Парадокс Айко. З нагоды 8 сакавіка — дня ўсё яшчэ барацьбы за правы кабетаў

У час імкненьня да гендарнай роўнасьці ў заходніх дэмакратыях, а часта і ў аўтарытарных рэжымах, не зважаючы на фэмінісцкія змаганьні і шматлікія рэальныя дасягненьні, ідэя роўнасьці паміж мужчынамі і жанчынамі дасюль застаецца далёкай да ажыцьцяўленьня. 

1741357785259blob.jpg

Гендэрная роўнасьць храсьне ў біялягізьме. Сацыяльна эвалюцыянаваўшы і цягам стагодзьдзяў выбудаваўшы моцную сацыяльную сыстэму, чалавецтва дасюль часта тлумачыць многія рэчы біялягічнымі чыньнікамі. Першымі ахвярамі такога прымітыўнага і састарэлага падыходу ўсё яшчэ застаюцца жанчыны.

Парадаксальны і скандальны выпадак японскай прынцэсы Айко, якая ня можа ўспадчыць японскі сталец і стаць самастойнай імпэратаркай з той простай прычыны, што яна — жанчына — адзін з шматлікіх доказаў выбудаванай здаўна другаснасьці ці маргінальнасьці жаночага і прыклад усё яшчэ паразы дэмакратыі ў 21 ст. Бой за Айко азначае бой за паглыбленьне ідэі роўнасьці паміж паламі, а параза Айко і саступка стальца дзядзявай лініі прынцэсы і мужчынскаму прэтэндэнту даводзіць, што чалавецтва ўсё яшчэ застаецца ў прымітыўнай і біялягічнай стадыі разьвіцьця. На стадыі антрапацэну ў пытаньні гендарнай роўнасьці мы ўсё яшчэ застаемся ў галяцене. 

Прынцэса Айко

Прынцэса Айко

Праўда, варта адзначыць, заходнія канстытуцыйныя манархіі амаль усе мадэрнізавалі законы адпаведна з сучаснымі дэмакратычнымі патрабаваньнямі і фэмінісцкім духам часу: цяпер кабеты могуць прэтэндаваць на сталец там, дзе раней дамінавала салічная традыцыя, якая забараняла ім станавіцца караліцамі. Прынцып першародзтва дамінуе ў большай частцы эўрапейскіх манархіяў, за выняткам Гішпаніі. У Гішпаніі спадчыньніцай стальцу зьяўляецца інфанта Леанор. Аднак, калі ў караля і каралевы Гішпаніі нарадзіўся б яшчэ хлопец, што малаверагодна, то ён бы аўтаматычна стаў першым спадчыньнікам — яму б аддалі перавагу перад старэйшай сястрой. Нават у Эўропе гендэрныя дасягненьні хісткія і часта ставяцца пад сумнеў.

У чым жа парадокс (а адначасова скандал і трагедыя) прынцэсы Айко? Нараджэньне прынцэсы Айко ў 2001 годзе дало штуршок ажыўленым спрэчкам у Японіі адносна таго, ці павінна існая сыстэма атрыманьня ў спадчыну па мужчынскай лініі, выкладзеная ў Законе Імпэратарскага Дому 1947 году, быць зьмененая ў бок абсалютнага першародзтва, што дазволіла б жанчыне атрымаць у спадчыну Хрызантэмавы Сталец, нават пры наяўнасьці ў яе малодшага брата. Хоць у імпэратарскіх хроніках японскай гісторыі знаходзяць восем імпэратарак, якія цалкам самастойна кіравалі і ўслаўлялі Японію, сучасны закон не дазваляе кабеце станавіцца паўнавартаснай сувэрэнкай. Аднак японская дэмакратыя спрабавала зьмяніць жанчынаненавісьніцкі закон Імпэратарскага Дому. Так, прызначаная ўрадам група экспэртаў прадставіла 25 кастрычніка 2005 году справаздачу, згодна зь якой было рэкамэндавана зьмяніць Імпэратарскі закон аб парадку атрыманьня ў спадчыну ад прынцыпу мужчынскага першародзтва ў бок абсалютнага першародзтва. 20 студзеня 2006 году прэм’ер-міністр Д’юн’іціра Каідзумі адвёў частку сваёй штогадовай праграмнай прамовы абмеркаваннью дадзенага пытаньня, калі ён абавязаўся прадставіць у парлямент законапраект, які дазваляе жанчынам спадкаваць імпэратарскі сталец у будучыні. Пляны па зьмене закону аб атрыманьні ў спадчыну стальца па мужчынскай лініі былі адкладзеныя пасьля таго, як у лютым 2006 году было абвешчана, што брат бацькі, прынц Акісіна (Фуміхіта), і ягоная жонка, прынцэса Кіка, чакаюць нараджэньня іхняга трэцяга дзіцяці. 6 верасьня 2006 году прынцэса Кіка нарадзіла сына, прынца Хісахіта, які стаў трэцім у парадку атрыманьня ў спадчыну Хрызантэмавага Стальца згодна з гэтым законам, пасьля ягонага дзядзькі, спадчыннага прынца Нарухіта, і ягонага бацькі, прынца Акісіна (Фуміхіта). Нараджэнне прынца забясьпечыла першага мужчынскага нашчадка, які быў народжаны ў імпэратарскай сям’і за апошнія 41 год. 3 студзеня 2007 прэм’ер-міністр Сіндза Абэ заявіў, што здымае прапанову аб зьмене Закона Імпэратарскага Дому.

Аднак яшчэ ня цалкам выключаны прынцып распаўсюджвання на жанчынаў права атрыманьня ў спадчыну стальца. Так, прафэсар канстытуцыйнага права і адзін з галоўных прыхільнікаў рэформы Кайсі Ёката папярэджвае, што дасюль «няма гарантыяў пераемнасьці імпэратарскай сям'і, пакуль ня будуць прынятыя гнуткія правілы ўспадкоўваньня». І якраз прыняцьце права абсалютнага першародзтва магло б стабілізаваць пераемнасьць і ўзмацніць Імпэратарскі Дом. Акрамя таго, большасьць грамадзкай думкі застаецца ў значнай ступені прыхільнай да гэтага перагляду і, такім чынам, да спадкаваньня стальца прынцэсай Айко. Многія прэм'ер-міністры выказваюцца ў падтрымку абсалютнага першародзтва, але не прымаюць адпаведнага закону. 

Такім парадкам, з 2005 па 2025 год ніводны японскі ўрад так і не давёў справы да канцы, здаўшыся перад патрыярхальнай традыцыяй. Лёс прынцэсы Айко, якую лёгка забылі, як толькі нарадзіўся Хісахіта, насамрэч, падкрэсьлівае аўтарытарнасьць і гіерархізаванасьць японскай палітычнай культуры. І ў 21 ст. кабета ў Японіі — не раўня мужчыну. 

Хаця апытаньні 2023 году паказалі, што 80% насельніцтва Японіі ўсё яшчэ бачаць і падтрымліваюць жанчыну на Хрызантэмавым Стальцы. У 2024 годзе манга Кабаясі Ёсіноры пад назвай «Прынцэса Айко — імпэратарка» выклікала дэбаты, а таксама была распаўсюджаная сярод дэпутатаў парлямэнту. Такім парадкам, апошняя кропля ў дэбатах не пастаўленая. Грамадзянская супольнасьць, у прыватнасьці, фэмінісцкія асацыяцыі працягваюць адвакатаваць пытаньне, шукаючы палітычных каналаў актуалізацыі тэмы. Мажліва японскай прынцэсе Айко патрэбная і міжнародная салідарнасьць, пэтыцыі і падтрымку з усяго сьвету. Дакладна пра гэта трэба казаць і біць у званы напярэдадні фэмініскага сьвята 8 сакавіка.

Манга «Прынцэса Айко — імпэратарка» 

Манга «Прынцэса Айко — імпэратарка» 

Парадокс ці хутчэй трагедыя японскай прынцэсы Айко ды ўсёй японскай дэмакратыі так проста даводзіць звышактуальнасьць унівэрсальнай фэмінісцкай позвы дня, важнасьць гендарных дасьледаваньняў і да ўсяго робіць 8 сакавіка не цукеркава-кветкавым сьвятам, а ўсё яшчэ змагарскім днём за правы кабетаў супраць патрыярхальных установак і скрыптаў, моцна ўетых у чалавечыя традыцыі і звычкі.