Жодзіна. У агітацыйным мерапрыемстве за кандыдата ад улады задзейнічалі дзяцей
День адчыненых дзвярэй «Моладзевага цэнтру» з канцэртам на адкрытым паветры, дзе выступілі розныя дзіцячыя і юнацкія клубы, а таксама творчыя калектывы не толькі з гэтай моладзевай дзяржаўнай установы, аказаўся агітацыйным мерапрыемствам аднаго з кандыдатаў.

Жодзіна. Канцэрт дзяцей і моладзі ў падтрымку кандыдата Дзмітрыя Заблоцкага. Фота А. Лапіцкага
Каля будынку “Моладзевага цэнтру” 26 жніўня ў 16-30 сабралася каля 80 чалавек — у асноўным падлеткі, дзеці, моладзь, якія выступалі, а таксама іх блізкія, бацькі.
Арганізатарам мерапрыемства з’яўляўся “Моладзевы цэнтр” — дзяржаўная ўстанова па працы з моладдзю, створаная Жодзінскім гарвыканкамам на базе дзяржустнаовы “Касталія”. Падчас канцэрту не толькі дэманстраваліся творчыя дасягненні дзяцей і моладзі, заахвочваліся новыя дзеці на пляцоўкі цэнтру, але і вялася агітацыі за кандыдата ад уладаў Дзмітрыя Заблоцкага.
На пачатку мерапрыемства з вітальным словам выступіла Наталля Сушко, якая ў сваім афіцыйным статусе старшыні Жодзінскага гарадскога Савета заклікала ўсіх прысутных зрабіць свой не толькі творчы, але і палітычны выбар на сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Пры гэтым некаторыя выхаванцы Цэнтру, якія нават і не ведалі напачатку канцэрта, у падтрымку каго яны будуць выступаць, па даручэнні арганізатараў распаўсюджвалі сярод прысутных выбарчую агітпрадукцыю (каляндарыкі) з выяваю і агітацыйным слоганам Дз. Заблоцкага (ААТ “БелАЗ“).


Па меркаванні прысутнага на мерапрыемстве назіральніка Аляксея Лапіцкага, такім чынам адным з прывілеяваных кандыдатаў быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс і творчы патэнцыял “Моладзевага цэнтру” як гарадской моладзевай дзяржустановы культуры. Дадзенае мерапрыемства, анансаванае Дзмітрыем Заблоцкім як агітацыйнае, не арганізоўвалася і не праводзілася сіламі і сродкамі кандыдата і ягоных давераных асоб, а пры падтрымцы мясцовай улады скарыстовалася ва ўласных агітацыйна-мабілізацыйных мэтах.