Топ-10 лепшых фільмаў на Оскары-2025. Шчырая крытыка

У ноч на панядзелак у сонечным Лос-Анджэлесе адбудзецца чарговая цырымонія ўзнагорджваньня пераможцаў самай знакамітай і ўплывовай кінапрэміі ў сьвеце. У намінацыі «Лепшы фільм» былі вылучаныя 10 стужак, якія мы ўважліва праглядзелі з задавальненьнем (і без). Паспрабавалі сумленна і шчыра раставіць іх па месцах – ад найгоршага да найлепшага фільма.

Кадр з аднаго з фільмаў на Оскары — 2025

Кадр з аднаго з фільмаў на Оскары — 2025

Перадаем на ваш суд падрабязны гайд па стужках на «Оскары-2025»

Агляд «Оскара-2023» глядзіце тут.

Агляд «Оскара-2024» глядзіце тут.

Нумар 10. Анора (Anora). 2024

anora.jpg

Пачнем агляд з найгоршага прадстаўніка ў намінацыі «Лепшы фільм» года. Часам, азіраючыся на гісторыю кіно, беручы пад увагу нават не дасягненьні ўсяго сусьветнага кінематографу, а выключна ўзнагароды на «Оскары», можна схапіцца за галаву. Якім чынам некалі ў сьпісе намінантаў на галоўную статуэтку, няхай і не з ліку пераможцаў, а толькі прэтэндэнтаў, мы мелі стужкі кшталту: «Нафта» ў 2008 годзе, «Выратаваньне шэрагоўца Раяна» у 1999, «Кітайскі квартал» у 1975, «Вялікая ілюзія» ў 1939.

2025-ты запісвае новы радок ў лік тых шэдаўраў – фільм з татальна прымітыўным візуальным шэрагам і страшэнна пустой сэнсавай нагрузкай. Прабіраючыся праз паходжаньні прастытуткі з узбэкскімі каранямі ў ЗША, глядач патоне ў безгустоўных сцэнах і бессэнсоўных дыялёгах.

Галоўная гераіня, па задуме аўтараў, відаць, павінна выклікаць суперажываньне, непакой за яе няпросты хлеб. Але адсутнасьць лёгікі ў паводзінах Аноры не пакідае гледачам такой раскошы. Аўтарам варта было б пераглядзець «Прыгажуню» Гэры Маршала з Джуліяй Робэртс, і нават не брацца за свой фільм.

На двары трэці год поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, а кінематаграфісты пад кіраўніцтвам Шона Бэйкера не знаходзяць нічога лепшага, як паказаць «залатога расейскага хлопчыка», што жыве ў Амэрыцы — сына таямнічага алігарха. Ягоны бацька без праблемаў на асабістым самалёце прылятае ў тыя самыя Злучаныя Штаты. Вайна? Санкцыі? Не, ня чулі.

А каб яшчэ больш дабіць гледачоў: «наглядчыкам» за сынком выступае армянін, які адначасова паказаны як сьвятар армянскай царквы ў ЗША. Што да чаго? Навошта? Адзінае што счытваецца: даўні армянскі эмігрант, «як заведзена», служыць расейскаму пану.

Усё што адбываецца на экране, выглядае як таннае, недарэчнае кіно з расейскага тэлебачаньня. Праўда, краіна вытворчасьці – ЗША.

Адзін з найгоршых фільмаў, што мне даводзілася бачыць у жыцьці.

Дарэчы, менавіта гэтая стужка перамагла на Канскім кінафэсьце летась. У журы французскага конкурсу былі: Грэта Гэрвіг, Амар Сі, Эва Грын. Ім спадабалася.

Нумар 9. Субстанцыя (The Substance). 2024

the_substance.jpg

Рэжысэрка Каралі Фаржа прымусіць тых, хто рызыкне глядзець яе працу, задумацца: а ці не час спыняць кінавытворчасьць увогуле. Гледачоў абваляюць ува ўсемагчымых сьлізкіх і страшэнна непрыемных вадкасьцях, што могуць вылезьці з чалавечага цела. І ўсё – дзеля чарговай спробы паказаць, на што ідзе жанчына ў нашым сьвеце, каб застацца прыцягальнай.

Сто разоў прыкусаныя вусны Маргарэт Куолі, якія ўжо сталі часткай вобразу ледзь не ў кожным фільме зь яе ўдзелам, «сьмелае» распрананьне 62-гадовай Дэмі Мур – выглядаюць заштампованымі прыёмамі, каб прыцягнуць увагу. Зрэшты, згуба той самай увагі ў гераіні Дэмі Мур і становіцца цэнтральным лейтматывам усяго відэашэрагу.

На што ідзе жанчына, каб стаць «лепшай вэрсіяй сябе»? Як заяўляе рэжысэрка Фаржа: на ўсё, да чаго дацягнуцца рукі. Насамрэч, спробы драматычнай гульні Дэмі Мур, пасьля дзесяцігодзьдзяў спэкуляцыі на сваёй прыгожай зьнешнасьці, выглядаюць штучна. «Аб'ектывацыя!» – могуць сказаць сёньня, «толькі бізнэс» – сказалі ўчора.

Наўрад ці нехта асьмеліцца паставіць акторку ў шэраг вялікіх. А вось на сёмым дзясятку гадоў, пасьля безьлічы сапраўдных плястычных апэрацыяў у жыцьці, можна паспрабаваць шакаваць публіку «сьмелым» прыняцьцем ці непрыняцьнем свайго выгляду.

Аўтары нават не паспрабавалі растлумачыць прыроду і прычыны існаваньня таямнічай арганізацыі, якая бясплатна (!) прапануе дзіўны новы прадукт, які надзвычай спэцыфічным чынам вяртае ілюзію маладосьці і сьвежасьці.

Вусьцішна непрыемны хорар, які можна апісаць адным сказам: «Як з гераіні Дэмі Мур вылазіць гераіня Маргарэт Куолі, і як усё гэта ператвараецца ў крывавае месіва».

Нумар 8. Хлопцы з «Нікелю» (Nickel Boys). 2024

nickel_boys.png

Падрыхтуйцеся да вельмі альтэрнатыўнага спосабу здымкаў фільма. Больш за 20 гадоў таму знакаміты Гас Ван Сэнт зьняў свой «Слон» у часткова падобнай манэры: калі камэра апэратара крок за крокам ідзе за героем.

Сучасны творца – пакуль малавядомы РаМэл Рос вырашыў пайсьці яшчэ далей: гледачы нават не бачаць героя. Дрыжачая камэра нібы пераўтвараецца ў зрок аднаго з «хлапцоў з Нікелю». Пазьней у стужцы такую «здольнасьць» атрымлівае іншы падлетак. Але, па шчырасьці, падобны выбар фармату здымкаў – гэта зьдзек над гледачамі. Праз хвілінаў 15 абуджаецца жаданьне падараваць аўтарам стабілізатар ці цялегу для камэры.

«Нікель» у гэтай стужцы не мае дачыненьне да мэталаў: гэта прозьвішча заснавальніка выпраўленчай установы для праблемных падлеткаў. Дзеяньне разгортваецца ў 1960-х. Установа падзеленая на дзьве часткі – як вы магчыма здагадаліся – для белых і для каляровых хлопчыкаў.

Расавая сэгрэгацыя – адзін са «слупоў» амэрыканскага кінематографу апошніх дзесяцігодзьдзяў. Аднак у чарговай стужцы на гэтую тэму не чакайце адкрыцьцяў, не спадзявайцеся на тонкую драматургію. Апроч нестабільнай камэры і недарэчных яшчараў розных памераў у рандомных эпізодах – мала што запомніцца ад патэнцыйна захапляльнай гісторыі.

Сцэнар базуецца на кнізе, якая апісвала рэальныя страшэнныя падзеі ва ўстанове «Нікель». Кніга, відаць, не благая. А вось кіно – складана вытрымаць да канца.

Нумар 7. Дзюна: Частка Другая (Dune: Part Two). 2024

dune_1.jpeg

Падчас прагляду чарговай часткі эпапеі Дэні Вільнёва вас можа засыпаць пяскамі суму. Сьцеражыцеся не патануць у пустыні салодкага сну. Вытрымаць амаль тры гадзіны прыгодаў галоўнага героя ў нуднаватай пастаноўцы – ня проста.

Нагадаем, тры гады таму гледачоў па ўсім сьвеце, напрыканцы першага фільма, пакінулі з тытрам «глядзіце працяг пазьней». Але і пасьля амаль шасьці гадзінаў экраннага часу ў гісторыі мала што адбылося. Таму настойліва раім вам паглядзець цудоўны фільм «Дзюна» ўжо спачылага Дэвіда Лінча, зьнятага ў 1984 годзе.

У другой частцы рымэйку мы пазнаёмімся з бясконцымі краявідамі пустыні, гонкамі на пясчаных чарвяках, глыбока-задуменнымі поглядамі. Усё гэта разам нібы жадае сказаць нам толькі адно: убачымся праз пару гадоў зноў, каб пасьля зьняць яшчэ адну частку.

Палітычныя пературбацыі, падрыхтоўка рэвалюцыі, рэлігійная секта: усё кудысьці зьнікае, як той згаданы пясок, скрозь пальцы.

Сьвет, які прыдумаў у сваіх кнігах Франк Гэрбэрт – няпросты і захапляльны. Гэтая гісторыя мае тысячы фанатаў, аднак увасабленьне на экране Вільнёвам здаецца няўдалай спробай пяра. І гэта можна было б дараваць пачаткоўцу ці малавядомаму рэжысэру, але Дэні Вільнёў, мы бачылі шмат прыкладаў, умее рабіць якаснае кіно. Атрымалася дарагая халтура. Затое прыгожая.

Нумар 6. Злая: Частка 1 (Wicked: Part I). 2024

wicked.avif

Калі вы з трымценьнем узгадваеце клясычны фільм Віктара Флэмінга «Чараўнік краіны Оз» 1939 года з чароўнай Джудзі Гарланд у чырвоных чаравічках, з песьнямі, якія гучаць казачна і праз амаль сто гадоў – дык гэтая вэрсія рэжысэра Джона Чу будзе бясконца далёкая ад мілага фільму нашых бабуляў і дзядуляў.

Пачатак сучаснага мюзікла закране хіба што беларусаў у іх доўгім чаканьні: жыхары краіны Оз масава пачынаюць танчыць і радасна ўсклікаць: «Ура! Радасная навіна! Яна мёртвая!» Гэта датычыцца чараўніцы/вядзьмаркі, якая ўзгадваецца ў назве фільма.

Мы падыйшлі да моманту, калі героем, якога буляць праз «не той колер скуры», ужо складана зьдзівіць. Але на сцэну выходзіць колер зялёны.

Сінція Эрыва, акторка нігерыйскага паходжаньня, грае дзяўчынку, якая ўвасабляе сабою прыгнечаную асобу: яна не родная дачка свайго бацькі, яна мае зялёную (чаму?) скуру і церпіць цкаванні з боку ўсіх навокал. Яе сястра – беласкурая паненка на інвалідным вазку. Інклюзіўнасьць дапаўняе чараўніца-выкладчыца азіяцкага паходжаньня ў выкананьні Мішэль Йеа.

Гледачоў чакае сустрэча з цалкам нераскрытымі героямі — выкладчыкамі ўнівэрсітэту: казламі і іншымі жывёламі, што ўмеюць размаўляць. Вы ніколі не зразумееце прычыну іх прыгнёту з боку пэўнай групы людзей. Гэтыя жывёлы зьбіраюцца разам на таемныя сходы, каб абмяркаваць непадпарадкаваньне трымальнікам улады. Аўтары так і не даюць адказу: чаму, што, хто.

Галоўныя гераіні – «злая» і «добрая» вядзьмаркі пакідаюць уражаньне пустых дзяўчынаў, якія дзейнічаюць без зразумелых матывацый. Іх дыялёгі, як і песьні, падаюцца штучнымі і не пакідаюць у сэрцы водгуку. Стужка цалкам падыйшла б да фонавага прагляду суботняй раніцай, пакуль сям'я прачынаецца, чысьціць зубы і папівае каву. Чаму кінаакадэмікі вырашылі, што гэтае мастацтва варта ўзьнесьці да намінацыяў на «Оскар» – пытаньне цікавае, а адказ відавочны.

Нумар 5. Цалкам невядомы (A Complete Unknown). 2024

a_complete_unknown.jpg

Цалкам прахадны фільм Джэймса Мэнгалда быў бы куды ніжэй у нашым сьпісе, калі б не іншыя стужкі ў оскараўскай намінацыі на «лепшы фільм» года. Чарговы (узгадаем працу Тода Хэйнса 2007 года – «Мяне там няма») баёпік аб жыцьці і творчасьці Боба Дзілана.

Стужка засяроджваецца на першых творчых гадах будучага нобэлеўскага ляўрэата. Андэрграўндныя бары, фолк фэсты, разьлічаныя на олдскульных аматараў гэтага стылю, і вечна адсутны позірк Цімаці Шаламэ, які ўзяўся прымерыць пінжак славутага музыкі.

Ведаеце, падаецца, больш сэнсавай напаўняльнасьці можна знайсьці ў выпадковым дакумэнтальным відэа на YouTube, чым у 2,5 гадзінным фільме Мэнгалда. Які галоўны мэсэдж плянаваў данесьці рэжысэр – цалкам невядома, паўтараючы за назвай фільма. 

На жаль, нават «рамантычныя» хістаньні галоўнага героя ў асьветленыя гады выглядаюць хутчэй чарнавіком, чым прапрацаванай лініяй у фільме. Агулам стужка ня кепская, але вельмі нудная. Лепш паслухаць песьні Боба Дзілана і не губляць час на прагляд.

Нумар 4. Эмілія Перэс (Emilia Pérez). 2024

emilia_perez.jpg

Французскі рэжысэр Жак Адыяр зьняў мюзікл на гішпанскай мове пра мэксіканскі наркакартэль, кіраўнік якога вырашае зьмяніць імя, дзейнасьць і ў дамешак да ўсяго – зрабіць апэрацыю па зьмене полу.

Гучыць вельмі сьмела, выглядае ў выніку дзіўна. Адразу неабходна сказаць, што пасьля трыюмфальнага шэсьця па «кінасэзоне ўзнагародаў» аўтары трапілі ў шэраг непрыемных скандалаў, якія амаль паставілі крыж на шансах фільма перамагчы.

Справа ў тым, што рэжысэр у інтэрвію назваў гішпанскую «мовай бедных краінаў, мовай жабракоў і мігрантаў». А выканаўца галоўнай ролі – Карла Гаскон была вымушаная апраўдвацца за свае твіты амаль дзесяцігадовай даўніны, якія былі абвешчаныя «расісцкімі». Але вернемся да стужкі.

Гісторыя магла стаць сучасным увасабленьнем папялушкі, калі б не вышэйзгаданыя скандалы. Справа ў тым, што акторка Карла Гаскон яшчэ ў 2018 годзе была... акторам Карласам Гасконам. І ў жыцьці перажыла тое, што ёй даверылі перанесьці і на экранны вобраз – доўгую, складаную працэдуру зьмены пола.

Мюзікл у гэтым годзе дыхае на поўныя грудзі. І ўсё ж у сьвеце мэксіканскіх наркакартэляў, дзе ў рэчаіснасьці адбываецца каля 30 тысячаў забойстваў у год, складана ўявіць мюзікл.

Жак Адыяр рызыкнуў, і, верагодна, выйшаў са сваёй працай у патрэбны час. Калі абстрагавацца ад шэрагу невытлумачальных учынкаў герояў і сачыць за разгортваньнем гісторыі крыху здалёк, нельга не прызнаць цудоўнае ўвасабленьне ў сваёй ролі Зоі Салдана. Яе гераіня з лёгкасьцю адкідвае карумпаваны юрыдычны сьвет і за пару сэкундаў згаджаецца працаваць (яшчэ нават ня ведаючы ў якім фармаце) на знакамітага злачынцу, забойцу і выкрадальніка людзей.

Матывацыю гераіні складана, калі не сказаць немагчыма, адсачыць напрацягу фільма. Тое самае можна сказаць і пра героя/гераіню Карлы Гаскон. Гледачы са зьдзіўленьнем назіраюць за тым, як былы наркабарон адчыняе «сацыяльную службу» па пошуку зьніклых людзей. Гэты (і іншыя) хады рэжысэра выклікалі магутную хвалю крытыкі ад жыхароў Мэксікі, якія доўгія гады пакутуюць ад жахлівай рэчаіснасьці.

На крытычныя стрэлы Жак Адыяр адрэагаваў не па-мужчынску. Рэжысэр заявіў, што ён асабліва не рыхтаваўся да здымкаў і не забіваў галаву «мэксіканскімі дробязямі» ў назвах, пасадах афіцыйных асобаў і юрыдычнай практыцы у гэтай краіне. Адыяр сказаў, што тое, што было патрэбна яму для здымкаў пра Мэксіку, ён і так ведаў загадзя. А дарма.

Што адрозьнівае мюзікл ад іншых фільмаў, у якіх нехта сьпявае ці проста гучыць музыка? Найперш яскравыя нумары, якія надоўга застаюцца ў памяці. У «Эміліі Перэс» песьняў шмат. Але вы забудзеце іх назаўтра.

Нумар 3. Бруталіст (The Brutalist). 2024

the_brutalist.png

«Гэтае месца гнілое. Ляндшафт, ежа, якую мы ямо. Уся гэтая краіна гнілая», – кажа жонка галоўнага героя ў фільме.

Падаецца, сусьвет кіно здабыў новае, моцнае рэжысэрскае імя. Гэта – Брэйдзі Корбэ, які ўварваўся ў шэрагі майстраў з доўгім фільмам пра вялізныя задумы і траўмы, якія ніколі не пакідаюць. Пры праглядзе непазьбежна ўзгадваюцца танальнасьць і эмацыйны фон працы Пола Томаса Андэрсана 2007 года «Там будзе кроў» – фільм, які ў Беларусі стаў больш вядомы як «Нафта».

Апроч гэтага, з памяці безумоўна будуць даносіцца кадры і эпізоды з даўнейшага фільма «Піяніст» Рамана Паланскі. У дадзеным выпадку замяняем прафэсію музыкі на архітэктара, Польшчу на Вугоршчыну, а самі жахі вайны на час, які надыйшоў пасьля яе. Тым больш што Эдрыян Броўдзі, галоўны актор у абодвух карцінах, нібы працягвае граць сваю найлепшую ролю.

Перад намі манумэнтальнае кіно, якое ў наш час амаль вымерла. Шырокія мазкі аўтара злучаюць у адну гісторыю і тых, хто выжыў у канцлягеры «Бухэнвальд», і насьцярожанае стаўленьне амэрыканскіх элітаў да мігрантаў (у дадзеным выпадку габрэяў), і ўрэшце здольнасьць асобнага чалавека загаіць сваераны ці прынамсі сьцішыць боль. Дзеля гэтага нехта абірае пагружэньне з галавой у працу ўсяго жыцьця, іншы – наркотыкі альбо гвалт.

Візуальна «Бруталіст» пабудаваны на магутных, грувасткіх, велічных плянах. Уявіце сабе эпічнае кіно пра менскі Палац Рэспублікі, пра каралеўства бетону і сьмяротна-халоднага мармуру, якое ў вачах творцы выглядае паэтычным выказваньнем.

У мінулым дзесяцігодзьдзі Крыстоф Вальц атрымаў два «Оскары» за ў нечым самапаўторныя ролі ў стужках Квэнціна Таранціна. Калі падобны трук атрымаецца зрабіць Эдрыяну Броўдзі з «Піяністам» і «Бруталістам» – не зьдзіўляйцеся.

Гэта не шэдэўральнае кіно, але, безумоўна, амаль лепшы фільм 2024 года.

Нумар 2. Я ўсё яшчэ тут (Ainda estou aqui). 2024

ainda_estou_aqui.jpg

Фільм, якога патрабуе Беларусь ужо сёньня.

Гэтая гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях, пра краіну, назва якой пачынаецца на «Б». У гэтай краіне пануе крывавая дыктатура, людзей арыштоўваць сотнямі, некаторыя зьнікаюць назаўжды.

Бразыльскі рэжысэр Уолтэр Салес знаёміць сьвет з цёмным перыядам сваёй радзімы. Гаворка пра пачатак 1970-х, калі панавала ваенная дыктатура. Аўтар, відавочна, перанес і асабістыя ўспаміны і адчуваньні: ва ўзросьце 15-ці гадоў ён разам з сям'ёй вярнуўся ў Бразылію, акурат у той час. 

Стужка моцна трымаецца за літаратурна-дакумэнтальную крыніцу: сцэнар напісаны на падставе ўспамінаў сына Рубэнса Пайвы – былога кангрэсмэна паўднёваамэрыканскай краіны, які быў выкрадзены агентамі ваеннага рэжыму.

Гісторыя адчайных спробаў жонкі скрадзенага чалавека знайсьці справядлівасьць, праўду і дамагчыся прызнаньня злачынстваў – гэта страшэнная рэчаіснасьць для сотняў сем'яў Беларусі сёньня.

Моцны фільм, які, нягледзячы на драматызм, дае сьветлыя водбліскі надзеі.

Больш за 50 гадоў таму выбітны грэцкі рэжысэр Коста-Гаўрас зьняў шэраг палітычных трылераў, якія, несумненна, служылі натхненьнем для Ўолтэра Салеса. У тым ліку «Дзэта» 1969 года, дзе грэк паказвае вядомага палітыка ў Паўднёвай Амэрыцы, чыё публічнае забойства на фоне жорсткай дэманстрацыі хаваецца ваеннымі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Яны спрабуюць выставіць гэта як няшчасны выпадак.

А ў стужцы «Прызнаньне» 1970 года дзеяньне адбываецца ў Чэхаславаччыне. Намесьнік міністра замежных справаў арыштаваны і без тлумачэньняў кінуты ў засьценкі.

Аднак Уолтэр Салес адыходзіць ад непасрэднага апісаньня злачынстваў перыяду дыктатуры. Замест гэтага – трагедыя адной сям'і. А таксама – ледзь заўважныя маленькія штрыхі, якія, магчыма, не так моцна адгукнуцца сучасным гледачам умоўнай Бэльгіі. Напрыклад, радасны адпачынак на пляжы раптоўна, на імгненьне, становіцца трывожным, калі па вуліцы проста праяжджаюць машыны, нагружаныя мясцовымі губазікамі.

У галоўных герояў стужкі цэлых пяць дзяцей, і, варта адзначыць, ніхто зь іх не губляецца ў віры падзеяў. Іх характары цудоўна выпісаныя на экране.

А свой цудоўны, моцны фільм ён зьняў менавіта ў той год, калі ў Бразыліі да ўлады прыйшоў Лула да Сілва — галоўны бразыльскі сацыяліст. Зьмяніў ён Жаіра Балсанару — чалавека, погляды якога некаторыя паўднёваамэрыканскія левыя эксперты параўновалі з той самай ваеннай дыктатурай пачатку 1970-х.

Нумар 1. Канклаў (Conclave). 2024

conclave.jpg

Лепшым фільмам года, з вылучаных на галоўную прэмію «Оскар», я абраў камэральную працу Эдварда Бэргера. Яго папярэдняя стужка два гады таму заваявала безьліч розных узнагародаў і тысячы сэрцаў ва ўсім сьвеце. Гаворка пра антываенны фільм «На заходнім фроньце бяз зьменаў». 

Гэтым разам нямецкі рэжысэр «пераехаў» крыху на поўдзень, у Ватыкан. Несумненна, яшчэ большую цікавасьць да фільма выклікалі падзеі апошніх дзён  Папа Францішак, як паведамляецца, знаходзіцца ў цяжкім стане ў рымскім шпіталі. Масавыя сусьветныя малітвы за Пантыфіка, а таксама прысутнасьць вышэйшых герархаў Каталіцкага Касьцёла ў Ватыкане, безумоўна, падвышаюць цікаўнасьць да стужкі.

Як вядома, адразу пасьля таго, як папярэдні Папа памірае ці сыходзіць на пакой (што за апошнія 500 гадоў было ўсяго аднойчы – з Бэнэдыктам XVI у 2013 годзе), распачынаецца канклаў. Гэта таямнічая і цалкам зачыненая працэдура выбару новага кіраўніка Каталіцкага Касьцёла — новага Папы Рымскага.

Эдвард Бэргер у прыгожым і тонкім фільме спрабуе падглядзець у Сікстынскую капэлу, бо менавіта там застаюцца замкнёнымі на ключ прыблізна 120 кардыналаў з усяго сьвету, каб абраць паміж сабою новага лідара. Стужка нашмат больш удалая, чым павярхоўны і скандальны сэрыял нядаўняга часу – «Малады Папа» з Джудам Лоў у галоўнай ролі.

Пры ўсёй павазе да спадара Джуда, выканаўца галоўнай ролі ў «Канклаве» – Ральф Файнс – належыць да вышэйшай лігі сучасных актораў. Можна нават дапусьціць, што калі б замест яго роля адыйшла некаму іншаму – стужка атрымалася б у разы горшай.

Суцэльная асалода назіраць за палітычнымі манэўрамі тых, чый галоўны абавязак – духоўныя справы ўсяго чалавецтва. У сёньняшнім сьвеце, дзе кожны другі стаў экспэртам па выбарчых калізіях, паказаць сутыкненьне кансэрватыўнага і лібэральнага крыла сярод калегіі кардыналаў – вельмі ўдалы ход.

Афіцыйна, ніякія палітычныя аспекты не павінны ўплываць на выбар кожнага зь іх, бо ў працэсе абраньня дзейнічае Дух Сьвяты. Але неафіцыйна, вядома, усё куды больш складана.

Фэерычная гульня Ральфа Файнса трымае на сабе ўвесь фільм.

«Нашая вера — жывая менавіта таму, што яна крочыць рука аб руку з сумненьнем. Калі б была толькі ўпэўненасьць і ніякіх сумневаў, не было б ніякай таямніцы. І тады вера не спатрэбіцца. Памолімся, каб Бог даў нам Папу, які сумняецца. І няхай дасьць нам Папу, які грашыць, і просіць прабачэньня, і працягвае» — кажа галоўны герой «Канклаву».

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.