Вышыванка вяртаецца з трыумфам

У сацыяльных сетках кіпяць сур'ёзныя жарсці, якія справакавала... беларуская вышыванка, а дакладней масавае захапленне нацыянальнай вышыванай кашуляй, якое пачалося нядаўна. Тых, хто не прымае вышыванкі, папракаюць у нелюбові да радзімы, а тых, хто купіў і носіць  у атаясамленні Беларусі і сельскага ўкладу жыцця, ад якога беларусы ўжо сышлі.



Раней усё вышывалі дома 


Вышыванкі на тэрыторыі Беларусі насілі здаўна. Але, як піша ў сваёй працы «Зберагаючы беларускасць» даследчык Вольга Лабачэўская, вышывальны промысел, у адрозненне ад ганчарнага, бондарскага, ткацкага, не быў распаўсюджаны ў Беларусі. Вышыванне лічылася хатнім заняткам: кожная жанчына вышывала вопратку, ручнікі для сябе і сваёй сям'і, у лепшым выпадку — на заказ сваёй суседцы. На рынак вышыванкі не пастаўляліся. У царскай Расіі не было ніякай падтрымкі беларускім вытворцам-саматужнікам, якая ў іншых расійскіх губернях ажыццяўлялася праз земства, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі іх не было. 
Творчасць народных майстрых мінулага не выходзіла за межы іх вёскі ці нават дома. Падчас вывучэння саматужных промыслаў Магілёўшчыны член губернскай управы І. Мусерскі зрабіў выснову, што саматужныя вытворцы Магілёўшчыны застылі ў сваім развіцці на той стадыі, што і іх далёкія продкі. 
Але, нягледзячы на адсутнасць земскай падтрымкі, у пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі з'яўляюцца майстэрні, у якіх вырабляюць тканіны, шыюць з іх вырабы і вышываюць іх. Адна такая майстэрня існавала ў Краснастоцкім Святабагародіцкім жаночым манастыры, іншая карункавая майстэрня знаходзілася ў Мсціславе. А Гродзенская вышывальная паказальная майстэрня, якая належала Караліне Берэнс, была вядомая па ўсёй Расіі. Майстэрня давала працу вышывальшчыцам Гродзенскай вобласці. Самымі папулярнымі былі старадаўнія арнаменты XVI-XVII стагоддзяў. 

Пачатак стагоддзя — трыумф адкладаецца 


У 1913 годзе беларуская вышыванка ўпершыню была выстаўлена на грамадскі агляд — у Вільні прайшла «Першая раённая выстава саматужнага промыслу і народнай творчасці», дзе былі прадстаўленыя вырабы беларускіх і літоўскіх майстроў. Наведвальнікі, паглядзеўшы выставу, ацанілі, што вялікая частка старасвецкай народнай культуры ўжо страчаная. 
Падтрымку атрымалі народныя промыслы ў міжваеннай Польшчы, там нават быў прыняты закон аб народных промыслах, бо эканоміку краіны трэба было развіваць усімі спосабамі. Гэты закон падштурхнуў развіццё народных промыслаў, а сярод іх і вышывальнага, у Заходняй Беларусі. Народная творчасць апекавалася Міністэрства прамысловасці і гандлю. Ствараліся першыя вытворчыя кааператывы, кірмашы народных промыслаў, якія заключалі дамовы з крамамі ўсёй Польшчы. Палескае таварыства дапамогі народным промыслам налічвала ў сваіх шэрагах больш за 100 чалавек. У 1935 годзе яно адкрыла ў Брэсце магазін палескіх народных промыслаў, дзе прадаваліся тканіны, вышытыя ручнікі, абрусы з сурвэткамі, вышытыя карціны. Энтузіясты ўсяляк імкнуліся зацікавіць гарадскіх пакупнікоў вырабамі вясковых «саматужнікаў», але гэта ў іх не вельмі атрымлівалася. Тады цікавасць у грамадстве да традыцыйнай культуры і ручной працы была невялікая, аддавалі перавагу фабрычным вырабам.

Прызнанне прыйшло сёння 


А сёння беларусы палюбілі нацыянальнае адзенне — вышыванкі. Людзі аддаюць немалыя грошы, каб набыць іх у свой гардэроб, фатаграфуюцца ў вышыванках і выкладваюць фота ў сацыяльных сетках, прыходзяць у іх на святы і дні нараджэння. 
У Беларусі вышыванкі вырабляюць на РУП «Слуцкія паясы». На сайце прадпрыемства прадстаўлены па некалькі мадэляў мужчынскіх і жаночых кашуль, народныя і сцэнічныя касцюмы. Не прэтэндуючы на сцэнічны касцюм, нават простую вышытую кашулю купіць у мінскіх крамах складана.
У краме «Лянок» некалькі вышыванак ёсць. Вельмі прыгожыя жаночыя — але велізарных, нехадавых памераў, кошт — Br1, 6 млн. Мужчынская вышыванка каштуе ад Br 600 тысяч, але тут вышыты толькі каўнер і таксама ёсць не ўсе памеры. Калі прывязуць новую партыю — невядома. «Вышыванку разбіраюць вельмі добра, і нашы людзі, і турысты», — кажуць прадаўцы крамы. 
Але купіць вышыванку можна не толькі ў сувенірнай краме. У Беларусі працуюць дзесяткі майстрых, якія робяць іх на заказ. «Вышываю я кашулі і вясельныя сукенкі ўжо пяць гадоў. Спачатку іх заказвалі на вяселле, цяпер — для таго, каб вышыванка была ў гардэробе. Раней у год я вышывала две-тры вясельных сукенкі і 15-18 вясельных кашуль. Цяпер у мяне на вышыванкі чарга, яна распісаная да лістапада», — распавяла «Інтэрфакс-Захад» народны майстар Юлія Літвінава. 
Заказваюць вышыванкі і беларусы, і замежнікі. Паслугі майстрых не танныя — багатая вышыванка можа каштаваць 700 даляраў, простая — 300.
Карына Адэсенка год таму заснавала ўласную марку вопраткі «Адзенне Honar» і рэкламуе яе ў сацыяльных сетках. «Я не раблю класічныя беларускія вышыванкі. Мы ствараем сучасную беларускую вопратку з выкарыстаннем традыцыйных матываў, у тым ліку вышыўкі», — сказала яна «Інтэрфакс-Захад». 
Адзенне ў нацыянальным стылі ад Карыны танней, чым традыцыйная вышыванка ад майстрыхі або з крамы. Пакуль марка прапануе некалькі самых папулярных відаў арнаменту на вопратцы — для жанчын арнамент, які сімвалізуе прыгажосць, а для мужчын — мужнасць. У будучыні выбар арнаментаў будзе пашыраны. Карына не лічыць, што канкуруе з дзяржаўнымі фабрыкамі мастацкіх вырабаў — «гэта як людзі купляюць вопратку ў «масавых» крамах і ў дызайнераў». Сацыяльны партрэт пакупніка Карына вызначыць не можа, але ўсе пакупнікі — людзі, якія цікавяцца беларускай культурай. «У кожнага народа свае традыцыі. І добра, калі людзі пра іх памятаюць», — сказала Карына Адэсенка. 
Таццяна Каліноўская, interfax.by