«Забытая Першая сусветная вайна»
У
кнігарні «Галіяфы» 14 сакавіка Міхаіл (Майкл) Галдзянкоў прэзентаваў сваю
першую беларускамоўную кнігу — «Забытая Першая сусветная вайна».

Выпускнік
Лінгвістычнага універсітэта, Майкл вядомы як аўтар падручнікаў па англійскай
мове (самы папулярны — “Азы английской
деловой переписки и английского сленга”), гістарычных папулярных кніг, раманаў
і прыгодніцкіх эсэ. А таксама аўтар аўтабіяграфічны раман “Полет дубового
листа”, дзе разам са студэнтамі-сябрамі-музыкамі сустракаюцца падобныя да лахнескай
пачвары, толькі на беларускім возеры Балдук.

Улічваючы тое, што Першая сусветная вайна ў нашай літаратуры — амаль забытая тэма, чарговая кніга Майкла Галдзянкова пра падзеі стагадовай даўніны выклікае інтарэс. Тым болей, што аўтар звяртаецца да яе ўжо чацьвёрты раз, і ўпершыню — па-беларуску.
У
пераходзе на беларускую мову ёсць пэўная заканамернасць: гэтым разам
даследуюцца падзеі менавіта на нашых землях, а таксама ў Польшчы і
Украіне. Што ёсць важна: Першая
сусветная для Беларусі была не менш трагічнай, чым Другая, якую Галдзянкоў
лічыць працягам — праз два дзесяцігоддзі — Першай. Адзіная вялікая сусветная
вайна ХХ стагоддзя. Трагізм яе першай часткі відавочны. Сярод 800 тысяч
беларусаў, мабілізаваных у войска Расійскай імперыі загінулі 70 тысяч.

Былі разрабаваны праз эвакуацыю каштоўных рэчыаў храмы, музеі, бібліятэкі: усё так і засталося ў Расіі. Ёсць і асабістыя ўспаміны аўтара. Ягоны дзед калісьці распавёў Майклу, што да рэвалюцыі плёў лапці. Але не для сваіх — у вёсцы хадзілі ў ботах. Для арміі, бо ў жабрачай імперыі салдатам не хапала не толькі ружжаў, але і добрага абутку.
Па прызнанні аўтара, гэтым разам ён задаволены і мастацкім афармленнем выдання, зробленым “Галіяфамі”. Засмучае толькі наклкад — пакуль толькі 100 экзэмпляраў. Набыць кнігу пакуль можна ў тым самым месцы, дзе адбывалася прэзентацыя — кнігарні “Галіяфы”.
Фота аўтара