У Мінску адчынілася новая мастацкая галерэя
Частку памяшканняў верхняга паверху Палаца мастацтваўдля экспанавання сваёй выключна цікавай карпаратыўнай калекцыі на 3 гады арандаваў Белгазпрамбанк.
Калекцыя пачыналася з набыцця ў 2011-2012 гадах твораў мастакоў Парыжскай школы (выхадцаў з Беларусі). Праект называецца “Арт-Беларусь”, і ў ім сярод больш за 100 мастацкіх твораў такія слынныя імёны, як Марк Шагал, Хаім Суцін, Аскар Мешчанінаў, Восіп Цадкін, чыіх работ у беларускіх музеях раней фактычна не было.
Апошнім часам да збору дадаліся і больш старадаўнія шэдэўры, і не толькі “парыжан” — Валенція Ваньковіча, Фердынанда Рушчыца, Лявона Бакста ды іншых. Існуюць планы набыцця твораў майстроў міжваеннай заходнебеларускай школы.
Чаму на 3 гады? — спытаецца чытач. Нядаўна ў прэсе паведамлялася пра набыццё Белгазпрамбанкам вялікага будынка на Кастрычніцкай Рэстаўрацыя і прыстасаванне новай залы запатрабуе пэўнага часу, а пакуль аматараў мастацтва банк запрашае на Казлова, 3. І абяцае прывабліваць наведвальнікаў адукацыйнай праграмай, дыскусіямі, прэзентацыямі фільмаў і публікацый па выяўленчым мастацтве. Дарэчы, банк ужо падтрымаў выданне 14 падобных кніг (каталогаў, публіцыстычных эсэ), 9 фільмаў пра творцаў, арганізаваў 12 маштабных выстаў — у Беларусі і за мяжой (у Рызе, Вільні, Парыжы). Выставы ўжо наведала больш 200 тысяч гледачоў.
Першыя госці “Арт-Беларусі”, сярод якіх былі прадстаўнікі амаль усіх музейных пляцовак Мінска і міністр культуры Барыс Святлоў, на ўрачыстым адкрыцці 13 красавіка ацанілі выключную якасць новый экспазіцыі. Гасцей з экспазіцыяй пазнаёмілі старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка і куратар банкаўскай арт-калекцыі Аляксандр Зіменка. Міністр пакінуў водгук у кнізе пачэсных гасцей. Падкрэсліваючы тонкі дух мастацкай атмасферы, адкрыццё суправаджалі імправізацыі класічных джазавых тэм.
Шырокай
публіцы новая галерэя адчыніла дзьверы
на наступны дзень і чакае наведвальнікаў штодня з 11.00 па 20.00 за выключэннем панядзелка.
Фота аўтара