лявіцкай з Максімам Багдановічам, удалы шлюб і досыць плённы інтэлектуальны хаўрус з Язэпам Лёсікам, але мы часта забываем, што грамадства ды і мужчыны, якія былі побач з ёю, не дазволілі ёй, не падтрымалі смялей аддацца пісьменніцтву. Выходзілі кнігі якасныя і не дужа, напісаныя многімі мужчынамі-аўтарамі, а вось творы — празаічныя, паэтычныя — жанчынаў у кнігі афармлялі значна радзей і з большымі цяжкасцямі.
Бо ад жанчынаў чакалі іншага, іх рэдка ўспрымалі ўсур’ёз і на літаратурнай ніве, а таму часам моцныя і цікавыя тэксты, напісаныя пісьменніцамі дасюль застаюцца ў старых газетах і часопісах. Таму беларускіх пісьменніцаў часта прымушалі хварэць на такую з'яву, як пісьменніцтва без кнігаў: яны пішуць, іх недзе друкуюць, але асобных кнігаў так і не выходзіць. Гэта, няма сумневу, тыпова патрыярхальны феномен.
Такім парадкам, з вялікім спазненнем вяртаем, аднаўляем творчую спадчыну Вандзі Лявіцкай і рыхтуем ейную першую кнігу, каб сцвердзіць, што яна — пісьменніца кнігі.
Вашай увазе прапануецца абразок “Задушкі”, які быў надрукаваны ў 1919 годзе ў газеце “Беларусь”. Гэты абразок гучыць як паганская малітва, як верш у прозе. Да ўсяго гэта цікавы этнаграфічны прыпамінак пра свята, якое адзначаюць 2 лістапада каталікі, у тым ліку і беларускія каталікі — Задушкі ці Задушны дзень. Свята, якое накладаецца ці часам зліваецца ў каталіцкай традыцыі з Дзядамі. А з улікам ночы расстраляных паэтаў ды Курапатаў наагул тэкст становіцца яшчэ больш актуальным.
Задушкі
абразок
Задушкі… Імглісты васеньні вечар, цёмнае, мутна-шэрае, бяззорнае неба – неба восені – на мерзлай зямлі ценкая пяленка першага сьнегу. Жалобным цалуном пакрыў сьнег магілы і прыбраў у бель-бялявае вецьце адвечных бяроз на магільніку.
— Вечны адпачынак!
На цямнеючым што-раз больш небе рэзка абрысоўваюцца яркія рознаколерныя ліхтарні, быццам скрыдлы невядомых птушак плывуць над галовамі людзей чорна-жалобныя пратэсы…
— Вечны адпачынак!
За ўсіх тых лепшых сыноў бяздольнай Бацькаўшчыны нашае, што ў адраджэньне яе, як у сьвятасьць, верылі, дзяля яе жылі і працавалі, што ў змаганьні за яе лепшую будучыню жыцьцёвыя сілы свае страцілі, і сьпяць цяпер сном вечным… За тых, што ў халодны Сыбір за імя Беларусі пашлі, за тых, каго доля ў апошнія гады жыцьця ад нівы роднае назаўсёды адарваўшы, кінула ў чужыну… За ўсіх тых, каму ня сьвеціць цяпер радзімае васеньне неба, хто ў чужыне голаў злажыў, веручы ў лепшую долю Маці-Беларусі…
— Чэсьць вашай памяці, лепшыя сыны свае старонкі!
Плывуць у гарэ жалобныя пратэсы. Чорна-белым вірам укрыта ўсё кругом.
— Вечны адпачынак!
… За ўсіх тых, хто ў гэтым годзе ад нас адыйшоў. За гэту шарэнгу гробаў, старых, маладых і малых…За гэтыя надзеі, мары — лятуценьні, якія памерлі разам з імі… Лунае жалобны матыў сьвятое песьні. З падагрэтых сьвечкамі вецьцяў старых бяроз сыплюцца дробныя, чыстыя сьнегавыя сьлёзы. На магілкі сыплюцца – на даўнейшыя старыя, аб якіх ужо і памяць загінула, і на сёлетнія, новыя, якіх сьвежы жоўты пясок дзе-ня-дзе прасьвечвае праз ценкую насьцілку сьнегу. На магілкі сыплюцца — як сьлёзы людзкія…
— Вечны адпачынак!
… За тых, хто пад гэтымі старымі бярозамі вечны спакой знайшоў… За гэту вось магілку, да каторой грудзьмі прыпала дзяўчына і енкам балесьці рэжа паветра, за гэту во магілку, над каторай ціхую малітву шэпча старац, за гэты малы жоўта-белы курганчык, над каторым, бяз слоў, бяз сьлёз і енку, як акамянелая скланілася кабета-маці. Няма ў яе ні сьлёз, ні малітвы, - як няма на сьвеце большага болю, як боль маці над магілкаю дзяціны свае… Тысячамі сьвечак-зор зьяюць магілы. Любячая рука старанна прыбрала месца апошняга памяшканьня. Пакуль шорна зімы ў ледзякі апранае галіны старых бяроз, а белы сьнег зраўняе гэтыя дарагія сэрцу ўзгоркі – хай яшчэ раз, апошні перад зімой, пагасьцяць тут жывыя…
— Вечны адпачынак!
… За тых, хто зор-сьвечак на сваёй магіле ня мае, хто нечаканай-негаданай, а гвалтоўнай сьмерцю з рукі чужынца ў лесе цёмным, у падвале сырым марна загінуў…Хто і магілы спакойнай ня мае, за жыцьця пакуту прайшоўшы… Гудуць хаўтурныя званы. Сумна-паважны гук нясецца ўвакол, вось так, як тагды, калі апошнюю хату ў дол спускалі… Калі над гэтым дарагім долам не сьнег вые, а людзкія сьёзы гора-балесьці ліліся…\
— Вечны адпачынак!
… За тых, каму не званы з высокай вежы, а гук гармат і куляў хаўтуры званілі, чыя магілі ў чыстым полі, пры бітым шляху, у лесе цёмным, у лузе чыстым параскіданы… Расьцярушаны па ўсёй зямельцы, як гора людзкое… За тыя курганы-вежы, дзе разам даўнейшыя ворагі сном вечным сьпяць, у сьмерці братэрствам зьяднаўшыся. За тых, над чыімі магіламі толькі вецер галосіць, а дождж сьлёзы лье, за гора тых усіх, хто дома вочы выплакаў, здарма чакаючы… А цаною гэтых магіл нашае жыцьцё і дабрабыт куплены… Гудуць званы, хвалююцца чорна-жалобныя пратэсы, нясуцца сумна-паважныя зыкі хаўтурнай песьні, гараць-мігацяць агнём прыбраныя магілы…
— Вечны адпачынак, вечная слаўная памяць, хай будзе вам, магілы без магільніку! Хай вам зямелька-маці памінкі справіць, хай сьнег срабрыстымі агнямі-зоркамі прыбярэ, вецер хаўтурную песьню жалю засьпявае… А людзі, з пакаленьня ў пакаленьне, вам памінкі сэрцам спраўляць будуць…
— Чэсьць вашай памяці!..
Вясёлка (Вандзя Лявіцкая) // Беларусь, 5 лістапада, 1919.