Выдавецтва «Янушкевіч» адкрывае новую інтэрнэт-кнігарню замест страчанай
З цягам часу гэтая пляцоўка стане асноўнай — менавіта тут будзе адкрывацца папярэдні заказ, выкладвацца навінкі і запускацца разнастайныя акцыі.
«Мы запускаем новую інтэрнэт-кнігарню — knihauka.com. Цягнуць далей не было як, тым больш што на пачатку чэрвеня невядомыя асобы знішчылі нашу старонку januskevic.by», — гаворыцца ў абвестцы на Facebook-старонцы «Кнігаўкі».
Адзначаецца, што інтэрнэт-кнігарня працуе пакуль у тэставым рэжыме, «будзе шмат сырога, недаробак і іншае, таму адразу просім прабачэння за збоі».
На новай пляцоўцы прадстаўлены «самы шырокі асартымент кніг, якія ў нас ёсць».
«Будуць працаваць зніжкі з промакодамі, падключана праграма лаяльнасці для сталых кліентаў. Тут даступная дастаўка ў Вялікабрытанію, Францыю і Іспанію — тое, чаго бракавала ў маркетплэйсе Allegro. Падключаны самыя папулярныя сістэмы аплаты і кур'ерскія службы», — кажуць у выдавецтве.
Андрэй Янушкевіч у 2014 годзе заснаваў аднайменнае выдавецтва «Янушкевіч».
16 траўня 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ўласную кнігарню «Кнігаўка» ў Мінску, тым жа вечарам сілавікі затрымалі дырэктара Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Настассю Карнацкую. 17 траўня стала вядома, што сілавікамі былі канфіскаваныя 200 кніг, 15 выданняў нібыта «будуць аддадзеныя на экспертызу».
Андрэй Янушкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля атрымаў яшчэ 10 сутак, а затым — яшчэ 8 сутак.
Пасля выхаду на волю Андрэй з’ехаў у Польшчу, дзе аднавіў дзейнасць выдавецтва.