Ад Смаленску да Валыні

На экранах польскіх кінатэатраў пачынаецца пракат мастацкай стужкі «Смаленск», якая яшчэ да прэм’еры палярызавала грамадства. І, відавочна, будзе мець міжнародны рэзананс.

Foto: PAP/Radek Pietruszka

Foto: PAP/Radek Pietruszka


«Добрыя змены» — так іранічна называюць у Польшчы цяперашнія часы, калі краінай кіруе правая партыя «Права і справядлівасць» (PIS). Адлюстраваліся «добрыя змены» і ў свеце кіно. З’явіўся запыт на патрыятычныя карціны. Першай ластаўкай стаў фільм «Гісторыя Роя», які круцілі ў кінатэатрах увесну. Фільм праслаўляе аднаго з герояў пасляваеннага антыкамуністычнага падполля з так званых Żołnierze wyklęci (польск. «выклятыя жаўнеры»). Калі меркаваць па рэцэнзіях, фільм быў успрыняты неадназначна. Праўда, пра прыгоды Роя хутка забыліся.

А вось фільм «Смаленск» (рэжысёр Антоні Краўзе) такі лёс не чакае, якім бы мастацка слабым ні атрымаўся твор. Гэта тлумачыцца месцам тэмы смаленскай катастрофы ў міфалогіі сучасных польскіх правых. Смаленск стаў фішкай іх агітацыі ледзьве не адразу пасля авіякатастрофы ў красавіку 2010 года. Нагадаем, крушэнне польскага ўрадавага самалёта тады забрала жыцці часткі польскай эліты, уключаючы прэзідэнта Леха Качыньскага. На хвалі шоку ў правым сегменце грамадства ўзнік нават своеасаблівы дыскурс з уласнай лексікай і эстэтыкай. Адначасова ўздымаліся канспіралагічныя версіі. Атрымала папулярнасць ідэя пра штучны характар аварыі, за якой, быццам бы, маглі стаяць Масква і польскія лібералы — канкурэнты PіS.

Пасля трыумфу на выбарах 2014-га і прыходу да ўлады тэма Смаленску моцна прапісалася ў палітыцы ўраду. Напрыклад, з’явіўся так званы «смаленскі прызыў» — спіс ахвяр катастрофы, агучванне якога па распараджэнні міністра абароны стала абавязковым на ўсіх урачыстасцях, у якіх прымае ўдзел польская армія.

Культ ахвяр Смаленску не падабаецца ліберальнай фракцыі грамадства. Дастаткова ўзгадаць скандал, які меў месца падчас апошніх урачыстасцяў з нагоды гадавіны Варшаўскага паўстання: тады таксама планавалася зачытаць «смаленскі прызыў». Ветэраны паўстання, а таксама немалая частка польскага грамадства, абурыліся гэтым рашэннем. Некаторыя з паўстанцаў дэманстратыўна адмовіліся ад традыцыйнай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Урэшце, Мінабароны і арганізатары знайшлі кампраміс, аднак у цэлым тэма засталася палітызаванай.

Прэм’ера фільма Краўзе зноў вяртае тэму Смаленска ў эпіцэнтр польскіх грамадскіх дэбатаў. Што трошкі дзіўна, бо фабула стужкі вядомая даўно. Стваральнікі фільма не хаваюць, што намагаюцца мастацкімі сродкамі данесці версію пра невыпадковы характар катастрофы.

У цэнтры карціны гісторыя адной журналістыкі (акторка Ана Самусёнэк), якая спрабуе разабрацца ў таямніцы смаленскай катастрофы і нечакана выходзіць на след расійскіх арганізатараў дыверсіі. Апошнія, маўляў, хацелі пакараць Леха Канчыньскага за яго місію ў Грузію падчас вайны 2008 года.

Аналізуючы трэйлер карціны, можна зразумець, што, паводле аўтараў «Смаленску», супрацоўнікі спецслужбаў Расіі нейкім чынам пранеслі бомбу ў прэзідэнцкі самалёт. І яе выбух разбурыў самалёт у паветры.

Хаця ў фільме кажуць выключна пра «расійскі след» у смаленскай трагедыі, рыкашэтам такая фармулёўка б’е і па польскай ліберальнай апазіцыі. Менавіта створаная ліберальным урадам камісія шукала прычыны аварыі, каб у выніку зрабіць вінаватымі польскіх лётчыкаў і кепскія ўмовы надвор’я. Палітычная накіраванасць фільма дазваляе лібералам адносіць яго да класічных узораў прымітыўнага палітпропу.

Гэты тэзіс яны ілюструюць фактам, што самі акцёры «Смаленску», у тым ліку выканаўца ролі журналісткі, прызналіся: ім сорамна за ўдзел у здымках пасквіля. Былі выпадкі, калі некаторыя з тых, хто працаваў над стужкай, кулуарна прасілі Краўзе прыбраць іх прозвішчы з цітраў. У сваю чаргу, дырэктар карціны кажа, што шмат хто наўмысна сабатаваў вытворчасць фільма. З гэтай прычыны прэм’еру давялося адкласці на паўгода. Праўда, злыя языкі сцвярджаюць, што першапачатковы варыянт забракаваў асабіста прэм’ер-міністр.

За рэакцыяй палякаў на фільм будуць уважліва сачыць ва ўсім рэгіёне. Напярэдадні прэм’еры кіраўнік Мінабароны Польшчы наўпрост заявіў пра дачыненне Крамля да арганізацыі катастрофы. Такая катэгарычная заява з боку публічнай асобы была ўспрынятая як антырасійскі дэмарш і справакавала нейкага журналіста нават задаць міністру пытанне: «Ці гатовая Польшча да вайны?» Пазней афіцыёз інтэрпрэтаваў словы чыноўніка як гіпотэзу.

Цікава таксама, як ацэняць «Смаленск» у Кіеве. Антырасійскі падтэкст фільма не можа кампенсаваць частцы ўкраінскага палітыкуму хуткі, прызначаны на кастрычнік, рэліз фільму «Валынь». Стужка, якая распавядае пра этнічныя чысткі палякаў украінскімі нацыяналістамі ў 1943 годзе, можа пагоршыць адносіны паміж дзяржавамі. Яны і так пагоршыліся пасля таго, як польскі Сейм у ліпені прызнаў падзеі 1943-га актам генацыду. Ва ўкраінскі парламент пададзена ўжо некалькі сіметрычных законапраектаў пра заснаванне ва Украіне дня памяці па ўкраінцах — ахвярах польскай палітыкі пацыфікацыі ў 1920–1930-я гады і пасляваенных дэпартацый. Кіраўніцтва краіны намагаецца стрымліваць эмоцыі ў Вярхоўнай Радзе, аднак прагназаваць рэакцыю дэпутатаў на «Валынь» немагчыма.