X-Files і той, хто іх любіў

Нашая краіна не згадвае пра 1980-я. Яна ў іх жыве. Нашыя дзяржаўныя рэжысёры толькі і могуць размаўляць на той мове, якую вынайшла Дзяржкіно на мяжы 1970-х —1980-х. 

header3_stranger_things_80s_movies_800x400.jpg


У лютым гэтага года я спампаваў прэм’ерны эпізод дзясятага сезона X-files і з пэўным хваляваннем усеўся глядзець, што атрымалася з аднаўлення культавай забавы майго юнацтва. Усё было трушна: і крыху кардонныя дыялогі, і месцамі камічны саспенс, і музыка «з нулявых», і Фокс Малдэр, які амаль не састарэў. Што да Даны Скалі, дык у напаўцёмных сцэнах яна выглядала як рэклама індустрыі штучнага хараства і пластычнай маладосці, а ў ярка асветленых сцэнах — як яе ахвяра. І вось прыкладна на дваццатай хвіліне я выключыў эпізод з цікавай назвай «Мая барацьба» і больш да X-files не вяртаўся.

Тады, у пачатку года, можна было б дэтальна распавесці, што дакладна забіла славуты серыял. У першую чаргу — тое, што рэжысёр Крыс Картэр (1956 г. н.) не ўцяміў, што цяпер, у эпоху Netflix, так не здымаюць, што ўзровень спецэфектаў стаў іншым, што патрабаванні да сцэнарных знаходак ускладніліся, дый проста ўзяць ды экранізаваць агульныя месцы з напісанага Стывенам Кінгам у 1990-х і пры гэтым захаваць уласную культавасць немагчыма. Але я вырашыў не выносіць прысудаў серыялу, які некалі любіў.

З сярэдзіны лета ўсе навокал раптам загаманілі пра Stranger Things. Прычым у інтанацыях гэтых размоваў было якраз тое каляровае дзіцячае захапленне, з якім мы некалі абмяркоўвалі прыгоды Малдэра і Скалі. Я прыдбаў Stranger Things і нечакана для сябе праглынуў увесь першы сезон за ноч і раніцу. І недзе пад тытрамі аднаго з эпізодаў, калі загучала цудоўная «Atmosphere» Joy Division, я ўцяміў, што  Stranger Things і ёсць нашымі новымі X-Files.

Прычым зазначце: я мог бы напісаць, што Stranger Things ёсць X-Files для новай, маладой, генерацыі. Але я сцвярджаю зусім не гэта. Наадварот! Stranger Things — гэта спроба адрадзіць  X-Files у тых, хто некалі цешыўся X-Files! Аўдыторыя новага шэдэўру Netflix — генерацыя народжаных у 1970-я —1980-я.

Шмат напісана пра тое, што Stranger Things — гэта такі гімн 1980-м. Што героі не толькі апранутыя ў тое, што было маднявым дваццаць гадоў таму, не толькі змешчаныя ў інтэр’еры эпохі, калі Амерыка яшчэ была вялікай, а амерыканцы верылі ў American dream, ездзілі на доджах ды плімутах (а не на Subaru і Honda), снедалі ў кавярнях са скуранымі фатэлямі, у якіх запівалі яечню з беконам кавай з колбы. Яны размаўляюць на мове 1980-х. Напрыклад, вельмі цешыць у серыяле сталае ўжыванне выразу holy shit, які цяпер укладаюць у вусны хіба што кіроўцаў фураў у клятчатых кашулях, прыхільнікаў Бруса Спрынгстына.

Але вось што: Stranger Things — гэта не толькі пахвала эпосе. Гэта стараннае аднаўленне падлеткаў, якія гэтай эпохай захапляліся. Ягоная задача — не чыста кінематаграфічная. У нейкім сэнсе гэты серыял — калектыўны сеанс паглыблення ў дзяцінства для ўсіх, у каго тое дзяцінства ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х было.

Рэч у тым, што фільмаў, якія старанна рэканструююць эстэтыку залатых часоў ХХ стагоддзя, Галівудам створана да халеры. Ад дурнаватага Harbinger Down (2015) да цудоўнага Space Station 1976 (2014). Апошняе — аповед пра касмічную будучыню ў тым яе выглядзе, які ўяўляўся аўтарам sci-fi фільмаў трыццацігадовай даўніны. Каб тая будучыня, якую нам абяцала Кубрыкава «Касмічная Адысея» ці савецкая «Госця з будучыні», калі-небудзь надышла, пра яе мусіла быць гэтая камедыя.

Дык вось, адметнасць Stranger Things у тым, што гэта серыял не пра эпоху і нават не вузка пра яе кіно. А пра тых гледачоў, якімі ўсе мы некалі былі.


img_0264_800x533.png



Заўважце, галоўныя героі серыялу — дзеці. То бок колішнія мы з вамі. Гэтыя дзеці займаюцца тым, чым займалася генерацыя дзяцей 1980-х: страляюць з рагулек, арыентуюцца па компасе, захапляюцца «Зорнымі войнамі», перамаўляюцца па рацыях. Тут ёсць усе асноўныя тыпажы нашага школьнага юнацтва: дзяўчынка-прыгажунька, яе непрыгожая сяброўка, тоўсты хлопчык, зухаваты хлопчык, загадкавая незнаёмка з суседняга класа, у якой уся туса падазрае звышздольнасці.

І вось калі ўвесь гэты школьны калектыў нарэшце трапляе ў прыгоды, «кардоннасць» і «кінгавасць» гэтых прыгодаў, усе гэтыя смешныя саспенсы і абы-як зробленыя монстры ўжо не здольныя нас адштурхнуць. Хай сабе галоўная пачвара тут выглядае як bullsquid з першага Half Life, намаляваны на тых жа камп’ютарах, на якіх некалі маляваўся першы Half Life. Нас гэта не бянтэжыць! Бо глядзіць Stranger Things зусім не тая істота ў нас, якая крывіла рот ад падобнага па лажовасці дзясятага сезона X-files. Глядзяць Stranger Things дзеці, якімі мы некалі былі.

Тут варта раскрыць картачны фокус і патлумачыць, як у братоў Дафераў гэта атрымалася. Некалі я напісаў тэкст пра тое, што кіно фактычна з’яўляецца мовай штампаў. І ўсё, што я чытаў пра выказванні галівудскіх мастадонтаў, якія гэты штампаваны код вынайшлі ды зрабілі яго асноўнай тканінай поп-кінакультуры, толькі пацвярджала маю тэзу. Ёсць не крызіс блакбастараў, як зазначае Спілберг, ёсць крызіс вось гэтай дакладнай схемы, калі ты ўжо не можаш не засмяяцца штампаванаму жарту, не спужацца стандартнай хорар-сцэне, бо ўсё гэта ўжо шматкроць было.

Стваральнікі  Stranger Things упершыню зрабілі кінаштампы асноўнай мовай сваёй нарацыі. Яны адабралі з фантастычных фільмаў 1980-х тое, што некалі спрацоўвала ў нашых з вамі мазгах, і хірургічна трансплантавалі гэта ў свой серыял. Прыкладна на другой хвіліне прагляду мы бачым распырсквальнік вады, папулярны стваральнік санспенсу ў фільмах пра зомбі. Тут ёсць: Zippo, якая не запальваецца, калі гэта трэба, паралельны мантаж з вачыма герояў, якія робяцца шырэйшымі пасля сцэны, дзе са сценкі лезе монстр (і сама сцэна з монстрам са сценкі!), машыны, якія не заводзяцца, калі патрэбна, і г. д., і г. д. Калі б штампы суправаджаліся сучаснай кінамовай, калі б яны былі трыгерамі, якія ўзнікаюць у вузлавыя моманты і далей губляюцца ў звычайным мадэрновым кіно — гэта выглядала б гэтак жа няўклюдна, як выглядае «Дзень незалежнасці. Адраджэнне» ці апошнія «Людзі Ікс». Але ў  Stranger Things штампы 1980-х — адзіная мова. І праз распазнанне гэтых штампаў глядач паступова ператвараецца ў таго падлетка, які некалі бачыў іх упершыню.

Магчыма,  Stranger Things пазначылі шляхі выйсця з крызісу, які дыягнаставалі Спілберг і Лукас. Магчыма, наогул усё добрае поп-кіно зараз будзе рабіцца па шляху, які вынайшлі браты Даферы. Не стварэннем стылізаванага пад 1980-я кантэнту, а адраджэннем гледача з 1980-х.

Чым гэта ўсё можа дапамагчы Беларусі і яе кінематографу, пра які размаўляць і не чырванець могуць толькі самыя самаўпэўненыя прадстаўнікі індустрыі? Нашая краіна не згадвае пра 1980-я. Яна ў іх жыве. Нашыя дзяржаўныя рэжысёры толькі і могуць размаўляць на той мове, якую вынайшла Дзяржкіно на мяжы 1970-х —1980-х. Нашыя «незалежныя рэжысёры» (абодва) робяць роўна тое ж самае, толькі на тэмы, якія ім самім падаюцца дысідэнцкімі. Ці не час вось гэтым усім людзям сабрацца ды вырабіць нешта пра 1980-я? Нешта пра міелафон, робата Вертэра і Колю Герасімава? Мы хаця б павесяліліся! Хаця б дзеці ў нас!