Брытанскі часопіс The Bookseller распавёў гісторыю рэпрэсій выдавецтва «Янушкевіч»

Брытанскі часопіс для выдаўцоў кніг The Bookseller апублікаваў артыкул пра пераслед беларускага выдавецтва «Янушкевіч», лёс незалежных выдавецтваў пасля падзей 2020 года і пра агульную цэнзуру ў Беларусі.

Фота з facebook.com/januskevic.books

Фота з facebook.com/januskevic.books

Свой артыкул у брытанскім выданні апублікаваў  Андрэй Янушкевіч, заснавальнік выдавецтва «Янушкевіч», якое выціснулі з Беларусі, піша «Свабода».

Аўтарытэтны бізнэс-часопіс для выдаўцоў кніг The Bookseller выдаецца ў Вялікабрытаніі з 1858 году. Андрэй Янушкевіч прысвяціў публікацыю цэнзуры ў Беларусі і пераследу выдаўцоў уладамі краіны.

Асновай для апісання сучаснага стану выдавецкай справы ў Беларусі паслужыла гісторыя, якая адбылася з самім выдавецтвам «Янушкевіч». У матэрыяле апісаныя этапы пераследу супрацоўнікаў выдавецтва і далейшыя забароны, пра што добра вядома беларусам, але мала ці зусім не вядома замежнай, у прыватнасці брытанскай, публіцы.

«Абыходжанне з намі было часткай сістэмнай атакі на незалежны выдавецкі сектар Беларусі. Пад прыцэлам былі не толькі мы. Ахвярамі былі і застаюцца іншыя беларускія выдавецтвы. «Галіяфы», напрыклад, былі вымушаныя распачаць працэдуру банкруцтва. «Кнігазбор», нягледзячы на спробы ўстаць на ногі і аднавіць дзейнасць, таксама быў вымушаны зачыніцца. Сёння ў Беларусі немагчыма свабодна працаваць і вызначаць уласную выдавецкую палітыку», — адзначае Андрэй Янушкевіч.

У студзені 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. З таго часу яму не дазваляюць выдаваць кнігі ў Беларусі.

«20 студзеня я стварыў паўнавартаснае выдавецтва, якое функцыянуе як польская юрыдычная асоба. З таго часу мы выдалі больш за 20 кніг на беларускай мове і дасылаем кнігі ў Беларусь. Можна сцвярджаць, што наша вымушанае перасяленне зь Беларусі ў Польшчу ўдалося.

Але пакуль у мяне ёсць ліцэнзія на распаўсюд кніг у Беларусі, і я мог прадаваць тыя, што выдаў раней, іх амаль ніхто не бярэ на продаж, бо на мне «чорная метка». Гэта наступствы татальнага страху ў грамадстве.

З тых выдаўцоў, якія з'ехалі зь Беларусі, ніхто не працягвае выдаваць. Цяпер яны займаюцца іншымі справамі: некаторыя перайшлі на пісьменніцтва, напрыклад», — адзначыў Янушкевіч.

Аўтар артыкула адзначае, што ў Беларусі з'явіліся новыя выдавецтвы, якімі кіруюць новыя людзі. Аднак яны не выдаюць кніжак з моцным сацыяльным падтэкстам. І калі нешта з'яўляецца, то гэта «нейтральная» літаратура ці разлічаная на дзяцей. А тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсій, пакінулі свой бізнэс, бо ў Беларусі больш няма магчымасцяў для дзейнасці.

Глядзіце таксама

«Перспэктывы развіцця беларускай культуры, беларускай мовы і беларускай кніжнай галіны пры Лукашэнку вельмі кепскія. Гэта будзе імітацыя, адзінкавыя кавалачкі культуры на фальклорным або этнаграфічным грунце. Больш нічога, баюся», — піша Янушкевіч.

Пераслед незалежных беларускіх выдаўцоў

Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, са жніўня 2020 году, больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў з'ехалі з Беларусі за мяжу.

Вясной 2022 году Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць 4 незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс» і «Кнігазбор». Праз 3 месяцы выдавецтвы паспрабавалі прайсці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі, але без поспеху.

У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.

Пасля працяглага пераследу 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.

У траўні 2023 году суд у Менску зліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа, якое спецыялізавалася на беларускамоўнай літаратуры.

У кастрычніку 2023 году Менскі гарвыканкам ліквідаваў выдавецтва «Кнігазбор», якое працавала амаль 28 гадоў.

Глядзіце таксама