Наталля Станкевіч: Рэсурсу на літаратуру цяпер проста няма

Пісьменніца Наталля Станкевіч распавяла budzma.by, як наклад яе кнігі аказаўся ў закладніках у Мінску, чаму яна змяніла статус літаратара на працу псіхолага і чаму жыццё ў Берліне побач з лісамі — нармальная з’ява.

u8xs29w8wv4u519x0xcvbie5mtd7a48j.jpg

— Наталля, як склаўся лёс вашай дзіцячай кнігі «Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак»?

— Яе перадпродаж стартаваў на пачатку лютага 2022 года... Мала таго, што, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, стала не да кніг, дык яшчэ ў красавіку таго ж года Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Галіяфы», дзе выйшла мая кніга, і яно больш не адкрылася.

Наклад «Здарэння ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» дзесьці падвіс, і паўплываць на сітуацыю ні Зміцер Вішнёў (ён, дарэчы, цяпер таксама жыве ў Берліне), ні я не ў стане (з-за пытанняў бяспекі не магу прыехаць у Беларусь).

Невялікая частка накладу трапіла да людзей у рукі па перадзамове, і я як аўтар паспела атрымаць некалькі дзясяткаў асобнікаў, з якіх у мяне пасля прэзентацыі на фестывалі «PRADMOVA» ў Варшаве застаўся толькі адзін асобнік.

Кніга «Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» Фота: lohvinau.by

Кніга «Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» Фота: lohvinau.by


— А як вы прыйшлі ў літаратуру?

— Я спрабавала пісаць нешта яшчэ ў падлеткавым узросце, мне заўсёды падабалася будаваць сюжэты і жангліраваць словамі. Але ўсур’ёз прыйшла ў літаратуру толькі каля шасці гадоў таму. Першыя творы выкладала ў сеціве.

Разам з мужам мы напісалі вялікі раман «Побратим Змея» — фэнтэзі пра дагістарычныя часы. Пасля заканчэння гэтага твора я адчула, што здольная напісаць нешта, што можна будзе выдаць. Другі мой раман «Следы на пути твоем» пра лекара ў Сярэднявеччы выдала ў выглядзе электроннай кнігі ўкраінскае «Мультымедыйнае выдавецтва Стрэльбіцкага». Я вельмі люблю фэнтэзі: гэта не проста жанр, а спосаб глядзець на рэальнасць і тлумачыць яе.

Нарэшце мне захацелася паспрабаваць закласці сур’ёзныя тэмы ў дзіцячым фармаце — з нестандартным сюжэтам і прыгодамі, каб аповед быў цікавы і дарослым, якія, магчыма, будуць чытаць твор сваім дзецям.

У «Здарэнні ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» ёсць, напрыклад, эпізод, у якім героі ідуць па белай дарозе. Малодшы з герояў гэтага не заўважае, а старэйшы задаецца пытаннем: а чаму так? Малодшы заклікае яго: ды якая розніца, нам трэба хутчэй дабрацца да мэты. На што старэйшы адказвае: хіба не важна, якім шляхам ты ідзеш да мэты?

2020 і 2021 гады сталі для мяне часам атаясамлення з Беларуссю і беларушчынай, таму мне захацелася зрабіць і свой унёсак у тое, каб праз дзіцячую літаратуру беларуская мова прыйшла да дзяцей.

— Вы неяк сказалі, што не любіце такіх дзіцячых герояў, як Карлсан і Піпі Доўгая Панчоха. Чаму?

— Гэта мая нелюбоў з дзяцінства. Персанажа Карлсана я не люблю за яго эгаізм і самаўпэўненасць. Ён пакідае Малога ў самыя драматычныя моманты. Прыходзяць бацькі і бачаць піраміду з катлет — Карлсан імгненне знікае, і ўся адказнасць кладзецца на Малога. А яшчэ яго пастаянныя маніпуляцыі: я хворы, дай мне варэнне. У мяне ў дзяцінстве гэта выклікала абурэнне: так несумленна рабіць!

А ў гісторыі пра Піпі я ў дзяцінстве ўвогуле слаба разумела, што адбываецца. Як гэта дзяўчынка магла ўзяць каня і перанесці яго на іншае месца? Я думала: можа, гэта цацка? Вобразы ў маёй галаве не складваліся. Сама Піпі для мяне занадта хаатычны персанаж: яна парушае рамкі, спрачаецца з дарослымі, робіць дзіўныя рэчы. І галоўнае, што я не разумела: а навошта гэта ўсё?

Дарослай я ўжо разумею, што Астрыд Ліндгрэн пісала свае творы ў тыя часы, калі дарослыя настолькі дамінавалі ў адносінах з дзецьмі, што выкарыстоўвалі цялесныя пакаранні і іншы гвалт, таму творчасць шведскай пісьменніцы была выказваннем супраць такой практыкі.

— Што вы плануеце рабіць далей: спрабаваць неяк вызваліць наклад «Здарэння ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» у Беларусі, спрабаваць перавыдаць яго за мяжою ці выдаваць нешта новае?

— З пачаткам вайны ва Украіне літаратура адышла для мяне на другі план: капялюш пісьменніцы я змяніла на капялюш псіхолага. Мая аўдыторыя ў Берліне — у асноўным украінкі і беларускі. Рэсурсу на літаратуру цяпер проста няма.

— Калі і чаму вы апынуліся ў Германіі?

— Мы з сям’ёй тут ужо восем з паловай гадоў. Пераязджалі не па палітычных прычынах, а таму што, па-першае, муж знайшоў тут працу, а па-другое, яшчэ да з’яўлення такой магчымасці мы не хацелі, каб нашыя двое дзяцей хадзілі ў школу ў Беларусі, каб іх заганялі ў піянеры, апрацоўвалі прапагандай.

І, між іншым, у Берліне мы не адрэзаны ад беларушчыны, бо тут даволі актыўная беларуская дыяспара. Яна кансалідавалася ў 2020 годзе — спачатку на глебе правядзення выбараў у беларускай амбасадзе (мы арганізоўвалі назіранне і экзітполы). Многія беларусы тады адкрылі для сябе, што ў Берліне даволі шмат іх суайчыннікаў: сёння, напэўна, мінімум некалькі соцень (і тых, хто жыве тут даволі даўно, і тых, хто прыехаў пасля падзей 2020 года).

Узнікла аб’яднанне беларусаў Нямеччыны «RAZAM», якое мае статус юрыдычнай асобы. Мы кантактуем з мясцовымі нямецкімі палітыкамі, спрабуем прамоўціць пашпарт «Новай Беларусі».


«Чарнобыльскі шлях» у Берліне, 2023 год. Фота з інстаграма Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «RAZAM» https://www.instagram.com/razam.de/

«Чарнобыльскі шлях» у Берліне, 2023 год. Фота з інстаграма Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «RAZAM» https://www.instagram.com/razam.de/

Некалькі тыдняў таму мы ладзілі беларускія калядкі. Рэгулярна арганізоўваем «Дранік party», куды запрашаем не толькі беларусаў, а ўсіх, хто любіць дранікі — частуемся імі і абмяркоўваем розныя тэмы, якія хвалююць людзей.

Беларускія калядоўшчыкі ў Берліне. Фота з інстаграма Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «RAZAM» https://www.instagram.com/razam.de/

Беларускія калядоўшчыкі ў Берліне. Фота з інстаграма Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «RAZAM» https://www.instagram.com/razam.de/

— Як вы можаце ахарактарызаваць сучасны Берлін? Ці пасуе вам гэты горад?

— Гэта вельмі вольнае і разнастайнае месца. Згодна са статыстыкай, да 30% насельніцтва горада — мігранты першага ці другога пакалення. Акрамя немцаў тут шмат туркаў, палякаў, рускамоўных, цяпер стала шмат украінцаў. Кожны раён вельмі адрозніваецца ад іншых: калі пераязджаеш з аднаго ў другі, то можа з’явіцца ўражанне, што ты апынуўся ў іншым горадзе.

Магчыма, Берлін спадабаецца не ўсім. Так, ён разнастайны і вольны, але пры гэтым часам брудны, тут шмат графіці, нярэдка сустракаецца пах «травы», якую нехта паліць.

Асабіста мне падабаецца жыццё ў Берліне. Паколькі тут намяшана шмат нацыянальнасцей, то не адчуваю сябе тут мухай у смятане. Вы прыехалі з іншай краіны? Але і шмат хто тут прыезджы. Таму, калі і адчуваеш сябе чужой, то чужой сярод такіх жа чужых. І ў Берліне я адчуваю сябе расслаблена.

Памятаю, што ў Беларусі пастаянна круціліся думкі, як ты павінна выглядаць, як ты павінна сябе падаць, бо ўсе вакол даюць табе ацэнку. А тут людзям усё роўна, як ты апрануты, як ты сябе паводзіш (пакуль не парушаеш законы). Тут хапае людзей з дзіўнымі прычоскамі і татуіроўкамі на тварах. Спачатку падаецца: «Ой, нейкія вар’яты». А пасля прывыкаеш і знаходзіш у гэтым кайф: класна ці цікава, калі вакол шмат разнастайных людзей.

Тут любяць жартаваць, што Берлін — гэта не Германія. Па-першае, як я ўжо сказала, горад адрозніваецца вялікай колькасцю прыезджых. Па-другое, Берлін не адпавядае міфу пра тое, што ў Германіі ўсюды парадак і дысцыпліна. Тут нават цягнікі спазняюцца.

— Чым вылучаецца раён, дзе жыве ваша сям’я?

— Берлін — вельмі зялёны горад, нашмат больш зялёны, чым Мінск. У межах нямецкай сталіцы знаходзіцца некалькі лясоў, дзе жывуць кабаны, алені, лісы і іншыя дзікія жывёлы. Тыя ж кабаны любяць прыходзіць на адзін з мясцовых пляжаў і нахабна залазіць у сумкі людзей, якія ў гэты момант купаюцца, бо ведаюць, што часта там можна знайсці перакус.

У нашым раёне я не раз сустракала ліс. Цікавасці да людзей яны амаль не праяўляюць. Хаця аднойчы, калі я ў гадзіну ночы вярталася дадому, ліса за мной літаральна ўвязалася — але калі я тупнула нагою, яна адразу збегла. Гарадскія ўлады супакойваюць, што за апошнія 50 гадоў не было зафіксавана ніводнага выпадку шаленства, што мясцовыя лісы для людзей бяспечныя.

— Якія вы бачыце плюсы і мінусы жыцця ў Германіі?

— З вялікіх плюсаў — сацыяльная абарона. «Сацыяльная дзяржава» не ў Беларусі, а ў Германіі. Нават калі ты не працуеш, ты не можаш не мець медыцынскай страхоўкі. І хаця стала па кантракце працуе толькі мой муж, мы як члены сям’і маем медыцынскія страхоўкі — яму за іх даплачваць не трэба. Фактычна ўсе медпаслугі па страхоўцы атрымліваюцца бясплатнымі — нават дзіцячыя лекі і заняткі з лагапедам.

Мінусы звязаны з тым, што я хоць і размаўляю па-нямецку, але не настолькі вольна, як немцы. Але самы вялікі для мяне мінус на сёння — тое, што з-за пытанняў бяспекі я не магу вярнуцца ў Беларусь.