Здаецца, яны не хварэюць, і нават не паміраюць. Як грэкі паразумеліся з пякучым сонцам?
Мае адносіны з грэкамі пачаліся даволі бесперспектыўна некалькі гадоў таму, калі я паспрабаваў самастойна з’ездзіць у падарожжа ў Грэцыю: нявыдадзеныя візы без аніякіх падстаў, змарнаваныя сілы на спробы дабіцца праўды.
Мая цётка, майстар спорту па пастаноўцы чыноўнікаў на месца, якая ў 1990-х гадах прымусіла міністра МУС РБ прасіць пісьмова ў яе прабачэння, сказала мне, каб я напісаў у газету «Труд». Маючы сумнеў у існаванні такой газеты і ў тым, што грэкі яе чытаюць, я настрачыў пасланне грэчаскаму амбудсмену, ціснучы на агульнае з Беларуссю праваслаўе і на сваё высакароднае памкненне — пабываць у краі, дзе нарадзілася еўрапейская цывілізацыя. У адказ мяне цывілізавана паслалі шукаць шчасця зноў і зноў у маскоўскай амбасадзе Грэцыі — а раптам у нейкі раз мне ўсё ж пашчасціць у латарэі, і чарговая заплачаная за разгляд анкеты сотня еўра акажацца выйгрышнай.
Пасля такой велікадушнай прапановы ўжо паслаў іх я разам з усёй іх калыскай цывілізацыі, так што яшчэ доўгі час не купляў нават грэцкі ёгурт.
Але пасля майго перасялення на 600 кіламетраў на захад ад дому — Грэцыя нечакана стала больш дасягальнай за Грузію, толькі паспей загадзя купіць недарагія авіяквіткі. А калі не паспеў іх набыць, — не бяда. Проста трэба пашукаць квіткі на суседнюю выспу. Так літаральна за некалькі дзён я даведаўся, што лячу не ў Салонікі, а на Корфу.
Імя табе — лаўкост
Ужо ў аўтобусе, які падвозіць да трапу, — стала ясна, што нешта ідзе не так: нас не выпускаюць хвілін сорак, персанал хаатычна мітусіцца вакол самалёта — відавочна, яго толькі пачынаюць прыводзіць у парадак пасля папярэдняга рэйсу.
Пасля загрузкі ў салон пілот урачыста і натхнёна абвяшчае, што неба ніколі не было такім напоўненым самалётамі, і мы вымушаныя чакаць наступнай магчымасці ўзлёту мінімум 2 гадзіны. Пасля пад'ёму а трэцяй ночы для таго, каб па іх жа просьбе паспець на пасадку мінімум за дзве гадзіны «ў сувязі з перагрузкамі на напрамку», такая навіна можа натхніць хіба што на тое, каб даць па мордзе сцюарду альбо… заснуць. Цікава, што ў адваротным шляху наш самалёт (праўда, ужо іншай авіякампаніі) чакаў адкрыцця паветранага шляху ўсяго адну гадзіну.
Грэкі, горы, мора
Забраніравалі гасцініцу ўсяго ў кіламетры ад пляжа. Як аказалася — у кіламетры горнай дарогі. З улікам дзіцячага вазка і спёкі за 30 градусаў, кожны пад'ём аказаўся выклікам на трываласць. Але калі мы навучыліся карыстацца прыгарадным аўтобусам, які пару разоў на дзень узбіраўся на патрэбны нам пагорак (гарой самі грэкі такое не называюць) — стала не хапаць той самай горнай дарогі з яркімі зоркамі ўвечары, з аліўкавымі гаямі паабапал.
Можа таму грэкі і прыдумалі столькі гісторый пра зоркі — бо ім заўжды да іх было трохі бліжэй, і быў час пра іх падумаць падчас такіх вось спускаў і пад'ёмаў. І была магчымасць разнесці па ўсёй айкумене вестку пра сваіх багоў і сузор’і на ветразях сваіх караблёў, што чакалі ля падножжа...
Нас жа на беразе чакае куплены за 10 еўра пляжны парасон (наўмысна не бралі нічога такога з сабой, каб не плаціць за багаж), пясочна-галечны, не дужа запруджаны людзьмі пляж і Іанічнае мора, якое з нейкай асаблівай моцай не жадае тапельцаў, і таму неяк асабліва ўпарта выштурхоўвае цела з вады.
Грэкі і шчасце
Грэкі ўсміхаюцца. Яны народжаныя быць шчаслівымі і не хаваюць гэтага. Усе іх тэрасы ля жылых дамоў — выглядаюць настолькі прывабна і ўтульна, што часам не адрозніш іх ад кавярні.
Звычайнае вясковае свята, якое знешне мала чым адрозніваецца ад такога ж у Беларусі, — дыхае радасцю і непасрэднасцю: мясцовыя сядаюць вялікімі кампаніямі і сем'ямі за пластыкавыя сталы, слухаюць выступ гурта традыцыйнай музыкі а-ля нашага ансамбля «Бяседа», выпіваюць ды закусваюць.
Мясцовы бацюшка гойсае між сталоў і гасцей, з усімі вітаецца, каштуе традыцыйную смажаніну з ражна. Як аказалася потым, з-за гэтага суботняга свята ў храме была адменена нядзельная літургія — блюзнерства для беларускіх рэалій.
«А хто б на яе прыйшоў пасля такога застолля?» — кажа мне знаёмы святар.
Я ўзгадваю непрыстойна нізкі кошт піва на свяце — і разумею, што ён мае рацыю.
Бізнес і смерць
Мяне здзівіла ўменне грэкаў, задзейнічаных у сферы турыстычных паслугаў, дапамагаць без разліку на прыбытак — гэта зусім не ўласціва турыстычным рэгіёнам.
У турыстычным бюро супрацоўнік, зразумеўшы, што яго паслуга нам не падыходзіць, — распавядае ўсё, што ведае, пра паслугу канкурэнтаў, якая падыдзе нам больш. У сувенірнай краме, кавярні — прадавец і афіцыянт не пашкадуюць сваіх працоўных хвілін, каб патлумачыць, як табе прайсці ў іншае месца.
Штось падобнае адбываецца ў шпіталі св. Марка пры царкве, куды мы прыязджаем з жонкай, якая парэзала нагу на пляжы. Яе глядзяць некалькі дактароў, дастаюць кавалкі шкла з нагі, раяць не перажываць, бо «сонца і мора ўсё дэзінфікуюць». Напрыканцы я трасу страховачнымі карткамі перад носам лекара, пытаюся, як афармляць гэты візіт, — а ён у адказ кажа, што такая дапамога ў іх бясплатная, і каб мы не забылі ў сваёй краіне атрымаць кампенсацыю за выпісаны імі рэцэпт.
Цікава, што акрамя нас там не было аніводнага пацыента. У мяне такое адчуванне, што грэкі туды проста не ходзяць, бо не хварэюць. І нават не паміраюць. Яны проста распускаюцца ў моры ці рассыпаюцца ў саленаватым паветры.
На адваротнай дарозе са шпіталя мы сустракаем акурат такую парачку старэнькіх прадаўцоў сувенірнай крамы: прасоленая, абветраная лагодным ветрам скура і позірк — з марской глыбінёй.
Цікава, што грэкаў сустракаем пастаянна на пляжах: пры ўсёй «недатыкальнасці» турыстычнага сезону яны знаходзяць час прыйсці сюды для свайго задавальнення.
Грэкі і сонца
Уся культура быццам бы скіравана на тое, каб знайсці паразуменне з пякучым сонцам: пахілыя навесы на балконах, бясконцыя галерэі і тэрасы ўздоўж вуліц, драўляныя аканіцы, што не прапускаюць святло, але прапускаюць паветра.
Усё, што трэба ведаць пра тэхналогію будаўніцтва гаражоў у Грэцыі
Нешта не відно, каб грэкі спрабавалі выціснуць максімум выгоды з гэтага дабраславёнага ядзернага ліхтара. У іх нейкія свае адносіны з ім. Я нідзе не заўважыў сонечных батарэй. Але яны добра ведаюць, калі з сонцам варта сябраваць, і калі — не.
Уласнік і прадавец кандытарскай на пытанне пра час працы адказвае, што пачынае а 6-й раніцы і працуе да 13-ці, затым перапынак, і потым ад 6-ці вечара да 10-11-ці…
«Да 11 вечара?!» — перапытваю я. — «Так, — нібы апраўдваецца ён, — бо ў мяне сям’я, не магу ж я ўвесь час тырчаць».
Грэкі, прастора і час
Культуру грэкаў увогуле не назавеш тэхналагічнай. Нелагічныя на першы погляд дарогі, нерацыянальна арганізаваная прастора (якая нагадала мне арабскія кварталы Ерусаліма) — але знаходзіцца прыемна і ў доме, і знадворку.
Праўда, у іх нейкае асаблівае стаўленне да грамадскай прасторы: мы бачылі закінуты сквер за калючым дротам і разбітымі ліхтарамі, мы не бачылі ніводнай дзейнай дзіцячай пляцоўкі (але сустрэлі некалькі закінутых і зачыненых), мы пастаянна былі вымушаныя шукаць сметніцу і прыбіральню (хаця смецце — бяда ці не ўсіх паўднёвых курортаў), мы двойчы рэзалі ногі аб кавалкі разбітых бутэлек на пляжы і ўвесь час не маглі змірыцца, што прыватнымі аўтамабілямі застаўляюць аўтобусныя прыпынкі, а самі прыпынкі занядбаныя настолькі, што радуешся таму, што яны хаця б абазначаныя.
Цікава, што ў раскладзе на прыпынках не знойдзеш часу, калі аўтобус з’явіцца канкрэтна на гэтым прыпынку, а толькі час яго ад'езду ад пачатковага пункту. Сам вылічвай, калі ён прыедзе сюды. Але, што цікава, з першага прыпынку аўтобусы звычайна адпраўляюцца пунктуальна. Відаць, у грэкаў нейкія свае асаблівыя стасункі з часам.
Кіроўцы
Яшчэ са сваёй юнацкай паездкі ў грэцкую частку Кіпру памятаю царкоўны анекдот: святар і кіроўца пасля смерці трапілі на Божы суд. Бог адпраўляе першага ў рай, другога — у пекла. «За што?! — пытаецца святар,— я ж служыў Табе ўсё жыццё!» «У тым і справа, — кажа Бог, — што калі ты Мне служыў, усе людзі спалі замест таго, каб маліцца, а калі гэты кіроўца вёў машыну, то ўсе, хто ехаў з ім, — маліліся, замест таго, каб спаць». Аўтобусы тут носяцца з дзікаватай хуткасцю, і іх цяжка спыніць, галасуючы рукой на прыпынку. Пакуль ты выбіраўся з ценю, каб ён цябе ўбачыў, пакуль уздымаў руку — ты ўжо бачыш азадак аўтобуса, а не сонечныя акуляры кіроўцы-бандэраса.
А калі табе ўдаецца злавіць яго — бандэрас будзе вельмі інтэлігентным і зычлівым, заўжды спецыяльна адчыніць цэнтральныя дзверы для больш зручнага ўваходу з вазком.
Але адзін кіроўца, пасля таго, як я, спыніўшы аўтобус, падкатваю вазок да дзвярэй, чамусьці зрываецца і едзе далей. Агаломшаны такім свінствам, бягу за аўтобусам, б’ю кулаком аб корпус. Бандэрас спыняецца, выходзіць і прымяняе ўвесь набор лаянкавых слоў з «Дэсперадо» ў мой адрас. Сам ты ступід, кажу. Бандэрас сядае ў свой лятальны апарат для нізкіх вышыняў і стартуе.
За ім адразу спыняецца яшчэ адзін аўтобус з падобным нумарам, і брат бандэраса кажа, што патрэбны мне аўтобус, які ўздымаецца на пагорак — вунь, наперадзе, ужо сышоў. Я жалюся, што той бандэрас не адчыніў дзверы. Брат бандэраса даганяе бандэраса, спыняе яго (і ўсю інтэнсіўную транспартную плынь на ўзбярэжнай шашы), і нешта яму кажа. Бандэрас вылазіць з кабіны, пешшу вяртаецца да нас і жэстамі запрашае ў аўтобус, дапамагае данесці вазок з дзіцём па дарозе, ужо цалкам закупоранай транспартам з-за нашага курортнага шоу. Выбачаецца і тройчы адмаўляецца браць грошы за праезд.
Я не ведаю, што такога можна было сказаць бандэрасу, каб ён у імгненне ператварыўся ў ягня Божае, але я дакладна ведаю, кіпрыёцкі анекдот быў пра яго. Толькі праз некалькі дзён я зразумеў, што кіроўцы рэдкага рэйса, які падымаецца ў гару, — заўжды перакананыя, што турыст, які спыняе аўтобус на гэтым прыпынку, — памыляецца, і яму патрэбны іншы рэйс, які ідзе далей па курортных пасёлках.
Цікавосткі
За ўвесь час мы аб’ехалі не так шмат мясцінаў на Корфу. Пабывалі ў рыбацкай вёсцы Палеакастрыца з яе лазурным морам і знакамітым багародзічным манастыром — даволі мілавіднай мясцінай, але наўрад ці вартай такога няпростага шляху з адной толькі турыстычнай мэтай.
Нават славуты музей абразоў пры манастыры выглядае даволі сціплым у параўнанні з Візантыйскім музеем у Керкіры. Там жа, падчас падарожжа на катары мы наведалі разрэкламаваныя марскія пячоры, якія насамрэч аказаліся неглыбокімі цяснінамі ў скалістым беразе і здзівілі значна менш, чым самі скаліста-зялёныя берагавыя пейзажы.
Пейзажы Палеакастрыцы
У Керкіры мы, дзеля галачкі ў графе «культурная праграма», завіталі ў той самы Візантыйскі музей з абразамі і музей Азіяцкага мастацтва — і былі нечакана агаломшаныя багаццем і ўнікальнасцю збораў.
Палац Ахілеон, да якога мы паехалі ў пякельна спякотны поўдзень, аказаўся закрытым на рэстаўрацыю, але можна было наведаць яго шыкоўныя сады.
Палац «Ахілеон»
Старая крэпасць Керкіры з яе атмасфернымі сярэднявечнымі венецыянскімі казармамі, маяком, храмам, і панарамай ладнай часткі ўсходняга берага выспы — аказалася вартай патрачанай каштоўнай гадзіны перад вылетам дамоў.
Старая крэпасць Керкіры
Панарама Керкіры
І пагатоў аказалася вартай агляду старая Керкіра з яе атмасфернымі вулачкамі.
Вулачка ў старым горадзе Керкіры
Забудова цэнтральнай плошчы старога горада Керкіры
Пераважную большасць часу мы праседзелі ў курортным пасёлку Дасія. І павандраваўшы трохі па суседніх пляжах зразумелі, што наш нас цалкам задавальняе. Гэтак жа і кошты на кавярні — прыкладна аднолькавыя паўсюль на выспе (апроч старога горада ў Керкіры), прычым цікава, што адрыў коштаў рэстаранаў са значна вышэйшай якасцю ежы і абслугоўвання — не такі ўжо вялікі ад коштаў звычайных кавярняў. Але насамрэч, наконт выбару месца на Корфу можна асабліва не турбавацца: там прыгожа паўсюль. Нават закінутыя будынкі — зарастаюць яркімі кветкамі. І драма перажываецца троху лягчэй. І любая дзіра і страта — ззяе абяцаннем будучай прыгажосці.
Бакавая арка Палаца святых Міхала і Георгія
Занядбаныя фасады старога горада
Грэкі і мы
На пляжы мы чулі грэцкую, нямецкую, французскую, зрэдзьчасу рускую мову. Я атрымліваў асалоду ад магчымасці чытаць і часам нават разумець па-грэцку, — і ўсё гэта толькі таму, што ў аснове нашай кірыліцы — грэцкі алфавіт, а ў аснове нашай культуры — здабыткі старажытных грэкаў, калісьці ўспрынятыя нашымі продкамі разам з мноствам грэцкіх слоў, якімі карыстаемся і па сёння.
Упэўненасці надае і праваслаўе грэкаў: базавыя каштоўнасці па змоўчванні — адныя і тыя ж. Калі ўжо з кімсьці і ствараць нейкія саюзы па прыкмеце агульнасці веры, спадчыны і культуры, то вось выдатны кандыдат, значна больш прывабны і зразумелы за ўсходняга суседа.
Вяртаючыся назад, не далятаем дадому 600 кіламетраў, але апускаемся ў нічым не адрозны ад беларускага халодны дажджлівы ліпень. Дзіўлюся, як Грэцыя прымусіла мяне, прапаленага вандроўным вопытам скнару, на развітанне яшчэ захраснуць у аэрапартовым д'юціфры і набыць там трывіяльныя сувеніры, віна, пахлавы і лукума па нетрывіяльных коштах — усё, што збольшага можна знайсці ў звычайным гіпермаркеце. Вывальваемся з гэтымі торбамі ў варшаўскую вільготную халадэчу. Давяраемся быццам бы рацыянальнаму навігатару, і трапляем у пастку нязручных шматузроўневых развязак. Прывітанне, паўночнае паўшар'е.