Восеньская фольк-недастатковасць ліквідаваная: у Мінску прайшоў фестываль «Раёк» (фота, відэа)

У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея 14–15 верасня прайшоў фестываль традыцыйнай музыкі «Раёк». Мінчукі пабачылі і вясковыя гурты, і гарадскіх пераймальнікаў, і гурты, якія інтэрпрэтуюць традыцыйную музыку ў сучасных стылях. Можна сказаць, восеньская фольк-недастатковасць праз тое, што сёлета няма фестывалю «Камяніца», «Райком» ліквідаваная!

zahadnaja_2019_09_15_a._ljaszkevicz_0027_logo.jpg


Фестываль «Камяніца» летась прайшоў дзясяты раз, а сёлета святкаваў бы дзесяць год з першай імпрэзы, але ў галоўнага спонсара, банка БелВЭБ, памяняліся прыярытэты ў галіне дабрачыннасці. У выніку — няма грошаў, дык няма і фестывалю. А «Раёк» пайшоў іншым шляхам. Абвясцілі збор сродкаў праз краўдфандынг, можна было перадзамовіць квіткі на фестываль ці новы CD праекта «Традыцыя», прысвечаны застольным песням. Грошы паспяхова сабралі. Па словах галоўнага арганізатара фестывалю «Раёк» Сержука Доўгушава, шмат падтрымкі было ад беларусаў замежжа. Яны проста хацелі, каб быў такі фэст, хоць самі і не збіраліся на яго. У выніку з тых, хто падтрымаў «Раёк» праз краўдфандынг, на імпрэзу прыйшла добра, калі палова, а асноўная частка наведвальнікаў фестывалю набывала квіткі на ўваходзе.

2019_09_15_a._ljaszkevicz_0003_logo.jpg

Карэспандэнтка «НЧ» трапіла толькі на другі дзень фестывалю і з абеда назірала рост колькасці наведвальнікаў у геаметрычнай прагрэсіі. Дзіцячая праграма ад каманды Vir-vir і гурта «Калыханка» ва ўнутраным дворыку гістарычнага музея, потым выступленні музыкаў Дударскага клуба, свята габрэйскіх песень і танцаў Zingeray. 



Публіка з энтузіязмам спявала на ідыш і вучыла габрэйскія танцы беларускіх мястэчак. Сюрпрызам стаў беларускі танец «Мяцеліца», сыграны ў клезмерскай манеры (клезмер — габрэйскі музыка). Праўда, ходзяць чуткі, што папулярная на сённяшніх танцавальных вечарынах мелодыя «Мяцеліцы» не так даўно прывезена з Украіны, а як гучала беларуская «Мяцеліца», ніхто не ведае… Карацей, жыве братэрства народаў!


Яшчэ больш народу падцягнулася на канцэрт палескіх гуртоў, што праходзіў у адной з выставачных залаў музея. Выступілі гурты з Дзятлавічаў Лунінецкага раёна, Церабня Пінскага, Хатынічаў Ганцавіцкага. Яны спявалі песні сваіх родных вёсак і трошку распавядалі пра даўнейшыя абрады. За палешукамі выступалі лірнікі Алесь Лось, Сяргей Чубрык, Кацярына Радзівілава і Алесь Жукоўскі. Публіка даведалася, што беларуская колавая ліра мае арабскае паходжанне, у Заходняй Еўропе выкарыстоўвалася для забаў (на ёй гралі пераважна танцы), а ў нас на ліры акампанавалі, выконваючы псальмы. Але беларускія танцавальныя мелодыі на колавай ліры падчас «Райку» таксама прагучалі.

2019_09_15_a._ljaszkevicz_0009_logo.jpg

Потым у фармаце сапраўднага застолля прайшла прэзентацыя дыска бяседных (застольных) песень, а пасля яе — танцавальны сэт ад любанскіх музыкаў, якія даволі часта прыязджаюць у Мінск. Як паведаміў Сяржук Доўгушаў, шмат людзей наведала фестываль «Раёк» таксама 14 верасня, калі выступалі сучасныя гурты, значнае месца ў творчасці якіх мае традыцыйная музыка.

2019_09_15_a._ljaszkevicz_0034_logo.jpg

Ці ёсць «Раёк» мінскай рэінкарнацыяй «Камяніцы», якая праходзіла ў вёсцы Азярцо, на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту? І так, і не. Некалькі гадоў на «Камяніцы» працавала пляцоўка для аўтэнтычных гуртоў і гуртоў-пераймальнікаў, асобна ад галоўнай сцэны з больш сучасным гучаннем. Гэта пляцоўка, можна сказаць, увасобілася цяпер у Мінску. Але ўсё ж сучасная музыка з этна-матывамі, па якую большасць наведвальнікаў, напэўна, і ехала на «Камяніцу», на «Райку» не стала галоўнай. У фестывалю іншая канцэпцыя. Арганізатары хацелі паказаць мінчукам беларускую традыцыйную музыку ў максімальна набліжаным да першакрыніц выглядзе. І, здаецца, першы блін атрымаўся зусім не комам.

 


Фота і відэа Алены Ляшкевіч