Беласток. Марш памяці ахвяр дэпартацыі ў Сібір
Тысячы людзей ушанавалі ў Беластоку памяць тых, каго вывезлі ў Расію ды Казахстан.

Вуліцамі Беластока прайшоў 16-ты Марш жывой памяці польскай Сібіры. Апрача моладзі, з мясцовых школ у маршы бралі ўдзел “сібіракі” з Аўстраліі, Францыі, Злучаных Штатаў і Беларусі. Пасля кароткай малітвы і гімна ўсе разам накіраваліся пад помнік невядомага сібірака.

— Вывезлі моладзь і майго тату, якога ні за што ўзялі і пасадзілі.
— З тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1951 годзе больш за 5 тысяч жаўнераў войска Андэрса масава былі вывезеныя. Гэтая трагедыя, пакуты засталіся вельмі-вельмі глыбока.
— Калі мы ў Беларусь прыехалі, то сталі людзьмі другога сорту. Мела месца дыскрымінацыя на працы.
— Па аповедах маіх калегаў — працаваў на чыгунцы, — калі вывозілі людзей у Сібір, дзеці ўвесь час прасілі вады… Гэта страшна.
Мерапрыемства арганізуецца штогод у памяць людзей, якіх вывезлі у Сібір не толькі ў ваенныя, але і пасляваенныя часы.