Куды прыводзяць погляды
У гісторыі не раз здаралася, што таленавіты чалавек па нейкай дзіўнай прычыне станавіўся на бок зла, чым сам жа перакрэсліваў усе свае ранейшыя заслугі. Так было і з нарвежскім пісьменнікам Кнутам Гамсунам, які сімпатызаваў нямецкім нацыянал-сацыялістам і нават напісаў некралог Гітлеру, за што зведаў нянавісць суайчыннікаў і дагэтуль застаецца спрэчнай асобай як у Нарвегіі, так і ва ўсім свеце.
Разважаць аб таленце нарвежца Кнута Гамсуна не выпадае, бо ён і праўда быў надзвычай адораным і матываваным чалавекам. Як і герой з ягонага першага і самага вядомага рамана «Голад», дзе вельмі шмат аўтабіяграфічнага.
Кнут Гамсун нарадзіўся 4 жніўня 1859 года, а першую сваю аповесць апублікаваў, калі яму было 18 гадоў. Раман «Голад» пабачыў свет у 1890 годзе, калі пісьменнік ужо меў за плячыма які-ніякі жыццёвы досвед.
Галоўны герой гэтага твора бязмежна перакананы ва ўласнай геніяльнасці, таму гатовы цярпець усе злыбеды, што выпадаюць на ягоны лёс. Безыменны пісьменнік спрабуе зарабляць на жыццё літаратурай, але гэта ў яго слаба выходзіць. Таму даводзіцца галадаць і нават ночыць за горадам у лесе. Але і гэта не перашкода для пачаткоўца, які гатовы да любых выпрабаванняў. Праўда, у канцы ён усё адно ўладкоўваецца юнгам на расійскі карабель і адплывае ў невядомасць. Фінал у рамане адкрыты, таму мы не ведаем, чым скончылася гэтая гісторыя — дамогся галоўны герой папулярнасці або суцішыўся і задаволіўся сваёй сціплай роляй.
Але ведаем, як было ў жыцці аўтара. Той літаральна ўварваўся ў еўрапейскую літаратуру, стаўшы адным са стваральнікаў мадэрнізму — новага жанру, які замяніў сабой ранейшыя. Гамсун справядліва лічыцца майстрам псіхалагічнай прозы: ягоныя героі часта — глыбока занураныя ў сябе людзі, а ў раманах не столькі дзеяў, колькі самакапанняў. Нам паказваюць розныя эмоцыі чалавека, таму і кнігі тыя цікава чытаць і перачытваць, бо чалавеку заўжды будзе цікавы ўнутраны свет іншага чалавека.
Гамсун шмат вандраваў і па ўласнай краіне, і па свеце, быў у Расіі, у Амерыцы. Змяніў мноства прафесій і сродкаў заробку, але вабіла яго толькі літаратура. Тут ён пачуваўся вельмі свабодна, бо ад пачатку не толькі зразумеў правілы гульні, але пачаў іх ствараць сам. Ён лёгка мог дазволіць сабе некампліментарныя выказванні ў бок старэйшых калег, указваючы на іх сапраўдныя і надуманыя хібы. Мог з лёгкасцю звяргаць прызнаныя аўтарытэты, спрабуючы заваяваць аўтарытэт сам. У гэтым плане ён відавочны паслядоўнік ніцшэанскага нігілізму.
Сапраўднай жа мрояй Гамсуна была зямля. Ён хацеў стаць гаспадаром, простым такім селянінам, што ходзіць за плугам, пасвіць кароў і гадуе курэй. Гамсун нават любіў падкрэсліваць, што ніякі ён не пісьменнік, пагатоў не інтэлектуал, а просты селянін. Бо ў цяжкай працы на вёсцы Кнут Гамсун бачыў не толькі крыніцу для заможнага жыцця, але і здаровае існаванне. Парадаксальна, акурат гэтая акалічнасць і прывядзе яго ў выніку спачатку ў лагер прыхільнікаў нямецкіх нацыянал-сацыялістаў, а потым на судовую лаву.
Па сваіх поглядах Гамсун быў куды больш правым за многіх правых. Пры гэтым ён не сядзеў у пракураных піўных, не біў шкло ў габрэйскіх крамах, не заклікаў да чагосьці падобнага і нават не быў антысемітам. Ён проста шчыра ненавідзеў прагрэс, які, паводле ягонай думкі, забіваў душы еўрапейскіх народаў.
Калі троху пагартаць кнігу пра духоўнае жыццё Амерыкі, напісаную яшчэ ў 1889 годзе, ужо там можна заўважыць парасткі ягонага персанальнага рэакцыянерства. І слова гэтае не будзе тут выпадковым, бо Кнут Гамсун акурат і быў рэакцыянерам. Яму не падабалася ўсё, чым стала знакамітае ХХ стагоддзе: хуткі рост гарадоў, імклівае развіццё сродкаў масавай інфармацыі, камерцыялізацыя ўсіх сфер жыцця, шырокія магчымасці буйных капіталістаў. Але і левым Гамсуна назваць нельга, бо ідэі дыктатуры пралетарыяту для яго былі чужымі.
У 1920 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію за свой раман «Сокі зямлі». Сюжэт такі: невядомы чалавек знаходзіць лапік зямлі сярод лесу і вырашае збудаваць там сабе маёнтак. Потым заводзіць гаспадарку, знаходзіць жонку і так далей. Здавалася б, больш трывіяльны сюжэт цяжка прыдумаць, але напісана праўда цікава нават па цяперашнім часе.
За тыя грошы, што былі атрыманыя ад прэміі, ён урэшце набыў сабе маёнтак Нархольм, дзе змог ужо і насамрэч зажыць заможна, як сапраўдны гаспадар. Сям’я ў яго была шматдзетная, а жонка Марыя мела істэрычны нораў, бо рыхтавала сябе для іншага лёсу. Яна хацела быць спявачкай і акцёркай, але ў выніку стала звычайнай хатняй гаспадыняй. Да апошніх дзён яна дакарала Гамсуна за тое, што той «зламаў ёй жыццё». Яны то сыходзіліся, то разыходзіліся, але ў выніку засталіся разам.
Калі ў 1920-я гады па Еўропе адзін за другім пачалі з’яўляцца праварадыкальныя рухі, Кнут Гамсун быў на піку сваёй славы. Па вялікім рахунку, ён ставіўся да іх абыякава, бо бачыў у іх тую самую гарадскую моладзь, пазбаўленую сваіх каранёў. Асоба Беніта Мусаліні цікавіла Гамсуна, але не болей за тое, бо ў фашысцкім руху ён бачыў той жа самы пралетарыят, толькі пад чорнымі, а не чырвонымі сцягамі. Але зусім іншая справа Нямеччына…
Гамсун вельмі любіў нямецкую культуру і бачыў за ёй будучыню, таму калі ў 1933 годзе да ўлады прыйшоў Адольф Гітлер, нарвежскі пісьменнік пільна прыгледзеўся да асобы новага рэйхсканцлера. Гэтай краіне ён адводзіў ролю абаронцы Нарвегіі ад Брытаніі, якая нібыта хацела скарыць невялічкую скандынаўскую краіну. Усё часцей пісьменнік пачаў выказваць сімпатыі нямецкім нацыянал-сацыялістам, нават адправіў туды вучыцца сваіх дзяцей. Адзін потым паспее пабыць у складзе дывізіі СС, другі стане вядомым мастаком, а дачка не вельмі ўдала пабярэцца шлюбам і будзе пакутаваць на алкагалізм.
Калі пачнецца Другая сусветная вайна і Трэці Рэйх захопіць Нарвегію, Гамсун пачне заклікаць у прэсе нарвежцаў ніяк не супраціўляцца акупантам і скласці зброю. Потым пачне рабіць немцам рэверансы, якія тады яшчэ пераможна крочылі па Еўропе. Праўда, прызнаны класік, які вёў спакойнае жыццё ў сваім Нархольме, нават і не здагадваўся, якую нянавісць ды агіду выклікаў у простых жыхароў уласнай краіны, якія яшчэ зусім нядаўна лічылі яго жывым нацыянальным геніем.
Значную ролю ў атаясамленні Гамсуна з нацыстамі адыграла ягоная жонка Марыя, якая ахвотна брала ўдзел ў прапагандысцкіх мерапрыемствах і, трэба думаць, шмат чаго казала лішняга ад імя свайго мужа. Але і ён не адставаў — Нобелеўскі медаль падараваў Гебельсу, каб той арганізаваў сустрэчу з Гітлерам. Калі яна адбылася, то збіў з панталыку фюрэра, бо папрасіў прыбраць з Нарвегіі Тэрбовена — гаўляйтара, які ўчыніў там сапраўдны тэрор. Многія тады звярталіся па дапамогу да пісьменніка і шукалі ў яго заступніцтва.
Як герой сваіх твораў, Гамсун рабіў нечаканыя і абсалютна нелагічныя крокі, якія не мог вытлумачыць і сам. Адзін з такіх — некралог Гітлеру ў апошнія дні вайны, дзе мёртвага фюрэра з нейкага пераляку стары літаратар назваў «змагаром за правы народаў». У самой Нарвегіі гэты крок выклікаў шквал абурэння. Простыя нарвежцы прыходзілі ў Нархольм ды «вярталі» аўтару кнігі, часам нават рэдкія і падпісаныя ім самім выданні. Акурат з такой сцэны пачынаецца фільм «Гамсун» сярэдзіны 1990-х, дзе Гамсуна грае Макс фон Сюдаў.
А потым пісьменніка арыштавалі і змясцілі ў вар’ятню. Справа цягнулася вельмі доўга, бо Гамсуну закідалі даволі цяжкія артыкулы. А ўласна на працэсе многае не даказалі, напрыклад, ягонае сяброўства ў нарвежскай нацыянал-сацыялістычнай арганізацыі. Але ў любым разе ён займеў таўро здрадніка і атрымаў вялізны штраф.
Знаходзячыся ў зняволенні, ён напісаў сваю апошнюю і ці не адну з самых лепшых кніг, якая называецца «Зарослымі сцежкамі». Там пісьменнік расказвае аб тым, як жыве ў гэтай сітуацыі. Але нязручныя моманты імкнецца тактоўна абмінаць. Тое самае паўтарыў потым і ягоны сын Турэ Гамсун, які пакінуў цудоўныя ўспаміны пра сваю маладосць, але паспрабаваў максімальна ўнікнуць нязручных пытанняў.
Гісторыя Кнута Гамсуна паказальная найперш тым, як таленавіты чалавек можа сам з нуля зрабіць сабе імя, а потым сваімі ж рукамі ўсё разбурыць праз неабачлівыя выказванні і неадназначную жыццёвую пазіцыю.