Топ-10 фільмаў пра адносіны маці і дачкі

Жаночы дзень дае цудоўную нагоду зазірнуць у далікатнае месца: дачыненьні дачкі і маці. Розныя творцы прысьвячалі дасьледваньню гэтых чароўных, драматычных, а часам траўматычных адносінаў шыкоўныя фільмы. Мы абралі для вас аўтарскі сьпіс з дзесяці найлепшых стужак. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Мілдрэд Пірс (Mildred Pierce). 1945

mildred_pierce_2.jpg

Стужка стала грандыёзным посьпехам для Джоан Кроўфард, чый вобраз ажывіў яе кар'еру і прынес прэмію «Оскар» за лепшую жаночую ролю. Фільм, зьняты рэжысэрам Майклам Кёрцісам, распавядае пра ахвярнасьць маці, амбіцыі і пошукі ўласнай ідэнтычнасьці.

Такі сабе пошук амэрыканскай мары. Яе гераіня – жанчына, якая спраўляецца з праблемамі самотнага мацярынства і грамадзкімі чаканьнямі, каб пабудаваць пасьпяховы бізнэс, толькі дзеля таго, каб выявіць, што яе самая вялікая бітва – гэта яе ўласная сям'я.

Яе гульня адлюстроўвае адценьні жанчыны, якая разрываецца паміж уласнымі жаданьнямі і абавязкамі маці. Стужка стала вызначальным момантам у кар'еры Джоан. Фільм замацаваў яе статус адной з самых разнабаковых зорак Галівуду.

Нумар 9. Сямейка Адамс (The Addams Family). 1991

the_addams_family_1.jpeg

Вашая сям’я можа паназіраць за сям’ёй Адамс у стужцы Бары Зонэнфельда. Гэты фільм меў фенаменальны касавы посьпех (пры бюджэце ў 30 мільёнаў даляраў зборы склалі прынамсі ў 6 разоў больш). Па стылю карціна нагадвае тварчасьць Ціма Бёртана. Вельмі стылёвая гатычная атмасфэра стужкі пераносіць гледачоў у стары-стары дом, у якім жыве Гомес Адамс і ўся яго сям’я.

Дакладней не зусім уся: калісьці раней яго брат Фэстэр зьнік з далягляду, але напачатку фільма нам паказваюць, як Фэстэр зьнянацку зьяўляецца на парозе. Сямейка Адамс поўныя рознага кшталту асобаў, схільных да мазахізму, хітрасьці, нават забойства. Казачная гісторыя пра шчасьлівае (ці не зусім) сямейнае жыцьцё пад адным дахам.

Нумар 8. Я, Тоня (I, Tonya). 2017

i__tonya_3.jpg

Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг — дзяўчынкі з глухой амэрыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) – паспрабуйце даць свой адказ.

Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні — залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.

Нумар 7. Дзікія сэрцам (Wild at Heart). 1990

wild_at_heart_1.jpg

Стужка Дэвіда Лінча, якая атрымала Залатую пальмавую галіну ў Канах – гэта яркая, рок-н-рольная вандроўка, што прынясе адным асалоду ў духу «Боні і Клайда», а іншыя сыйдуць з прагляду, як гэта масава было ў амэрыканскіх кінатэатрах пры папярэдніх праглядах. Зь якой катэгорыі вы і вашыя ўпадабаньні?

Стужка спалучае рамантычную мэлядраму, рэзкі гумар і шакавальную жорсткасьць. Вядома, Лінч ня быў бы самім сабою, калі б проста зьняў роўд-муві аб тым, як парачка з герояў Нікаласа Кейджа і Лоры Дзёрн спрабуе зьбегчы ад забойцаў, якіх наняла маці галоўнай гераіні. Сюрэалізм пралізае і ў гэты жанр.

Нумар 6. Мова пяшчоты (Terms of Endearment). 1983

terms_of_endearment_1.webp

Джэймс Л. Брукс зьняў бліскучы фільм, які атрымаў усеагульную любоў і сусьветнае прызнаньне. На адпаведнай цырымоніі Оскар ён стаў пераможцам у галоўных намінацыях, у тым ліку як найлепшы фільм года, а Шырлі МакЛейн і Джэк Нікалсан за свае ролі закаханых.

Але перад намі не рамантычная камедыя, але сямейная драма і лёс адносінаў двух пакаленьняў. Дарослая маці, якая спрабуе выдаваць з сябе непрыступную крэпасьць і адстаўны астранаўт, які гадамі жыве ў даўняй славе, спрабуючы заліць актуальную пустэчу віскі і выпадковымі паненкамі.

Адначасова з гэтым – няпросты лёс дачкі галоўнай гераіні, якая імкнецца да простага шчасьця. Мова пяшчоты ў кожнага свая.

Нумар 5. Лэдзі Бёрд (Lady Bird). 2017

lady_bird_4.jpg

Грэта Гервіг пакінула моцны сьлед у шэрагу фільмаў пра сталеньне падлеткаў. Яна зьняла гісторыю, якая далікатна шчымлівая і шчырая ў сваёй складанасьці. Вечная праблема бацькоў і ўжо не-дзяцей падлеткавага ўзросту, з марамі, расчараваньнямі і жаданьнем вызваліцца. 

Сірша Ронан, адна з самых таленавітых маладых акторак нашага часу, увасабляе дух падлетка на парозе дарослага жыцьця, якая адчайна імкнецца стварыць асобу, адрозную ад свайго кола. Лоры Меткалф у ролі маці Лэдзі Бёрд таксама вельмі пераканаўчая. Адносіны маці і дачкі ў стужцы нагадваюць гледачам пра тонкую мяжу, якая існуе паміж любоўю і раздражненьнем.

Дэбют рэжысэркі атрымаўся выдатным.

Нумар 4. Адрынутыя (Les misérables). 2000

les_miserables_3.jpg

Гэтая тэлевэрсія, пастаўленая Жазэ Даянам зь вялікім засяроджаньнем на эмацыйнасьці, адрозьніваецца імкненьнем паглыбіцца ў заблытаныя пласты гісторыі Віктора Гюго. Стваральнікі прапаноўваюць гледачам дэталёвы разгляд вечных тэмаў французскага клясыка. Магутны вобраз Жана Вальжана ў выкананьні Жэрара Дэпардзье і яго ворага ўсяго жыцьця – інспэктара Жабэра ў манумэнтальным выкананьні Джона Малкавіча – робяць гэтую адаптацыю рамана найлепшай з усіх магчымых.

Узаемадзеяньне паміж Вальжанам і Жавэрам зьяўляецца эмацыйным ядром стужкі. Інспэктар, якога грае Малкавіч - гэта постаць непахіснай, амаль трагічнай адданасьці закону, якая стварае захапляльную мэтамарфозу ў характары Жана Вальжана.

Рэжысэр няўхільна адлюстроўвае жорсткую рэчаіснасьць Францыі ХІХ стагодзьдзя, ад убоства прадстаўнікоў парыжскай бядноты да багацьця яго буржуа. У той час як шматлікія экранізацыі звужаюцца і спрашчаюцца, вэрсія Жазэ Даяна патрабуе ўсяго неабходнага часу, каб дасьледаваць мноства персанажаў і падсюжэтаў.

Адчайная барацьба Фантыны, дзеля таго каб падтрымаць сваю дачку Казэту зьяўляецца адной з ключавых эмацыйных апораў у рамане і фільме.

Нумар 3. Рэйчэл выходзіць замуж (Rachel Getting Married). 2008

rachel_getting_married_2.jpg

Рэжысэр Джонатан Дэмэ выносіць на экраны грубыя эмоцыі і непахісную сапраўднасьць галоўнай гераіні ў выкананьні Эн Хэтуэй. Яе гераіня вяртаецца з рэабілітацыйнага цэнтра ў родны дом на галоўную падзею — вясельле яе сястры Рэйчэл. Разгортваецца не толькі падрыхтоўка да вясельля і сьвяткаваньня, але і апэрацыя вы выкрываньні даўніх крыўдаў і траўмаў, якія ляжаць у аснове гэтай, здавалася б, амаль ідэальнай сям'і.

Неспакойнае мінулае гераіні Эн Хэтуэй, у тым ліку трагічны выпадак, кідае цень на ўсе ўрачыстасьці. Сям’і прыйдзецца прайсьці праз ачышчэньне напярэдадні пабудовы новага.

Нумар 2. Чачара (La ciociara). 1960

la_ciociara_4.jpg

Перад намі — лепшая роля Сафі Ларэн. Рэжысэр Віторыа дэ Сіка, па словах відавочцаў, падчас здымкаў неаднаразова не мог стрымаць эмоцыі і плакаў проста сярод здымачнай каманды. Неабходна папярэдзіць, вас чакае падобная рэакцыя на вялікі фільм.

Іншая назва карціны — «Дзьве жанчыны», што падкрэсьлівае асноўнае, на чым базуецца стужка. Вайна вачыма маці і дачкі. Яны вымушаныя пакінуць Рым, і гледачы становяцца сьведкамі іх падарожжа ў невядомасьць, туды, дзе сканчваецца вайна і зьдзекі, дзе кулі саступаюць месца зялёным лугам, па якіх цячэ малако і мёд.

Выразная і эталонная гульня Сафі Ларэн прынясе эстэтычнае задавальненьне аматарам яе творчасьці.

Нумар 1. Восеньская саната (Höstsonaten). 1978

hostsonaten_2_1.jpg

Калі вы марыце пра тое, каб сядзець у халодным доме і перабіраць уласныя думкі — гэтая праца Інгмара Бэргмана прыйдзецца даспадобы. Складаныя адносіны дарослай дачкі і яе маці ў цэнтры стужкі. Маці, якую грае Інгрыд Бэргман, знакамітая піяністка, якая і ў свае прыблізна 60 знаходзіць попыт на свой талент.

Нядаўна памірае яе муж, і яна прыяжджае пагасьціць да сваёй дачкі ў выкананьні легенды швэдзкага кіно Ліў Ульман. Фільм апавядае пра крыўды, якія праносяцца праз шматлікія дзесяцігодзьдзі, пра памылкі ў выхаваньні дзяцей. Ліў Ульман грае самадастатковую, але не такую зорную кабету, як яе маці. Доўгія восеньскія дыялёгі запаўняюць стужку Інгмара Бэргмана.

Ня будзе лішнім нагадаць, што паміж Інгмарам і акторкай Інгрыд Бэргман няма ніякіх сямейных сувязяў.

Прыемнага прагляду!