
Але, канечне, гэты цуд тычыцца ўсіх беларусаў-ак, беларускай і нават франкамоўнай літаратуры. Нарэшце, знайшоўся доказ таго, што Тодар Мазура зьяўляецца аўтарам аповесьці ці, паводле ягонага азначэньня, апавяданьня па-француску «Jean et Jacques ou le faux paradis» (Жан і Жак, альбо Падроблены рай) — аб жыцьці і пошуках савецкага беларуса, апынулага ў выніку Другой сусьветнай вайны на Захадзе. Пад псэўданімам N. Niva хаваўся невядомы дасюль пісьменьнік і грамадзкі дзяяч Тодар ці Хведар Мазура (1921 — пасьля 1990 г.).
Улетку 1953 году асабліва інтэнсіўна два беларусы ліставаліся наконт апавяданьня па-француску. Тодар Мазура жадаў надрукаваць апавяданьне ў Бэльгіі, але ж супрацоўніца рэлігійнага выдавецтва мадмуазэль Сасэн параіла яму зьвярнуцца ў францускае выдавецтва, а яшчэ лепей да сп. Льва Гарошкі. Праз вялікую занятасьць а. Гарошка не адразу змог азнаёміцца з тэкстам. Адсюль пачалася незадаволенасьць маладога аўтара, які вельмі чакаў ацэнкі. Калі ж а. Гарошка прачытаў апавяданьне, пахваліў актуальнасьць і важнасьць пасланьня, але ж параіў дапрацаваць тэкст моўна і літаратурна, то Т. Мазура ўступіў у спрэчку, выказаўшы нязгоду. Невядома, ці дапрацаваў потым свой тэкст Тодар Мазура, але вядома, што ён так нідзе і ня быў апублікаваны. Таму і апынуўся ў архіве Л. Гарошкі. Сам тэкст быў напісаны ў 1952-1953. Зь лістоў за 1950-1951 бачна, што ў Лювэне Тодар Мазура актыўна вывучаў францускую мову: ён пастаянна падкрэсьліваў, што мовай авалодвае хутка і аддае ёй усе сілы. І, такім парадкам, ён схавана спрабаваў свае літаратурныя сілы па-француску.
Аўтабіяграфічныя элемэнты хаваюцца ў шматлікіх апісаньнях — гэта таксама пралівае сьвятло на аўтара. Аповесьць цікава і дакумэнтальна дапамагае рэканструяваць лёс беларуса, якога вайна выкінула на заходні бераг, і лепей зразумець пошукі і праблемы тагачасных беларусаў-эмігрантаў. Яшчэ адна прычына публікацыі аповесьці Тодара Мазуры крыецца ў наладжваньні нябачнай сувязі паміж Беларусьсю і Бэльгіяй, распачатай задоўга да незалежнасьці Беларусі і прызнаньня яе Бэльгіяй. Зрэшты, счакаўшы 70 год, вяртаньне Тодара Мазуры як пісьменьніка, падштурхне працягнуць пошукі ягоных сьлядоў у самой Беларусі, куды ён вярнуўся за савецкім часам па дасюль невядомай прычыне.