«Жанчына, каб ты толькі схацела скарыстаць сваю сілу, якім волатам стала б ты?» – што пісалі беларускія газэты пра кабетаў 100 гадоў таму
Без жанчынаў — нікуды. Гэта было вядома і раней. Мы пагарталі старыя старонкі беларускай прэсы і пацікавіліся, як «жаночае пытаньне» асьвятлялася каля 100 гадоў таму.

Вокладка часопіса «Работніца і сялянка»
«Будзіцца з векавечнага сну жанчына»
Наступным чынам заклікала кабетаў выданьне «Жаноцкая справа», што выдавалася ў Вільні, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1931 годзе.
«На ўсенькім сьвеце будзіцца з векавечнага сну жанчына і пачынае заваёўваць для сябе належнае ёй паводле справядлівасьці месца ў жыцьці грамадзянства. Яна здабыла ўжо сабе правы падаваць свой голас на выбарах народных паслоў у парляманты ўсяго сьвету. Яна можа ставіцца поплеч з мужчынаю да працы ўва ўсіх галінах, якія дагэтуль былі для яе зачынены. Перад жанчынай шырака расчыніліся дзьверы ўсялякіх школаў, або толькі яна захацела ўвайсьці ў іх.
Але ў гэтым то й бяда, што ў сваім імкненьні да сьвятла наша беларуская жанчына ня толькі сустракае тыя перашкоды, якія зачыняюць доступ да навукі беларусу-мужчыне, але часта й ня хоча карыстацца магчымасьцямі, каторыя ёй даюцца самыя ў рукі. Яшчэ й сягоньня на вёсцы маткі ўглядаюцца на навуку дачок, як на дарэмную страту часу: усё роўна, – кажуць, – выйдзе замуж, дык па што ёй гэная навука?
А тым часам якраз сем'і, дзе галавою зьяўляецца жонка, адукацыя жанчыны мае вялізарную вагу. Яна ж маці – узгадавальніца сваіх дзяцей – гэнае будучыні нашага народу! Ад таго, што яна ўложыць у душы дзіцячыя ў час маленства, часта залежыць шчасьце ўсенькага іх жыцьця! Дык ці ж ня ясна кожнаму, што шчасьце і згода пануе ў сям'і, дзе гаспадыня – кабета разумная, і вечная талачэча там, дзе гаспадыня цёмная, няразьвітая, няздольная вясьці лад у хатнім жыцьці?

Урывак са старадаўняга беларускага друку
З гэтымі перажыткамі адвечнае вясковае цемры трэба змагацца. І найлепгымі барацьбіткамі тут можам быць толькі мы самыя – жанчыны беларускія. Жанчына часта мае недавер да мужчыны, але верыць сваёй сястры-жанчыне: у нас жа адны справы, адны клопаты, мы ўсе роўна зацікаўлены ў тым, каб жыцьцё нашае нейк палепшала.
Да працы, Беларускія Жанчыны!»
«Мая маці»
Па іншы бок мяжы – у «камуністычным раі» сваімі «дасягненьнямі» дзялілася сялянка Васіліса Хрыпачова ў 1924 годзе. Сваю нататку яна даслала ў часопіс «Работніца і сялянка»:
«Мая маці 53-гадовая старуха была разумная жанчына, але ў той жа час верыла ўсялякім забабонам, як і ўсялякая вясковая жанчына. Я пачала яе агітаваць у бальшавіцкім сэнсе і супраць рэлігійнасьці. Маці з пачатку давала вялікі адпор, і, здавалася, ніколі ня будзе магчыма яе пераканаць. Але я не шкадавала сіл, пераконывала, гутарыла зь ёю на розныя тэмы. У выніку маці паступова пачала схіляцца ў мой бок.
Прайшло 4 гады. Маці маю не пазнаеш. Бога і ў спаміне няма, абразоў у куце й сьледу не засталося. Вядзе мая маці барацьбу з кулакамі, гутарыць з сялянкамі на розныя тэмы, асабліва супраць рэлігійныя, дзе яна па простаму, па сялянску адмаўляе ўваўсіх пунктах існаваньне Бога. Словам, маці мая запрацавала ў ваўсю, зьбірае баб у вёсцы і агітуе іх».
Цікава, як склаўся лёс той Васілісы далей?

Урывак са старадаўняга беларускага друку
Жаноцкі суд прысяжных
З выданьня «Жаноцкая справа», 1931 год:
«3 сьнежня 1931 года першы раз у гісторыі штату Ільліной адбыўся суд прысяжных, які складаўся выключна з жанчын. У склад суда выбраны найбольш заслужаныя і паважаныя жанчыны з гораду Чыкага.
У гэтым судзе разьбіралася справа маладога грамадзяніна Васона, які прыпадкова забіў сваю матку. Васон кіраваў аўтам, маючы намер даць яму задні ход. Ён не заўважыў, што ручка была настаўлена «наперад». Аўта раптоўна рушыла і задавіла на сьмерць матку Васона, прыціснуўшы яе да сьцяны. Малады Васон быў вельмі добрым сынам, што было сьцьверджана ўсімі сьведкамі. Суд звольніў Васона ад віны і кары.
Прысуд прачытала грамадзянка Джэйк Адамс, якая нядаўна адсьвяткавала 70-ыя ўгодкі сваіх нарадзін».

Урывак са старадаўняга беларускага друку
«Партыя катэгарычна загадвае!»
У часопісе, які выдаваўся ў чырвонай частцы Беларусі – «Работніца і сялянка», за 1924 год знаходзім напачатку словы, скіраваныя да жанчынаў ад старшыні савету народных камісараў БССР тав. Адамовіча:
«Прымаючы пад увагу малы ўдзел жанчын у грамадзянскім жыцьці ХІІІ зьезд нашае партыі катэгарычна ўказаў на неабходнасьць уцягваньня масамі ў актыўную працу работніц і сялянак.
Такім чынам лёзунг Ільіча аб тым, што кожная кухарка павінна навучыцца кіраваць дзяржаваю, мы ставім у сучасны момант на чале нашае працы. Зараз усе работніцы і сялянкі павінны добра абмяркаваць стаячыя перад савецкай уладай задачы і шлях іх ажыцьцяўленьня. У гэтую перавыбарную кампанію ўсе быўшыя ў саветах работніцы і сялянкі павінны адчытацца перад сваімі выбірацелямі.
Калі ж самі жанчыны выявілі сябе слабымі і неактыўнымі, тады выбірацелі ў гэтым годзе павінны паслаць у саветы другіх работніц і сялянак».

Урывак са старадаўняга беларускага друку
«Ты, жанчына, за гэта адказваеш!»
Адна кабета з Наваградчыны такім чынам вырашыла заахвоціць да рашучасьці беларускіх паненак:
«Дзяўчаты! Да вас маіх пару слоў: не на гульбішчы і пьянства падбурайце хлапцоў, – гэта брудзіць вашае імя! Шукайце лепшае, сьветлае дарогі. Вашы сёстры розных краёў даўно паказваюць яе, але вы ўпорліва ня хочаце гэтага бачыць. Заклік вашых сёстраў не знаходзіць рэха ў вашых скамянелых сэрцах. Прырода дала вам вялікую моц трымаць у паслухмянасьці сільную палову чалавечага роду, але вы самыя зьнясільваеце сябе, умаляеце сваю вартасьць расьцярушанасьцю, сваркаю, плёткамі і рознымі драбніцамі.
Замест таго, каб выкарыстаць сваю сілу ў поўнай меры, вы самыя на сябе ў будучыні гадуеце біч у постаці дзяцей (бо ж кожная з вас будзе маткаю), каторыя растуць мала таго як дзічкі, але з рознымі духовымі і маральнымі хваробамі ў дадатак. Адкуль бяруцца ліхія бацькі, мужыкі, сыны, унукі, браты? Жанчына, гэта ты выгадавала і гадуеш іх. Гэтае векавое памылкі свае ніяк ня хочам бачыць, а тым балей паправіць яе.

За грамадзкі заняпад, за агульную дэмаралізацыю, за ўсё ліхое, ад чаго мы цярпім, адказваеш ты, жанчына, бо на тваіх рукох выхоўваюцца будучыя пакаленьні і што ты з малаком сваім дасі дзіцяці, тое яно потым аддае, павялічыўшы яго ў сто-тысячу разоў. Няўжо ж мой заклік не закране ніводнае струны ў тваім сэрцы, жанчына?
Жанчына, каб ты толькі схацела зразумець, пазнаць і скарыстаць сваю сілу, якім волатам стала б ты? А цяпер што ты ёсьць? За выключэньнем нямногіх шчасьлівых, ты прыгнечаная, запужаная паў-раба, паў-хатняя жывёла. Нават жаль свой баішся ты на сьвет вынесьці, а таіш яго ў глыбіні сваёй душы, паплакаўшы дзе ў кутку.
Ці ты думаеш, што мужык твой будзе з табою шчасьлівы, бачучы цябе заўсёды гэтакаю запужанаю, заплаканаю?
Не, стань жа ты, як роўная зь ім, гадуй яму дзяцей сьвядомых у жыцьці, а дзеля гэтага ўсяго сама разьвівайся. Замест хваравітага бляску, няхай у тваіх вачох сьвеціць яснасьць, сіла, і вера ў лепшую будучыню».
«8-е сакавіка ў нашай вёсцы»
З выданьня «Работніца і сялянка», 1925 год:
«Па нашым Сёмкава-Гарадзецкім сельсавеце ніколі так жанчыны ня прымалі актыўнага ўдзелу ў сьвяткаваньні, як 8-га сакавіка.
У суботу вечарам, 7-га сакавіка, на парозе вялікага жаночага дню, па ўсіх вёсках нашага сельсавету праводзіліся сходы жанчын, на якіх прысутнічала шмат кабет.
На гэтых сходах колькі выявілася яшчэ бруду ў цяжкім лёсе жанчыны. Не адна зь іх апавядала, што яшчэ бьюць іх мужы, ад чаго цяжка ім жыць. Шмат кабет па нашым сельсавеце на гэтых сходах паступіла ў партыю. Напрыклад у вёсцы Нялідавічы – дзьве кабеты: Волька Саковіч і А.Брыцько. А кабеты вёскі Ашмянцы на сваім сходзе пастанавілі адчыніць у вёсцы хату-чытальню, бо яны адсталыя ад жыцьця і што яны па вечарох у хаце-чытальні будуць вучыцца.

Урывак са старадаўняга беларускага друку
А ў нядзелю ў Сёмкава-Гарадзецкім народным доме прайшоў бурны сход усіх жанчын сельсавету, на якім і ўсе былі.
Вось тыя факты, што па самых глухіх куткох жанчына прабудзілася ад векавечнага сну і паволі бярэцца за дзяржаўны рычаг».