Не пра катаванні, але пра любоў. Ганна Севярынец прэзентавала «Гасцініцу «Бельгія»»

Прэзентацыя новага гістарычнага рамана пісьменніцы, літаратуразнаўцы, даследчыцы рэпрэсаваных аўтараў і настаўніцы сабрала аншлаг на Мінскай кніжнай выставе.

hascinica_belhija_dzijana_seradzjuk__1__logo.jpg

Ці шмат мы ведаем пра нашых пісьменнікаў і пра тое, што адбывалася ў нашым літаратурным асяроддзі ў 1920 — 1930-х гадах? Школьныя курсы беларускай літаратуры і гісторыі не даюць пра гэта амаль ніякага ўяўлення. Імёны Алеся Дудара, Уладзіміра Дубоўкі, Адама Бабарэкі і іншых беларускіх пісьменнікаў таго часу ўсё яшчэ застаюцца невядомымі для большасці беларусаў. Ад такой пустэчы некалі пакутвала і сама Ганна Севярынец. Пакуль не пачала даследаваць часы «Маладняка» і «Узвышша» і літаральна не закахалася ў эпоху і яе герояў. Настолькі, што вырашыла напісаць пра гэта кнігу.
«Найперш гэта будзе раман пра каханне. Я пісала яго так, каб нават тым, хто пакуль нічога не ведае і не хоча ведаць пра час, у які адбываецца дзеянне, і пра герояў, якія жывуць і дыхаюць там, каб нават гэтым чытачам чытаць яго было цікава», — пісала Ганна Севярынец пра свой новы раман.

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Зрэшты, мяркуючы па колькасці чытачоў Фэйсбука Ганны (і тых, хто прыйшоў на прэзентацыю), цікавасць выклікае літаральна ўсё, пра што яна піша: ці тое новыя адкрыцці ў даследаванні лёсаў рэпрэсаваных пісьменнікаў, ці тое хвароба сына, ці тое гісторыі з настаўніцкай практыкі. «Сакрэт Ганны Севярынец» раскрыў пісьменнік, журналіст Валер Гапееў: яна мае і ўзрошчвае ў сабе талент любіць. У кожным яе тэксце — ці тое кніга, ці тое допіс у Фэйскубу — ёсць кропка прыцягнення любові. Нават у гнеўных допісах Ганны заўсёды прысутнічае любоў.

Валер Гапееў

Валер Гапееў

Гэтай жа любоўю прасякнута і «Гасцініца "Бельгія"». Хаця, мяркуючы па словах тых, хто ўжо паспеў прачытаць раман, кніга — не з лёгкіх. Лідзія Маркаўна Малініна, пляменніца Алеся Дудара, адной з першых пабачыла рукапіс.
— Я прачытала кніжку, калі яна толькі была здадзена ў выдавецтва. Раю прачытаць яе ўсім, але толькі не на ноч — не зможаце спаць. Я не змагла. Да гэтага я не ведала Дудара такім. Тое, што зрабіла Ганна Канстанцінаўна — гэта цуд. Яна па кропельцы збірала інфармацыю пра сваіх герояў з розных крыніц. Гэта фантастычна, гэта вельмі вялікая праца, — падзялілася яна ўражаннямі.

Лідзія Малініна

Лідзія Малініна

А галоўны рэдактар выдавецтва «Рэгістр», у якім выйшаў раман, Таццяна Фалалеева ўвогуле не змагла стрымаць слёз. Яна прызналася, што ў пэўныя моманты не магла чытаць рукапіс, калі ведала, што гэтых хлопчыкаў — герояў рамана, — неўзабаве пачнуць катаваць. У той жа час кніга ўяўляе сабой спалучэнне шчасця і драматызму, чытаючы яе, перажываеш сапраўдны катарсіс.

Ганна Севярынец і Таццяна Фалалеева

Ганна Севярынец і Таццяна Фалалеева

«Гасцініца "Бельгія"» — твор мастацкі, хаця часы, героі, многія падзеі, а таксама месцы ў ім рэальныя. Уявіць дакладную карціну Мінска 1920 — 1930-х гадоў чытачы змогуць дзякуючы працы краязнаўца, даследчыка гісторыі Мінска Вадзіма Зелянкова. Па яго словах, горад у рамане — дзеючая асоба. І як любая дзеючая асоба, ён змяняецца: Менск становіцца Мінскам, мяняюцца назвы вуліц, іх структура… У той жа час са старонак рамана паўстаюць успаміны пра той Мінск, якім ён быў яшчэ ў 1970-х гадах.

Вадзім Зелянкоў

Вадзім Зелянкоў

Сама аўтарка не хавае, што вельмі перажывае за сваю новую кнігу і вельмі любіць яе.
— Яна не простая. Я старалася, каб там не было зашмат трагізму, бо хлопцы маладыя, закаханыя, прыгожыя, і на той момант, пра які я пішу, у іх жыцці яшчэ не было бачна канца. Мне вельмі хочацца, каб праз гэтую кніжку яны прыйшлі да кожнага. І каб да кожнага прыйшоў гэты час — неверагодных людзей, неверагодных надзей на тое, што ўсё будзе добра, калі людзі не верылі, што можа здарыцца нешта благое, хоць яно і здаралася на кожным кроку. Мне таксама хацелася паказаць каштоўнасць чалавечага жыцця такога, якое яно ёсць. 


Фота аўтаркі