Дыктатар, якога намагаліся забыць усе
Пяцьдзясят гадоў таму, 1 жніўня 1973-га, пайшоў з жыцця заснавальнік і першы кіраўнік Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Вальтэр Ульбрыхт. Абставіны яго смерці нагадваюць сапраўдны фарс.
![By Deutsche Fotothek, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7959401 By Deutsche Fotothek, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7959401](/img/v1/images/fotothek_df_roe_neg_0006576_007_portrait_walter_ulbrichts_am_rednerpult_beim_kog.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
By Deutsche Fotothek, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7959401
Вальтэр Ульбрыхт, які нарадзіўся ў Лейпцыгу ў 1893 годзе, яшчэ падлеткам быў перакананым сацыялістам. У 15-гадовым узросце ён уступіў у маладзёжку эсдэкаў, а праз дзесяць гадоў стаў адным з сузаснавальнікаў Камуністычнай партыі Германіі. Пасля прыходу Гітлера да ўлады спачатку працаваў у падполлі, а затым эміграваў у СССР, дзе поўнасцю падтрымліваў лінію Сталіна ў міжнародным камуністычным руху.
Ульбрыхт вярнуўся ў Германію ўвесну 45-га на чале групы нямецкіх камуністаў. Яе задача першапачаткова складалася ў асноўным у стварэнні новых структур у савецкай зоне акупацыі. Праца ўключала забеспячэнне насельніцтва харчаваннем, стварэнне газет, радыёстанцый, прафсаюзаў і партый.
Між тым планы Масквы паступова змяніліся з-за краху ідэі нейтральнай аб'яднанай Германіі. Было прынята рашэнне ствараць у савецкай зоне акупацыі марыянетачны дзяржаўны праект, альтэрнатыўны ФРГ. Праўда, на першых этапах гэтага дзяржаўнага будаўніцтва Ульбрыхт адышоў на другі план. Вільгельм Пік і Ота Гротэваль першапачаткова ўзялі на сябе кіраўніцтва Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай.
Але хутка Вальтару пашанцавала. У сярэдзіне 1948 года ва Усходні Берлін прыйшло ўказанне з Масквы — правесці чысткі ў нядаўна створанай Адзінай Сацыялістычнай Партыі Германіі (саюз камуністаў і часткі эсдэкаў СЕПГ). Партыя павінна была быць ачышчана ад прыхільнікаў сацыял-дэмакратыі і тытаізму, грунтавацца на сталінскай партыйнай мадэлі КПСС.
За партыйныя чысткі адказваў асабіста Вальтэр Ульбрыхт. Ён справіўся з задачай «на пяцёрку». Нязгодныя былі выключаны з партыі, а некаторыя нават прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Пасля таго, як партыя была рэструктуравана па савецкім узоры, Ульбрыхт чакана быў абраны Генеральным сакратаром. Гэты была найвышэйшая пасада ў ГДР, таму Ульбрыхт мог уплываць амаль на ўсе сферы грамадскага жыцця краіны.
Вынікі яго кіраўніцтва наглядна выявіліся ў 1953-м, калі ва Усходняй Германіі пачаліся масавыя сацыяльныя пратэсты. Прычым такога маштабу, што Ульбрыхт быў вымушаны збегчы з цэнтра Берліна пад абарону савецкіх войскаў у рэзідэнцыю савецкай акупацыйнай адміністрацыі.
Паўстанне, здавалася, мусіла паставіць крыж на яго кар'еры. Але збольшага выратавала тое, што падпарадкаваная яму «народная міліцыя» актыўна дапамагала савецкім войскам разганяць пратэстоўцаў, без вагання пускаючы ў ход зброю. У канчатковым выніку Ульбрыхт выйшаў з сітуацыі яшчэ мацнейшым, прычым вырашальную ролю адыграла падтрымка савецкага партыйнага кіраўніцтва.
Ульбрыхт працягнуў заставацца ва ўладзе як стаўленік Масквы. У 1961-м савецкае кіраўніцтва пагадзілася з прапановамі Ульбрыхта аб неабходнасці будаўніцтва берлінскай сцяны. Ён аргументаваў гэта праблемай уцёкаў кваліфікаваных кадраў у ФРГ праз Берлін. Па яго загадзе без афіцыйнага папярэджання ўначы 13 жніўня 1961 года памежныя войскі ГДР пачалі спешнае будаўніцтва ізалявальнай сцяны і памежных умацаванняў вакол Заходняга Берліна.
Глядзіце таксама
![Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Як стваралася «вітрына сацыялізму» Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Як стваралася «вітрына сацыялізму»](/img/v1/images/scjah_hermanskaj_demakratycznaj_respubliki.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аднак у выніку безальтэрнатыўная стаўка на Маскву падвяла Ульбрыхта. Для Крамля ён аказаўся вельмі таксічным для наладжвання дыялогу з ФРГ, дзе сацыял-дэмакратычны кабінет выступіў за нармалізацыю адносін з Усходняй Еўропай. Не без асабістага ўдзелу Леаніда Брэжнева да кіраўніцтва ГДР прыйшла група Эрыха Хонекера, які лічыўся ў партыі апанентам Вальтэра Ульбрыхта. 3 мая 1971 года той афіцыйна сышоў з пасады Першага сакратара САПГ па стане здароўя і ўзросце, але захаваў за сабой пасаду Старшыні Дзяржсавета.
Прыйшоўшы да ўлады, Хонекер адпомсціў былому босу. Ён панізіў статус Дзяржсавета да прадстаўнічага органа. Грамадскі культ, які атачаў асобу першага кіраўніка ГДР, быў хутка дэманціраваны. У газетах пра Ульбрыхта цяпер амаль не пісалі. Прадпрыемствы і акадэміі, якія насілі яго імя, былі перайменаваны, паштовыя маркі выведзены з абарачэння, а яго асоба выкраслена з гісторыі і школьных падручнікаў, як быццам яго ніколі не існавала. Пры гэтым, што вельмі важна, простыя грамадзяне ГДР абсалютна не крытыкавалі такую палітыку гістарычнай памяці.
Вальтэр Ульбрыхт памёр 1 жніўня 1973 года ва ўзросце 80 гадоў. Лічыцца, што яго фізічнаму заняпаду спрыяла тое, што нябожчык адчуваў сябе падманутым і зняважаным Эрыхам Хонекерам.
Парадаксальным чынам яго скон стаў арыгінальнай помстай кіраўніцтву рэспублікі. У дзень, калі памёр Вальтэр Ульбрыхт, ва Усходнім Берліне праходзіў Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Прыехалі мільёны наведвальнікаў і гасцей з усяго свету. У цэнтры сталіцы дзень і ноч праходзілі культурныя і музычныя мерапрыемствы. Гэта была фенаменальная падзея для дастаткова шэрай ГДР.
Навіна аб тым, што пайшоў з жыцця першы лідар краіны, вядома, пагражала сарваць мерапрыемства. Па ўсіх канонах трэба было аператыўна закрываць фестываль, арганізоўваць усеагульную жалобу і ўрачыстае пахаванне з удзелам гасцей з брацкіх сацыялістычных краін. Такі сцэнар азначаў удар па прэстыжы ГДР, якая за кошт фестывалю намагалася стварыць сабе пазітыўны імідж у свеце.
Таму прыйшлося шукаць выйсце, і яно было знойдзена. Эрых Хонекер заявіў, што жалобы па былому кіраўніку ГДР не будзе, а фестываль адпаведна працягнецца. Чаму? Таму што, калі верыць Хонекеру, менавіта такім было… апошняе жаданне нябожчыка. У выніку Вальтэра Ульбрыхта ціха пахавалі, каб не замінаць праграме фестывалю. У святочнай мітусні нават афіцыёз не ўспомніў дэміурга ўсходнегерманскага сацыялізму. Так былы заснавальнік ГДР стаў ахвярай спачатку народнага, а пасля і афіцыйнага забыцця.