«Вы абвінавачваецеся ў парушэнні грамадскага парадку на вуліцы, брыдкаслоўі і непадпарадкаванні»
Наша паўсядзённасць ужо даўно перайшла ў літаратуру. Прапануем вам пачытаць апавяданне "Загад". Гэта мастацкі твор, які вельмі нагадвае наша жыццё. Магчыма, нават хтосьці пазнае ў ім сябе.
![Фота: Павел Марцінчык Фота: Павел Марцінчык](/img/v1/images/wx720_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Павел Марцінчык
Кабінет начальніка райаддзела Сагдзевіча знаходзіўся на другім паверсе. Малады ўчастковы Корзун хуценька прабегся па затаптанай наведнікамі лесвіцы, пастукаў у дзверы і, не чакаючы адказу, увайшоў. Каля Сагдзевіча сядзелі аператыўнікі старшы лейтэнант Мыскавец і маёр Жалібоўскі з аддзялення крымінальнага вышуку. Корзун хацеў далажыць, што з’явіўся па загадзе, але начальнік спыніў яго і кіўнуў, каб ён сеў побач з аператыўнікамі.
— Значыцца так, — Сагдзевіч падцягнуў да сябе нейкую паперу. — Я вызваў вас вось чаму. Вы ведаеце, што хутка выбары. Мы павінны забяспечыць грамадскі парадак на выбарчых участках, не дапусціць зрыву выбараў. Гэта зразумела?
Падначаленыя згодна кіўнулі. Корзун таксама хітнуў галавою, хоць да яго пакуль не дайшло: куды ж хіліць сваю прамову падпалкоўнік? Вядома, міліцыя забяспечвае грамадскі парадак, міліцыянты пачалі ўжо дзяжурствы на выбарчых участках, але чаму яго вызвалі сюды? Ён і так гэта ведае. Зрэшты, Мікола тут чалавек новы, служыць толькі паўгода, можа, і пачуе штосьці спецыфічнае, міліцэйскае. Насамрэч Корзун не надта хацеў служыць у міліцыі, ды выйсця не было. Вышэйшую адукацыю атрымаў на платнай аснове, на працу нідзе не бралі — у невялікім раённым гарадку адшукаць годны заробак складана. У сталіцы ні жылля, ні радні, з працай па спецыяльнасці таксама няпроста. Дзядзька Стась, матчын брат, прапанаваў пайсці сюды, абяцаў дапамагчы. Маці ўзрадавалася: а як жа, стабільны і неблагі заробак, нейкія ільготы, дый на адзенне грошай менш пойдзе. Угаварыла яго. І вось цяпер участковы інспектар міліцыі лейтэнант Корзун сядзіць у кабінеце начальніка РАУС Сагдзевіча.
— Дык вось. З абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў прыйшла папера. У ёй нам прадпісана правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы па недапушчэнні розных эксцэсаў, акцый пратэсту з боку так званых апазіцыянераў. У нашым горадзе знайшоўся такі, як бы гэта мовіць, «свядомы», які каламуціць і псуе нам усю справаздачу. Ён, Корзун, жыве на тваім участку. Мяркую, ты ведаеш, пра каго я?
Так, Мікола зразумеў, пра каго вядзе гаворку падпалкоўнік. На вуліцы Савецкай у шматкватэрным доме жыў былы настаўнік матэматыкі Цішынін. Некалі ён вучыў і Корзуна. Акрамя таго, што Павел Іванавіч выдатна ведаў саму матэматыку, ён так захапляльна і даступна ўмеў выкласці матэрыял, што яго разумелі нават цяжкадумы. У школе яго паважалі. З Цішыніным у Корзуна ў адзінаццатым класе адбылася адна гісторыя. А ўсё з-за дурнога дзіцяча-юнацкага «а табе слаба». Перад дыскатэкамі, якія праходзілі па суботах у мясцовым Доме культуры, хлопцы заўсёды спрабавалі знайсці нешта для «тонусу». Калі задавальняліся півам, а калі знаходзілі і што мацнейшае. Неяк Корзун ляпнуў, што ён яшчэ той «мацак», што можа выпіць хоць паўбутэлькі і не захмялець. Дайшло да спрэчкі, прыйшлося трымаць слова.
Захар Хмялеўскі (і прозвішча якраз жа ў тэму) на агульныя грошы набыў бутэльку гарэлкі. Перад дыскатэкаю Мікола выжлукціў палову. Як — і сам не разумее. Пасля пайшлі ў Дом культуры. Корзуна, канешне, хутка «разабрала», але ён трымаўся. Хвілін праз дваццаць зразумеў, што сюды хутка з’явяцца дзяжурныя педагогі і міліцыя, якія заўсёды трымалі дыскатэку пад кантролем, і ён загрыміць у міліцыю. Мікола здолеў выбрацца на вуліцу, там яго званітавала. Трапіла і на адзенне, і на чаравікі. У такім стане яго знайшоў Цішынін. Павел Іванавіч дапамог дайсці да калонкі, адмыцца, пасля адвёў да сябе, адпаіў нейкімі таблеткамі і моцнаю гарбатаю, на таксі адвёз дахаты. Больш пра тое здарэнне так ніхто і не даведаўся, нават маці нічога не зразумела, а Цішынін нікому не сказаў. Аўтарытэт Корзуна ў вачах аднакласнікаў узняўся: сапраўды «мацак», пратрымаўся.
Цішынін па нацыянальнасці рускі, некалі прыехаў сюды за жонкай, мясцовай жыхаркай. Асеў у райцэнтры, пайшоў на працу ў школу, вывучыў беларускую мову, стаў яе актыўным прыхільнікам і ўступіў у апазіцыйную партыю. Безумоўна, такога раённае кіраўніцтва дараваць не магло. Цішынін застаўся без працы. Але ён знайшоў выйсце: стаў індывідуальным прадпрымальнікам, заняўся рамонтамі, а заадно і рэпетытарствам. Цішыніна ведалі як добрага майстра, здольнага педагога, да яго ішлі і кліенты, і дзеці, таму без працы ён не сядзеў. Хапала Паўла Цішыніна і на грамадскую дзейнасць. Ён збіраў подпісы пад рознымі заявамі аб парушэнні правоў жыхароў горада, удзельнічаў у акцыях пратэста ў сталіцы, спрабаваў арганізоўваць пікеты і пратэсты ў райцэнтры. Усім гэтым ён псаваў нервы раённаму начальству, якое змянялася ў твары пры адным толькі ўспаміне аб Цішыніне.
— Дык вось, — зноў паўтарыў Сагдзевіч, павысіўшы голас, — на вас ускладаецца абавязак правесці прэвентыўнае затрыманне гэтага самага «свядомага». Да выбараў застаўся тыдзень. Цішынін павінен сесці сутак на дзесяць — тады ніхто не будзе баламуціць і падбухторваць народ. І каб камар носу не падтачыў. Гэта зразумела?
Падпалкоўнік утаропіўся ў падначаленых. Аператыўнікі згодна заківалі галовамі. Мікола не мог уцяміць: на якой падставе яны затрымаюць Цішыніна, якія доказы супраць яго прадставяць у судзе?
— Корзун у нас пакуль што малады, аператыўную абстаноўку разумее слаба. Таму старшым прызначаю капітана Жалібоўскага. Да зыходу дня далажыць мне аб выкананні. Можаце ісці.
Сагдзевіч апусціў паголеную лабатую галаву ў паперы, даючы зразумець, што інструктаж скончаны. Міліцыянты спыніліся ў прыёмным пакоі.
— Так, пайшлі на вуліцу, пакурым, там усё і абмяркуем. А то тут вушэй шмат, — буркнуў у пракураныя рудыя вусы Жалібоўскі, скіроўваючы на выхад.
Жалібоўскі быў вопытным супрацоўнікам, пачынаў з самых нізоў, пасля завочна скончыў Акадэмію МУС, на дадзены момант служыў на пасадзе старшага оперупаўнаважанага ў крымінальным вышуку. Мікола ўжо не раз перасякаўся з ім па працы. Жалібоўскі яму не падабаўся: аматар выпіць на «дурніцу», сваё не ўпусціць, скрытны, але работу аператыўніка ведаў добра. Ягор Мыскавец маладзейшы, працуе ў міліцыі таксама нядаўна. Як і Корзун, ён мясцовы, але вучыліся хлопцы ў розных школах, да таго ж Ягор старэйшы за яго на два гады. Па працы Мікола з ім перасякаўся ўсяго некалькі разоў і ведаў менш, чым Жалібоўскага.
Усе выйшлі на ганак, закурылі, моўчкі ўглядаючыся на няспешнае жыццё правінцыйнага гарадка. Па дарозе праехала некалькі легкавікоў, ляніва круцячы педалямі, прасунулася жанчына на веласіпедзе, і на нейкі час рух заціх. Насупраць, праз дарогу, франтавата пабліскваў новымі шклопакетамі будынак райвыканкама — там нядаўна скончылі рамонт. Жалібоўскі пстрыкнуў недакуркам у сметніцу, але не патрапіў.
— Так, хлопцы, загад вы зразумелі. Па-першае, нам трэба разабрацца, дзе цяпер знаходзіцца гэты Цішынін. Ведаеш, дзе ён можа быць? — звярнуўся Жалібоўскі да Корзуна.
— Мяркую, што дома. Хутчэй за ўсё, будзе займацца рэпетытарствам — з дзецьмі ён займаецца ў асноўным у другой палове дня, — патлумачыў Мікола.
— Гэта добра, не трэба будзе яго адлоўліваць, як зайца, — засмяяўся Жалібоўскі. — Усё, садзімся, едзем. Ягор, паедзем на тваім аўтамабілі — менш свяціцца будзем.
Мыскавец не стаў пярэчыць старэйшаму таварышу. Корзун таксама моўчкі сеў: маёр старэйшы, добра ўсё ведае — хай кіруе. Але ўсё ж цікава — як яны будуць затрымліваць Цішыніна. Па дарозе Жалібоўскі сам раскрыў усе карты:
— Ты, Корзун, праз дамафон даведаешся, ці дома ён. Калі ў кватэры, то мы ўсе заходзім у пад’езд, ты вызываеш яго на пляцоўку. Там мы яго пакуем і дастаўляем у аддзел. Пасля пішаш пратакол, кідаем яго да раніцы ў «малпоўнік» і дакладваем Сагдзевічу аб вырашэнні задачы. Усё зразумела?
— Не, — крыху падумаўшы, адказаў Мікола, — мне не ўсё зразумела. А за што я складу на яго пратакол?
— Молада-зелена, — паблажліва ўсміхнуўся Жалібоўскі. — Ты навічок, таму табе дарую гэтыя пытанні. Як за што — за парушэнне грамадскага парадку. Брыдка лаяўся на вуліцы, гучна крычаў, чапляўся да людзей. Для вас, участковых, самы просты артыкул.
— Дык ён жа ў кватэры будзе. Як жа напішу, што ён да некага чапляўся і лаяўся? Я не буду складаць такі пратакол.
— Ты што, тупы?! — ужо зазлаваў маёр. — Ты загад начальніка чуў? Чуў. Вось і выконвай, не задавай мне дурных пытанняў. А то пойдзеш з воўчым білетам. А што такое мець яго ў нашым горадзе, мне табе тлумачыць не трэба. Так што рыхтуй пратакол і асадку.
— Вам лёгка гаварыць, — зноў заўпарціўся Корзун, — а мне прышыюць парушэнне законнасці. Дый нядобра гэта: хлусіць, фальсіфікаваць справу, невінаватага кінуць на дзесяць сутак.
— Не хвалюйся, ніхто цябе не зачэпіць, — больш спакойна, але холадна адказаў Жалібоўскі, — за гэта толькі пахваляць. У судзе праблем не будзе — гэта дакладна. Мы з Ягорам выступім сведкамі, усё пройдзе як па маслу. Так, Ягор?
— Так, Алег Іванавіч.
Машына спынілася каля патрэбнага пад’езда.
— Ідзі, чаго сядзіш! — гукнуў маёр.
Мікола нехаця вылез з машыны. Каля пад’езда, насупраць адзін аднаго, сядзелі два каты, руды і чорны, енкатам запалохваючы суперніка. Руды спрабаваў ударыць лапаю чорнага, а той пачынаў енчыць яшчэ гучней.
Рой думак круціўся ў галаве ў Корзуна. Што ж рабіць? Адмовіцца? З’ядуць жыўцом, Жалібоўскі выдасць Сагдзевічу ўсе падрабязнасці, стоадсоткава вытураць з адпаведным запісам. Лепш сказаць, што Цішыніна няма дома — хай шукаюць. Але калі ён націснуў на кнопку дамафона, то заўважыў, што за спіною стаіць Мыскавец. Так, Жалібоўскі не дурань.
— Хто там? — адазваўся мужчынскі голас.
— Цішынін Павел Іванавіч?
— Так.
— Гэта ваш участковы Корзун. Мне патрэбна задаць вам некалькі пытанняў.
— Заходзьце.
Дзверы адчыніліся. На Міколу глядзеў хударлявы мужчына год сарака пяці з гладка паголеным тварам і ранняю сівізною на скронях.
— Слухаю вас.
— Павел Іванавіч, вам прыйдзецца праехаць з намі, — з-за спіны Корзуна выйшаў Жалібоўскі.
— Гэта з якой яшчэ нагоды? Мяне ў нечым абвінавачваюць? — спакойна і ветліва спытаў Цішынін.
— Не, мы проста павінны высветліць некаторыя пытанні, якія маюць дачыненне і да вас. Таму вы павінны праехаць з намі, — настойліва паўтарыў маёр.
— Я знаходжуся ў сваёй кватэры, нічога не парушаю. Да таго ж у дадзены момант я праводжу заняткі. На вашыя пытанні я магу адказаць у іншы час. Выпісвайце павестку, я прыйду, — гэтак жа спакойна адказаў гаспадар.
— Вы не падпарадкоўваецеся законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Ягор, бранзалеты.
Мыскавец выцягнуў кайданкі і ў адно імгненне зашчапіў іх на руках Цішыніна. Той не стаў супраціўляцца, адно спакойна сказаў:
— Вы дарма так робіце. Я буду скардзіцца на вашыя дзеянні.
— Ды калі ласка, — ухмыльнуўся маёр. — Сколькі заўгодна. Давай, апранайся.
Цішынін сабраўся, пазваў з пакоя напалоханую дзяўчынку, нешта шапнуў ёй на вуха, тая хуценька пачала апранацца.
Цішыніна адвялі ў кабінет Жалібоўскага. Мікола выцягнуў паперы, паклаў перад сабою.
— Афармляйце, — сказаў Жалібоўскі і некуды выйшаў.
— Можа, нарэшце вы мне ўсё патлумачыце, маладыя людзі? — Цішынін запытальна паглядзеў на міліцыянтаў.
Корзун, не падымаючы галавы, моўчкі стаў пісаць.
— Вы абвінавачваецеся ў парушэнні грамадскага парадку на вуліцы, брыдкаслоўі і непадпарадкаванні законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, — адказаў Мыскавец. — Вы будзеце затрыманы да раніцы, а заўтра суд разгледзіць вашу справу.
— Вось як, — горка ўсміхнуўся Цішынін. — Няўжо вы не разумееце, хлопцы, што некалі вам давядзецца адказваць за свае дзеянні? А табе, Мікола, не сорамна?
— Адкажам, калі спатрэбіцца, — Мыскавец выцягнуў з шафы нейкую папку і зрабіў выгляд, што паглыбіўся ў чытанне.
У Корзуна гарэлі вушы. Счырванелы, як бурак, угнуўшы галаву, ён моўчкі пісаў пратакол. Скончыўшы, працягнуў паперу Цішыніну на подпіс.
— Я нічога падпісваць не буду, — заявіў Цішынін.
Корзун пакінуў пратакол на стале і сказаў Мыскаўцу:
— Самі адпраўляйце яго ў малпоўнік. Мне трэба ісці, у мяне яшчэ справы.
Выходзячы, ён ціха сказаў Цішыніну:
— Прабачце, Павел Іванавіч.
На наступны дзень Корзун зайшоў у кабінет да інспектара па кадрах, працягнуў яму ліст паперы. Прачытаўшы яго, той здзіўлена ўтаропіўся ў Міколу:
— Ты што, забыў пахмяліцца? Што ты напісаў?
— А ты што — не бачыш? Рапарт. Там жа чорным па белым напісана: прашу звольніць мяне па асабістым жаданні.
— Ды гэта я бачу. Але ж ты працуеш толькі паўгода. Чаму ты вырашыў звольніцца? Што здарылася?
— Проста не хачу служыць, і ўсё.
— Не, так не пойдзе. Давай ты пачакаеш яшчэ паўгодзіка, а? А то мне начальства ў каршэнь усыпле, што ў мяне ёсць супрацоўнікі, звольненыя да года службы. А, можа, пасля яшчэ і перадумаеш, га?
— Не, чакаць я не буду, рапарт назад не забяру. І не перадумаю. Ніколі. Разумееш — ніколі.
Мікола выйшаў на ганак. Ён з палёгкаю ўздыхнуў, пастаяў у задуменні, нечаму ўсміхнуўся і пакрочыў па вуліцы да шматпавярховак.