Зміцер Вішнёў: «Беларуская літаратура вельмі дынамічна развівалася цягам дзесяцігоддзяў і ўваходзіць у еўрапейскі кантэкст». Інтэрв'ю з пісьменнікам і выдаўцом

Як бачаць беларускую літаратуру замежныя даследчыкі? Якія перашкоды існуюць, каб нашая кніга трапіла да замежнага чытача? Хто з сучасных беларускіх аўтараў у топе за мяжой?

Зміцер Вішнёў. Фота bellit.info

Зміцер Вішнёў. Фота bellit.info

У апошнія выходныя студзеня ў Берліне адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная сучаснай беларускай літаратуры. Журналісты «Свабоды» пагаварылі пра яе з адным з самых актыўных удзельнікаў — літаратарам, мастаком і кнігавыдаўцом Змітром Вішнёвым.

«Не зусім утульна сябе адчуваеш, калі твой тэкст раскладаюць па кавалках, нібыта ты паддоследны звярок»

— Як і ў каго нарадзілася ідэя Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў пытаннях разьвіцця сучаснай беларускай літаратуры?

— Ініцыятыва навуковай канфэрэнцыі належыць кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсітэту і персанальна прафесару Андрэю Масквіну. Ідэю падтрымаў Інстытут славістыкі Берлінскага ўнівэрсітэту Гумбальта і персанальна прафесарка Сюзана Франк.

Летась я адзначыў юбілей, таму арганізатары звярнулі ўвагу на маю творчасць, за што ім вялікая ўдзячнасць. Напрыклад, Аляксандар Распапоў, даследчык з Познаньскага ўнівэрсітэту імя Адама Міцкевіча, вельмі грунтоўна разабраў мой антыраман «Калі прыгледзецца — Марс сіні». З аднаго боку, гэта, вядома, прыемна, і было цікава паглядзець на твор праз прапанаваную даследчыкам оптыку. З другога боку, не зусім утульна сябе пачуваеш, калі твой тэкст раскладаюць па кавалках, нібыта цябе ўзялі за паддоследнага звярка.

Глядзіце таксама

— На канферэнцыі выступілі спецыялісты кафедры беларусістыкі факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсітэту, кафедры славістыкі і венгрыстыкі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта ды іншыя. Чым прываблівае гэтых навукоўцаў сучасная беларуская літаратура?

— Мне думаецца, беларуская літаратура вельмі дынамічна развівалася цягам апошніх дзесяцігоддзяў, і яна, без сумневу, уваходзіць у еўрапейскі кантэкст. Бясспрэчна, славістам з Украіны, Польшчы вельмі цікава праводзіць паралелі паміж сумежнымі культурамі. Былі на канферэнцыі і славісты з Аўстрыі, Італіі, Чарнагорыі, Нямеччыны.

— Даводзілася не раз сустракаць думку, што іншаземцаў цяпер цікавяць беларускія літаратары, якія апынуліся ў эміграцыі, як ахвяры рэжыму. І нікога не цікавяць іхныя творы. Што скажаце на гэта з улікам пачутага і пабачанага на канферэнцыі ў Берліне?

— Вядома, літаратар мусіць чымсьці зацікавіць замежных чытачоў, але прабіцца да іх вельмі няпроста — існуе шмат бар’ераў, якія стварае кніжны рынак. Тут вялікая канкурэнцыя і трэба, акрамя таленавітага твора, мець добрага перакладчыка, выдатнага літаратурнага агента, буйное выдавецтва, і тады, магчыма, нешта і атрымаецца. І часта не мае значэння, адкуль ты паходзіш — з Зімбабвэ, Мазамбіку або з Беларусі.

«У мяне няма ўражання, што замежныя даследчыкі чагосьці не бачаць»

— У праграме канферэнцыі была заяўленая і тэма праблем гісторыі беларускай літаратуры, умоваў яе развіцця, якія паўплывалі на яе становішча, актуальнасць ідэі канкрэтна ўзятых твораў і іх праблематыка. Чым гэтая тэма прывабная для замежных даследнікаў? Якія канкрэтна творы і якіх аўтараў трапляюць сёння ў поле зроку замежных навукоўцаў? І чаму, на вашу думку, менавіта яны?

— Неаднойчы гучала ў дакладах прозвішча Максіма Гарэцкага і ягоны знакавы твор «Дзве душы». Аліна Страшкевіч у сваім выступе «Беларуская літаратурная сітуацыя перыяду «перабудовы» (1986–1991) вачыма сведак (на матэрыялах інтэрв'ю з беларускімі пісьменнікамі)» разглядала творчыя пошукі суполкі «Тутэйшыя». Шмат гучала пра дзейнасць і пра дасягненні суполкі «Таварыства вольных літаратараў», літаратурнага руху «Бум-Бам-Літ», суполкі «Schmerzwerk». Асобна разглядалася такая з'ява ў беларускай літаратуры, як альманах «Тэксты». Даследчыкі аналізавалі таксама паэзію Юлі Цімафеевай і Вальжыны Морт. Быў моцны даклад Марыі Донскай «Посткаланіяльныя практыкі Альгерда Бахарэвіча ў кніжцы «Вершы» (2022).

— Чаго, на вашу думку, не бачаць у сучаснай беларускай літаратуры замежныя даследчыкі? І ў чым тут прычына?

— У мяне няма ўражання, што замежныя даследчыкі чагосьці не бачаць. Якраз такія канферэнцыі і даюць магчымасць навукоўцам з розных краін сустракацца і абмяркоўваць сучасны літаратурны працэс.

Зміцер Вішнёў. Фота nslowa.by

Зміцер Вішнёў. Фота nslowa.by

«Пасля 2020 году да Беларусі былі прыцягнутыя погляды сусветнай супольнасьці, гэта спарадзіла актыўнасць замежных выдавецтваў»

— Каб ведаць і разумець, што таленавітага нараджаецца сёння ў беларускай літаратуры, патрабуюцца аператыўныя пераклады на даступныя замежнаму чытачу мовы. Ці пабольшала за апошнія гады тых, хто свабодна чытае нованароджаныя творы і перакладае іх з арыгіналаў?

— Гэтая тэма не ўздымалася падчас канферэнцыі, але са свайго боку магу пра яе нешта сказаць. Пасля падзей 2020-га году да Беларусі былі прыцягнутыя погляды сусветнай супольнасці, і цалкам натуральна, што такая цікаўнасць спарадзіла актыўнасць замежных выдавецтваў. Толькі ў Нямеччыне ёсць некалькі перакладчыкаў і перакладчыц, якія цяпер працуюць з беларускай кнігай: Ніна Вэлер, Томас Вайлер, Ціна Вюншман і іншыя. Так, цягам апошніх гадоў у перакладзе на нямецкую мову выйшлі кнігі Алеся Разанава, Вальжыны Морт, Артура Клінава, Альгерда Бахарэвіча, Юліі Цімафеевай, Валянціна Акудовіча, Вольгі Гапеевай, Евы Вежнавец.

На жаль, днямі не стала паэткі і перакладчыцы Эльке Эрб, якая вельмі шмат перакладала з беларускай мовы.

— Якія галоўныя вынікі канфэрэнцыі?

— У некаторых дакладах была спроба класыфікацыі беларускай літаратуры на сучасным этапе, ішла гаворка пра літаратурны канон і корпус тэкстаў. Тут хацелася б вылучыць даклад Інэсы Кур’ян і Веслава Пшыбылы «Тры адметныя з'явы ў гісторыі беларускай літаратуры».

Падчас падвядзення вынікаў прагучала, што традыцыя правядзення такіх мерапрыемстваў працягнецца, а ўсе даклады берлінскай канферэнцыі надрукуюць асобным зборнікам.

Глядзіце таксама