Знак памяці
Малады начальнік — спадар Сяргей Гайдук — неяк спанталычана здзівіўся ў адказ на прапанову спадара Валерыя Бурэня назваць лесапасадкі ў Пуньках іменем Язэпа Драздовіча. І тым больш — уразіўся, калі дэлегат ТБМ сказаў: «На Горадзеншчыне малады лес назвалі іменем Васіля Быкава».
На зыходзе леташняй зімы патэлефанаваў Валерый Бурэнь з Маладзечна:
— У ТБМ уступіў, каб мець падтрымку ў задуманым дзеянні.
У артыкуле «Іду да Драздовіча», змешчаным у кнізе «Праз церніі да зорак», ён распавёў, як не мог знайсці месца нараджэння славутага земляка і цяпер вырашыў дзейнічаць, каб пазначыць… Дык вось хоча прыехаць і паспрабаваць звярнуцца да ўладаў, большых і меншых. Якраз дарэчы — юбілей народзін мастака, 130-годдзе. Але ўжо даведаўся, што там — маладыя лесапасадкі, і ў яго «загуляла» ідэя…
— Каб не аднаму ісці — з дэлегацыяй, — так думаў і накіраваўся да нашай падсвільскай суполкі ТБМ, у прыватнасці, да мяне.
Дамовіліся сустрэцца на глыбоцкай станцыі. Ён — з Маладзечна. Я — з Падсвілля. Пачынаўся час абеду. І мы, прама ад чыгуначнага вакзала, пешкі, праз усё Глыбокае, да лясгаса шлёпалі па мокрым снезе. Прыйшлі і яшчэ чакалі.
Цяпер разумею, што паход у лясгас, да Сяргея Васільевіча Гайдука, быў правільным рашэннем. Заўсёды, перш, чым ісці ў кабінет выканкама, варта шырэй абвясціць ідэю. Можа, гэта і дапамагло ў «шыльдавай задуме»? Хай сабе ўсё крыху гумарыстычна і няўпэўнена, але — ад душы з натуральным удзелам, пяшчотным і пераканаўчым.
Да Гайдука і ад Гайдука
Малады начальнік — спадар Сяргей Гайдук — неяк спанталычана здзівіўся ў адказ на прапанову спадара Валерыя Бурэня назваць лесапасадкі ў Пуньках іменем Язэпа Драздовіча. І тым больш — уразіўся, калі дэлегат ТБМ сказаў: «На Горадзеншчыне малады лес назвалі іменем Васіля Быкава».
— Не разумею, чым прылягае Быкаў да лесу, — прыкладна так, з затоенай усмешкай, адказаў, і аж падскочылі бровы.Тут мне таксама падумалася: «Быкаў — можа й не. А ў Язэпа Драздовіча за хатай — лес. Зоркі гаварылі з ім над вершалінамі тых прысядзібных ліпаў». Дык лес шаптаў Язэпу,
Яму ўзмацнялі летуценне
Лясныя блікавыя цені,
І зоркі промеж вершалін
Нябесна гутарылі з ім.
Правільна, што лес — імя!..
Валеры, прыкметна расхвалявана, дастаў з торбы важкі доказ — том «Праз церніі да зорак».
— Во тут яго творы і пра яго — беларускага «Леанарда да Вінчы», вартага ўшанавання, але вам прапаную прачытаць маленькую кніжку, для знаёмства, — сказаў адзін Васільевіч другому. Том «Ад церніяў…» доўга не затрымаўся на стале — вярнуўся ў торбу. А тоненькая кніжачка засталася ляжаць.
Спадар Гайдук заўважна скеміў, што ў намеры цёзкі па бацьку можа быць зярнятка…
Ён зычліва сказаў: «Ды мы ж зробім, калі дазволіць выканкам».
— Заяву туды панясем во цяпер, пасля абеду, — павесялела надзея на вуснах Бурэня…
У ідэалагічным аддзеле не пашанцавала на спатканне. Загадчыца была занятая экскурсіяй прадстаўнікоў прэзідэнцкай адміністрацыі. Нас рухава сустрэла ветлівая сакратарка. «Прапанова» легла на бліжэйшы стол. Чакаць было бессэнсоўна. А тут яшчэ думка пра цягнік.
І мы ўжо — бягом. На станцыю. Валер Васільевіч таксама ў Падсвілле. З Падсвілля зручней на Маладзечна.
Ён на развітанне ўручыў мне ўзнагароду за паплечніцтва — чорную рэдзьчыну з асірацелай бацькоўскай ляхі і кавалак торта — замарыць таго «чарвячка», які тачыў увесь дзень страўнік.
«Тыя» адгулялі
…Напачатку вясны Валерый Бурэнь атрымаў пісьмовую адмову ад першага намесніка старшыні райвыканкама І. І. Пачкоўскага: «…Прапанову назваць лясную пасадку, размешчаную на месцы сядзібы Язэпа Драздовіча з усталяваннем адпаведнага знака, лічым немэтазгоднай».
І Валерый сцішыў сваю мару, мне нічога не кажучы.
А тут, у сярэднюю восень, званок ад яго:
— Нібы там Знак Памяці ўсталявалі? У Пуньках. Што-небудзь чулі? Я можа б вырваўся з работы на адкрыццё?..
— Не-е, а якая сёння дата? — злякнулася, бо дапісвала верш да юбілею. Але выявіла, што яшчэ тры дні ёсць, і абрадавалася, што гэтая навіна ці не апраўдвае тое наша падарожжа. Яно, выходзіць, не марнае… Трэба ў Мар’яна спраўдзіцца. І тэлефаную. Чую:
— Дык жа «тыя» ўжо адгулялі!
— Як адгулялі? Калі?
— Весела! І яшчэ на тым тыдні. Ты што, Марыя, не ведала? Афішу трэба чытаць! Менш пісаць, больш гуляць на паветры і прыглядацца! Плошча машынамі была застаўлена. Не ўгледзела?.. Канферэнцыя гучная. І ў Пуньках… У лесе адбылося. Дык ты ж лес любіш…
«Язэпе! — адчайна ўсклікнула душа, — і на тваім юбілеі раскол. Дык што рабіць? Кладу смех на душу — хай яна іскрыцца… Бач ты: «тыя». Мы, значыць, «гэтыя»? Дык «гэтыя» не ведаюць, што «тыя» робяць? У адносінах да агульнароднага беларускага Язэпа Драздовіча?..
А ў Пунькі сапраўды хацелася. І прыгадалася рэдзьчына… І куды яшчэ паляцела думка? Чамусьці да Вацлававіча (старшыні нашага сельсавета), да якога я хадзіла з просьбай паклапаціцца пра шыльду на будынку гэтай установы, каб на дзьвюх мовах… Пэўна ж ён быў у Пуньках і бачыў прыклад: на Язэпавай шыльдзе — беларускі тэкст? А ці беларускі? — раптам ушчамілася дурашлівая думка.
І зноў затаміла Язэпава свята ў «тых». Гэта ж трэба: якіх 500 метраў (няўжо больш?) ад майго дома адбылося… У ДК. І некалькі крокаў… ад запасной, «стратэгічнай», кватэры сябра ТБМ — Місевіча. Дык той і даляцеў — паспеў на канферэнцыю.
Люба кажа: «Чэсік завязе ў Пунькі ў Дзень юбілею, не хвалюйся, Марыя. Убачым, які там Знак!»
Мастак Купава задумаўся…
На могілках, дзе Язэп, дачакаліся ўсіх: і мастакоў, і Аду Райчонак, і Мар’яна, і Глыбачанаў (карэспандэнтаў-незалежнікаў), і новых — незнаёмцаў. Усяго 22 чалавекі. Дык з Пунькамі зноў што выйшла? Мікола Купава, які ўжо даўно марыць пра нейкую адметнасць на месцы сядзібы Драздовіча, пачуў маё паведамленне пра Знак (як ён пачынаўся). Пасля слова-ўспаміну паэткі Марыі Новікавай пра даўняе ўражанне (100-годдзе з Дня нараджэння мастака) Купава задумаўся і сказаў: «Хацелася б пабачыць тую шыльду на камяні».
— Ты за праважатага, Чэсь! — гукнуў Мар’ян, — а я на сядзібу — гаспадыня чакае.
Мы рушылі на Пунькі, але ззаду чамусьці прыстроілася толькі адна машына. Я заўважыла ў ёй Купаву… Праехаўшы нейкі адрэзак шляху, Чэсь спахапіўся спытаць, ці ведаюць нашы паслядоўнікі дарогу назад, да сядзібы Місевіча, бо астатнія туды ірванулі.
— Нам жа на цягнік трэба, назад да Мар’яна не паедзем… Не ведаеце? Ну, тады хутчэй, пакуль яшчэ хвост картэжа відаць, во па гэтай дарозе!
Так і не трапілі ў Пунькі…
Не блукаў ён — ішоў…
Пасля аналізу гэткіх падзей перада мной, уночы, разгарнулася містычная карціна: усё бачу і чую. Асабліва слыхам бяру.
Я — нічый, без патрэб
Па Ліплянах блукаю.
Я — Драздовіч Язэп…
«Вышыванку» шукаю…
Што маё захавана?..
Ну, з аднаго боку, — думаю, — кожны пра сваё рупіцца… Дык нейкая інтуіцыя падказвае, што «Вышыванка» — гэта кніга. Як нібы я калісьці чытала. Ды пры пісьменніцкім расколе павылятала ўсё з галавы — не помню аўтара. Але голас узмацніўся:
Я вас помню, а вы?..
Усё — вон з галавы?
Аж сам Язэп мільгнуў перад вачыма. Вось і не вер у той свет… — здзіўляюся, — Язэп сочыць… Збоку той нейкі аўтар верша паведамляе:
Задыхаўся і слеп…
Гэта Язэп слеп? — абураюся. — Ай-яй-яй! Не гавары так, паэт! Калі мастак і скардзіўся на зрок, дык толькі восеньскім адвячоркам, калі рана цямнела. У яго дальназоркасць развівалася. Ого, які дальназоркі Язэп! І запытайся ў Чэся Лубчонка з Наваполацка. Язэп жа яму, яшчэ школьніку-пачаткоўцу, графічна занатаваў зімовы малюнак. Тады Драздовіч жыў два тыдні ў бацькі Чэся — пуцявога рабочага на чыгунцы. І той пазней вельмі журыўся, што памірае мастак у Падсвільскай бальніцы. «Ці закурыць, ці нешта смачнае, прыгатаванае мамай, насіў яму, — згадвае Часлаў. Дык жа не сляпы быў Драздовіч. І памёр не ад задышкі.»
І тут мне ў вуха разанула апраўданне:
Не пісаў бы, што слеп,
Дык жа рыфму дзе ўзяць?
Бо не Восіп — Язэп —
Тут праблема уся!
І адказ чую з сябе, знутры:
Нам, дык сёння — на здзіў
Рух яго: дзе хадзіў…
Не блукаў без патрэб
Ля кустоў і ля рэк.
Не блукаў ён — ішоў!
Не на возера Шо, —
На нябёсы, да зор —
Нёс прамыслены твор.
Ён пытаўся — у зор:
«А ці якасны твор
Для нябесных патрэб?».
Дзейна-мройны Язэп
Мог і жыць толькі так,
Як аб’ёмны дзівак.
Зорку сноў запаліў…
І з падсвільскай зямлі
Карані яго мар
Так шырока пайшлі
Праз глыбоцкі абшар…
«…І шукалі яго,
І знайшлі не ўсяго», —
Кажа ясна нам лёс,
Беларускі да слёз…
«Пунькам» верны мастак!
Дык пра гэта і Знак…
Вельмі зычны быў голас мой у сне, аж разбудзіў.
Аскоміна?
У Любы таксама адчувалася нейкая аскоміна ў настроі. Але ў яе — пасля нашага наведвання Язэпавай магілы.
— Нешта не так, унутры ные, — казала яна. І пазней прынесла мне райгазету — «Веснік Глыбоччыны». Але пакуль «Веснік…», я прачытала « незалежную — «Вольнае Глыбокае». Дык там Валодзя Скрабатун што нарабіў? Знак Памяці, у сэрцы выпешчаны, што з Валерыем па інстанцыях прасоўвалі, прысвоіў толькі ўладзе: «Дзякуй уладам, што зрабілі Знак!»
— Ага, зрабілі, скляпалі малатком, — кіплю, — і не здагадаліся б пра Пунькі, бо ў іх там маса бібліятэчных мерапрыемстваў, буклетаў, выставаў, афармлення дакументаў і г. д. Што ім у лесе рабіць? А ты, Валодзя, чым ты слухаў? Такі вядомы Чэсь стаў Юзікам! І чаму ты робіш заўвагу, што я чытала «свой» верш? Няўжо мне трэба было дэкламаваць чужы? Накшталт: «Я вас помню…».
Тут вочы нервова «збочылі» ў «Веснік Глыбоччыны»! А там… Падрабязна! Калярова, урачыста-ўзнёсла, іскрыста, як феерверк, на ўсю старонку, таксама: «Я вас помню, а вы?..»
Містыка! Дык скажы, чытач, што сны не спраўджваюцца!