Адпачыць без рускіх. Як Францыя знайшла замену турыстам з РФ
Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну турысты з РФ займалі вялікую долю турыстычнага рынку — мноства расійцаў можна было сустрэць практычна ў любой краіне свету, арыентаванай на турызм. Пасля 24 лютага многія краіны і прыватныя кампаніі ўвялі санкцыі ў дачыненні да краіны-акупанта.
Адны краіны, якія прывыклі да наладжаных патокаў турыстаў з Расіі, сталі заяўляць аб рэзкім падзенні даходаў. Іншыя ж хутка пераарыентаваліся на новыя рынкі, а турыстаў з Расіі замянілі госці з іншых краін.
Напрыклад, аказалася, што ад адсутнасці расійцаў у разгар лета зусім не пакутуе Францыя. На мясцовых курортах і ў экскурсійных турах турыстаў з Расіі замянілі амерыканцы і госці з іншых краін.
CNN TRAVEL распавядае, што адбываецца з турызмам Францыі ў разгар сезону і як амерыканцы выратавалі летні турызм у гэтай краіне.
У Парыжы чакаюць рэкордную колькасць турыстаў з ЗША
Лета ў Парыжы — у самым разгары, і плошча ля ўваходу ў Луўр занятая гандлярамі, якія прадаюць ваду і сувеніры з Эйфелевай вежай. Амерыканскі турыст Крыс Уоклі ўпершыню прыехаў у Францыю і прагульваецца са сваёй дзяўчынай у шкляной піраміды мастацкага музея.
«Парыж вызначана апраўдаў сваю рэпутацыю. Ежа выдатная, усё вельмі гасцінныя. Адчуваю, што ўсё вяртаецца на кругі свая», — кажа ён выданню. Для Уоклі паездка ў Францыю стала сімвалам вяртання да нармальнага жыцця пасля двух гадоў абмежаванняў, выкліканых пандэміяй.
Чакаецца, што Парыж летам наведаюць дзясяткі тысяч амерыканцаў. Вяртанне турыстаў ужо стаў сімвалам таго, што турызм зноў адраджаецца. Аднак усё змяніла ўварванне Расіі ва Украіну. У Францыю з году ў год ездзілі адпачываць заможныя турысты з Расіі, але цяпер многія з іх пад санкцыямі. Таксама расійцам цяпер няпроста атрымаць візу ў Францыю, ды і неба краіны для грамадзянскіх самалётаў з РФ закрытае.
Нягледзячы на гэта, гарадскія ўлады Парыжа настроены аптымістычна. Там заяўляюць, што гэтым летам Паўночная Амерыка ўнясе найбольшы ўклад у парыжскі турыстычны рынак, а ўзровень браняванняў амаль вернецца да ўзроўню да пандэміі 2019 года.
«Амерыканцы робяць сваю працу. Гэта азначае, што яны масава вяртаюцца і выдаткоўваюць шмат грошай», — кажа намеснік мэра Парыжа па пытаннях турызму Фрэдэрык Окар.
Амерыканцы выдаткоўваюць больш, чым турысты з іншых краін
Нават за межамі Парыжа, ад поўначы да поўдня краіны, супрацоўнікі сферы турызму чыноўнікі транслююць адзін і той жа мэсідж: «Амерыканцы вярнуліся!». Такім быў і загаловак на першай паласе вядомай газеты Французскай Рыўеры Nice Matin. «Яны выдаткоўваюць шмат сродкаў пасля двух гадоў абмежаванняў», — паведамлялася ў ёй.
Паводле справаздачы кампаніі GfK, амерыканскія турысты, што ў асноўным прыязджаюць групамі, выдаткоўваюць у Францыі ў сярэднім па 402 долара на дзень. Бюджэт 10-дзённага візіту складае рэкордныя 7687 долараў: гэта нашмат больш, чым пакідаюць у краіне іншыя замежнікі.
«Нечаканы паварот». Расіян на Рыўеры замянілі іншыя госці
Амерыканцы асабліва важныя ў гэтым годзе для поўдня Францыі, куды турысты едуць адпачываць на Міжземнае мора. Да таго тут гадамі арыентаваліся на заможных адпачывальнікаў з Расіі.
Раней прагназавалі, што з-за ўварвання Расіі ва Украіну французскі рэгіён Прыморскія Альпы страціць 50,4 млн долараў даходаў ад турызму ў 2022 годзе. Сюды прыязджала мноства расійцаў. Асабліва — у горад Сен-Жан-Кап-Фэры. У гэтым жа рэгіёне знаходзяцца знакамітыя Ніца і Каны.
Але ніякія негатыўныя прагнозы не апраўдаліся, кажуць у мясцовай гандлёвай палаце. Там заявілі, што «летні сезон выглядае нядрэнна». Нечаканы паварот у турызме пацвердзілі мясцовыя чыноўнікі і ўладальнікі гатэляў на папулярнай французскай Рыўеры.
«Гэта праўда, што рускіх дакладна стала менш. Але іх замянілі ўсе астатнія», — кажа мэр Сен-Жан-Кап-Фэры Жан-Франсуа Дзітрых.
Па звестках Міністэрства фінансаў Францыі, у гэтым маленькім гарадку з насельніцтвам менш за 1500 чалавек шэсць з 61 аб'ектаў уласнасці расійцаў замарожаныя французскім урадам.
«Мы думалі, што адсутнасць рускай кліентуры паўплывае на гатэль. Але гэтага не адбылося», — сказаў Бруна Меркадаль, менеджар пяцізоркавага гатэля ў Сен-Жан-Кап-Фэры.
Да пандэміі расійскія турысты складалі ад 20% да 25% кліентаў гатэля ў летнія месяцы, але ў гэтым годзе іх не стала з-за санкцый. Неўзабаве пасля ўварвання Расіі ва Украіну расійскім гасцям у гатэлі даводзілася плаціць наяўнымі: іх крэдытныя карты за мяжой сталі літаральна бескарыснымі.
Турысты засумавалі па паездках пасля COVID-абмежаванняў
Цяпер у гатэль, дзе чакалі падзенне даходаў, масава сцякаюцца амерыканцы. Звычайна наведвальнікі з ЗША складаюць прыкладна такую ж долю кліентаў, як і расійцы да пандэміі. Але сёлета толькі за чэрвень доля турыстаў з ЗША падскочыла да 42%. «Гэта проста неверагодна», — кажа Бруна Меркадаль.
Уварванне Расіі ва Украіну таксама паўплывала і на абменныя курсы, знізіўшы кошт еўра ў адносінах да долара да самага нізкага ўзроўню з 2002 года, піша CNN. А гэта азначае, што паездкі ў Еўропу для амерыканцаў сталі нашмат танней.
«Тое, што адбываецца ў гэтым годзе, гэта рэванш», — сказаў атэльер, маючы на ўвазе з'яву, калі людзі выдаткоўваюць грошы на вялікія паездкі, каб кампенсаваць абмежаванні апошніх двух гадоў з-за COVID.
«Гэта прыемны сюрпрыз, які ў значнай ступені кампенсуе адсутнасць расійскіх кліентаў», — дадае ён.
Паводле РБК-Украіна, пераклад НЧ