«Тут лунае беларушчына». У Вільні запрацавала беларуская бібліятэка
Бібліятэка размясцілася ў цэнтры горадa. Чытачы знойдуць тут і класіку, і сучасныя творы, асобная ўвага — на дзіцячую літаратуру.
У Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, што знаходзіцца
на вуліцы Віленскай, на грошы, сабраныя беларускай дыяспарай, адкрылася «Чытальня».
Менеджарка ўстановы Таццяна Ігнацьева ў размове з DW падзялілася,
як фармаваўся кніжны фонд, на які час хопіць сабраных сродкаў і як бібліятэка
паспрабуе аб’яднаць беларусаў, якія апынуліся ў Літве.
— Спадарыня Таццяна, раскажыце, калі ласка, як з’явілася ідэя зрабіць беларускую бібліятэку і як збіралі грошы на праект?
— У 2023 годзе на платформе «Новая Беларусь» быў абвешчаны праект па самакіраванні. Беларусам, якія жывуць у Літве і Польшчы і плацяць там падаткі, прапанавалі частку ўнёскаў пералічыць на беларускія праекты, што дазволена мясцовым заканадаўствам. І вось дзякуючы гэтым падаткам і асобным данатам беларусы ў Літве сабралі 13 тысяч еўра. А арганізатары праекту абвесцілі конкурс ідэй, на што варта скіраваць сродкі.
У Літве перамагла ідэя Ірыны Мышкавец, якая прапанавала стварыць беларускую бібліятэку ў Вільні. Гэтая ідэя ў выніку рэалізавалася ў абнаўленні і пашырэнні дзейнасці бібліятэкі ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры. Такім чынам, першыя паўгода 2024-га фінансава закрытыя. Грошы пойдуць на функцыянаванне бібліятэкі — напрыклад, на часовы заробак бібліятэкара, закупку новых кніг. Мы разумеем, што бібліятэка мусіць працаваць і далей, таму будзем рады, калі беларусы ў межах «Новай Беларусі» падтрымаюць развіццё бібліятэкі, але думаем і над іншымі варыянтамі.
— Як будзе працаваць бібліятэка?
— З канца 2023-га бібліятэка запрацавала ў двух фарматах. Першы — класічны, і ў гэтым фармаце бібліятэка, якая базавалася ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, працавала ўжо два гады. Карысталіся ёй збольшага беларусы, што наведвалі ў Цэнтры імпрэзы ці гурткі, а таксама беларускую школку.
З пачатку 2024 года адбылося абнаўленне бібліятэкі, цяпер яна працуе і анлайн. Чытач можа паглядзець каталог на сайце cytalnia.com і забраніраваць патрэбныя кнігі да вечара наступнага дня. Бібліятэка працуе з серады па нядзелю. Апроч абанемента, у нас ёсць чытальная зала, дзе можна папрацаваць з сапраўды рэдкімі і каштоўнымі выданнямі. Ёсць у фондзе і кнігі з гісторыяй — аўтографамі ці даравальнымі запісамі.
— Як фармаваўся кніжны фонд бібліятэкі?
— У бібліятэцы ўжо існаваў кнігазбор, які складаўся з блізу 1500 зарэгістраваных у каталозе кніг. Выданні збіраліся ў асноўным з прыватных калекцый беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры — напрыклад, Сяргея Дубаўца, сям’і Вітушак, Алега Мінкіна, Таццяны Поклад. Яшчэ каля 1500 кніг знаходзіцца ў скрынях, іх трэба перапісаць і таксама занесці ў базу сайта, і мы працуем над гэтым. Апроч таго, кнігі ў бібліятэку прыносяць і простыя чытачы. Спадзяемся, гэта традыцыя працягнецца. Да прыкладу, напрыканцы студзеня прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык, што была з візітам у Вільні, перадала ў падарунак бібліятэцы некалькі беларускіх кніг, выдадзеных у Польшчы.
Мы працуем у бібліятэцы менавіта беларускай кнігі, таму наш фонд на 99% складаецца з выданняў па-беларуску. У нас ёсць кнігі па-польску, па-літоўску, па-руску, але гэта або пераклады нашых беларускіх пісьменнікаў, або кнігі пра Беларусь і беларусаў. Чытачы знойдуць у бібліятэцы класіку, сучасныя, дзіцячыя творы беларускай літаратуры, кнігі па гісторыі і беларусазнаўству, фальклору і этнаграфіі, энцыклапедыі, слоўнікі і дапаможнікі, мемуары і біяграфіі. Таксама адзначу, што набыццё новых кніг — адна з асноўных мэтаў праекту па самакіраванні. Зараз праз сацсеткі мы збіраем запыты ад нашых чытачоў, якія выданні яны хацелі б знайсці на паліцах нашай «Чытальні». Прыярытэтам лічым дзіцячую і сучасную мастацкую літаратуру.
— Ці плануеце вы мерапрыемствы для чытачоў?
— Мы бы хацелі, каб бібліятэка аб’ядноўвала беларусаў у Літве, таму ладзім чытацкі клуб. Раз на месяц мы абіраем адну ці дзве кнігі, прапануем нашым чытачам з імі пазнаёміцца, а пасля абмеркаваць за гарбаткай ва ўтульнай сяброўскай атмасферы. На такія імпрэзы для чытачоў мы запрашаем аўтараў кнігі ці экспертаў, якія маюць дачыненне да выдання кнігі ці тэмы, што ў ёй закранаецца. Акурат у лютым чакаем у Вільні нашу першую госцю — паэтку Насту Кудасаву, сустрэча з ёй пройдзе 19-га.
— Як вы лічыце, ці дапаможа бібліятэка аб’яднацца беларусам, якіх цяпер у Літве не меней за 60 тысяч?
— Я думаю, на сёння гэта адна з найбольш камфортных формаў узаемадзеяння для беларусаў, бо заснавана на цікавасці да кніг і сваёй культуры агулам. Для бацькоў, якія хочуць выхоўваць дзяцей па-беларуску, гэта выдатная магчымасць быць унутры беларускамоўнага асяроддзя. Таму мы шмат увагі надзяляем менавіта дзіцячай літаратуры.
Многія з’язджалі з Беларусі вельмі хутка і не змаглі
ўзяць з сабой сваю хатнюю бібліятэку, мае кнігі таксама засталіся на радзіме. А
ў эміграцыі, калі ты здымаеш жытло, не заўсёды ёсць магчымасць збіраць кнігі
дома. Таму выдатна, што цяпер ёсць магчымасць узяць кнігу з бібліятэкі дадому
ці пачытаць яе ў залі самой бібліятэкі, у якой лунае беларушчына. Важны таксама
псіхалагічны складнік: у такой прасторы беларусы заўсёды знойдуць падтрымку,
адчуванне сваіх людзей побач.