Андрэй Янушкевіч: «У параўнанні з Беларуссю ўсё выглядае досыць аптымістычна»

Дырэктар выдавецтва «Янушкевіч» распавёў пра тое, як удалося аднавіць кнігавыданне за мяжой, дзякуючы чаму атрымаў аўтарскія правы на выданне кніг Стывена Кінга і якія навінкі прапануе выдавецтва ўжо ў бліжэйшыя дні.

Кнігі выдавецтва "Янушкевіч". Ілюстрацыйнае фота

Кнігі выдавецтва "Янушкевіч". Ілюстрацыйнае фота


Магістрат “Кнігаўка”, дзякуючы якому атрымалася аднавіць дзейнасць выдавецтва "Янушкевіч", аб’ядноўвае трохі больш за 300 чалавек. Аўтар ідэі, кіраўнік праекта "Беларускія магістраты" Цімафей Акудовіч патлумачыў, што ад пачатку разлічваў на ўдзел сотні чалавек: калі кожны данаціць па 10 долараў у месяц — атрымліваецца тысяча долараў, якая з’яўляецца неблагой падтрымкай для невялікага праекта. 300 чалавек, частка якіх данаціла па 10 долараў, частка — па 20 долараў, гэта “вялікі поспех”. Поспех таму, што ўдзельнікі магістрата “Кнігаўка” “не толькі заказваюць кнігі для сябе, але і ўкладваюцца ў развіццё выдавецтва”.

Андрэй Янушкевіч адзначыў, што штомесяц ён атрымлівае на рахунак каля 15 тысяч злотых, ці 3-4 тысячы долараў. Пры гэтым выдавецтва штомесяц стараецца выдаваць па 3-4 новыя кнігі, частка акумулюецца на рахунках — на чорны дзень, частка грошай ідзе на пераклады і іншыя выдавецкія расходы.

— Каб не было магістрата, такой падушкі бяспекі, утворанай магістрацкімі грашыма, то да такіх буйных аўтараў, як Стывен Кінг, я б звярнуўся не раней чым у наступным годзе — чакаў бы акумуляцыі неабходных сродкаў. А дзякуючы грашам магістрата я зрабіў гэта значна раней — ужо ў красавіку, — адзначыў Андрэй Янушкевіч.

Выдавец кажа, што грошы магістрата “Кнігаўка” — “добрая падтрымка, якая дазваляе выдаваць кнігі менавіта цяпер і будаваць рэальныя планы менавіта цяпер. Карацей, планы ператвараюцца ў мары, і ўсё дзякуючы таму, што апошнія паўгода я маю падтрымку магістрата”.


З’яўленне магістрата “Кнігаўка” паўплывала на наклады кніг.

— Наклады памяняліся — у меншы бок. Галоўнае пракляцце выдаўца — угадаць з накладам: выдаць роўна столькі кніг, колькі трэба чытачам, пакупнікам, каб кнігі не залежваліся на складзе.  Мы не імкнемся выдаваць кнігі адразу тысячнымі накладамі. Напрыклад, “Апошнюю кнігу пана А.” Альгерда Бахарэвіча мы выдалі накладам 300 экзэмпляраў — за тры месяцы кніга разышлася. Нічога страшнага: зараз яшчэ 300 экзэмпляраў надрукуем. Таму лепш казаць не пра велічыню накладу, а пра пакупніцкія магчымасці, — адзначыў Андрэй Янушкевіч.

Выдавец кажа, што на новым месцы працуе амаль год: “У параўнанні з Беларуссю ўсё выглядае досыць аптымістычна”.

Амаль праз тыдзень у Варшаве адбудзецца вялікі кніжны кірмаш, на якім выдавецтва прэзентуе адразу тры новыя кнігі.

— Выйдзе доўгачаканы беларускі пераклад “Свіней” Аляксандра Чарнухі, гэта раман-спадкаемца “Запісак Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя. І выйдуць адразу дзве новыя кнігі вядомага пісьменіка Альгерда Бахарэвіча. Гэта аўтафікшн пра 80-я гады пад назвай “Хлопчык і снег”, у якой Альгерд расказвае пра свае 80-я, дзяцінства і юнацтва, а таксама абсалютна новы зборнік апавяданняў, навеяны падзеямі пасля 2020 года і пазней “Ператрус у мезі”. Кнігі Альгерда Бахарэвіча якраз выходзяць на тарашкевіцы, але гэта — выключэнне з правіла, — падсумаваў Андрэй Янушкевіч. 

Нагадаем, Андрэй Янушкевіч у 2014 годзе заснаваў аднайменнае выдавецтва «Янушкевіч».

16 траўня 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ўласную кнігарню «Кнігаўка» ў Мінску, тым жа вечарам сілавікі затрымалі дырэктара Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Настассю Карнацкую. 17 траўня стала вядома, што сілавікамі былі канфіскаваныя 200 кніг, 15 выданняў нібыта «будуць аддадзеныя на экспертызу».

Андрэй Янушкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля атрымаў яшчэ 10 сутак, а затым — яшчэ 8 сутак.

Пасля выхаду на волю Андрэй з’ехаў у Польшчу, дзе аднавіў дзейнасць выдавецтва.