22 чэрвеня. У палоне міфаў

Зжывацца з міфамі проста, развітвацца — цяжка. Пры гэтым, аснова міфу — не логіка ці аналіз, а паўтарэнне і завучванне. Каб ад зубоў адскоквала, як нас вучылі ў школе. Бяда ў тым, што народная трагедыя ў нас даўно пераўтварылася ў залаты фонд прапагандыста і кландайк міфаў.

1404375248_brest_fortress___fortitude_monument.jpg

Дзед аднаго майго добрага знаёмага меў 90 гадоў і перажыў вайну на занятай немцамі тэрыторыі. Да пэўнага часу ён памятаў рэаліі акупацыі: старасту, паліцыю, паборы. Але ў пэўны момант яго нібыта «пераклініла»: пачаў узгадваць Сталінград, эшалоны, якія ён нібыта пускаў пад адхон і г.д. Адкуль усё гэта ўзялася? Фільмы ды кніжкі пра вайну, якія стары спажываў, браў на веру, а потым — уключаў у мегабайты сваёй асабістай памяці.

Так і з намі. Праўда пра вайну, яе рэаліі, пачатак і канец, нам навеяная не столькі аб’ектыўнымі крыніцамі, колькі школьнай адукацыяй, прапагандай, эмацыйнымі фільмамі з удзелам нашых «любімых» актораў. У гэтым розніца паміж гісторыяй і міфам. Міф не патрабуе довадаў — адно веры.

Сёлета, 22 чэрвеня, як і год, і пяць, і дзесяць гадоў таму, піянеры будуць пускаць вянкі па рэках, каля «вечных агнёў» будуць выстаўленыя пачэсныя варты, у вушах зазвініць ад шчымлівай хвіліны маўчання, а па ТБ пакажуць кіно пра Брэсцкую крэпасць. «Эх, доро-оги, пыль да ту-у-уман…» Але дзе гісторыя, а дзе пыл з туманам?

Калі пацікавіцца ў любой вёсцы Заходняй Беларусі ў старых людзей, хто яшчэ пры памяці, калі пачалася вайна, вам адкажуць: у 1939-м. Менавіта тады на Гродна ўпалі першыя бомбы, а не «22 июня, ровно в четыре часа…». Брэсцкую крэпасць тады таксама абаранялі: толькі жыхары Рэчы Паспалітай, а не чырвонаармейцы. Здаецца, і ва ўсім свеце пачаткам той страшэннай вайны лічаць 1939-ы. Што ж з намі не так?

Бяда ў тым, што народная трагедыя ў нас даўно пераўтварылася ў залаты фонд прапагандыста і кландайк міфаў. Германія, канешне ж, напала ў 1941-м «вераломна» — так нас вучылі. Нічога страшнага ж няма ў тым, што СССР усе 30-я гады прытрымліваўся адносна Гітлера вельмі цікавай палітыкі: з аднаго боку, слова «фашыст» было лаянкай, у Саюзе ўвесь час раскрываліся «фашысцкія змовы» ды «агенты германскай выведкі», з іншага боку — Саюз рыхтаваў у сваіх вучэльнях нямецкіх афіцэраў, Молатаў заключаў з Рыбентропам пакты, а часткі Вермахта разам з Чырвонай Арміяй хадзілі парадамі па Брэсту ў 1939-м.

Нам дагэтуль убіваюць у галовы тэрмін «акупацыя», хоць як па-іншаму можна назваць савецкае панаванне, якое перакрэсліла падчас Грамадзянскай вайны нашу нованароджаную дзяржаву — БНР? Ці, магчыма, БССР было незалежнай дзяржавай са сваім сапраўдным урадам, войскам, грашовымі адзінкамі ды нацыянальнай палітыкай? Так, немцы акупавалі Рэч Паспалітую — незалежную дзяржаву, — але ў выпадку з нашай Бацькаўшчынай, яны занялі тэрыторыю падкантрольную Маскве: адзін акупант змяніўся на іншага.

Зусім хутка мы будзем адзначаць 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі з нямецкага ярма. Даруйце, але 3 ліпеня — гэта дата вызвалення Мінска, калі на тое пайшло. А як жа Слонім, Навагрудак, Гродна, Брэст, Баранавічы, у якіх яшчэ стаялі нямецкія войскі?

Зрэшты, якая розніца? Галоўнае ж — паўтарэнне. Чым больш разоў паўторыш, тым больш праўда. З каго пасля спытаць? Школьнікі спашлюцца на настаўнікаў, настаўнікі — на Міністэрства адукацыі, Міністэрства — на міністра, міністр — на ўрад, а тыя скажуць: «Такі быў час». У выніку, нібыта, ніхто і не вінаваты. Так і вучым гадамі табліцу множання, дзе два на два — пяць. Оруэл адпачывае.

Канешне, міфамі перапоўненая і нацыяналістычная трактоўка гісторыі. Толькі там іншыя трэнды: Рэч Паспалітая як «рай на зямлі», высакародная шляхта, «святыя» айцы БНР… Але як быць з самазабойчай «дэмакратыяй» і палітычным калапсам у Рэчы Паспалітай? Як быць са шляхтай, якая мела звычку ігнараваць «паспалітае рушэнне», то бок, моманты, калі панове былі абавязаныя з’яўляцца на вайну ў абарону краіны? Як быць з карупцыяй і бясконцымі сваркамі ў межах некалькіх радаў БНР, якія не маглі дамовіцца нават паміж сабой (традыцыя, якую ўзялі на ўзбраенне сучасныя апазіцыянеры)?

Арыентавацца на міфы ў ХХІ стагоддзі — шлях у бездань. Калі мы забываемся пра сапраўдныя абставіны трагедыі 22 чэрвеня 1941 года, на жаль, існуе рызыка паўтарыць усё зноў: палітычны «саюзнік» акажацца не такім ужо і «саюзнікам», а генералы ў момант Х будуць «спаць у шапку», замест таго, каб біць ва ўсе званы. Калі мы забываемся пра хібы «шляхецкай дэмакратыі» ды рамантычную наіўнасць дзеячаў БНР, то рызыкуем яшчэ доўга блукаць у трох соснах у палітычным і нацыянальным плане.

Безумоўна, 22 чэрвеня — дзень смутку. Пры гэтым варта памятаць механізмы, а менавіта сталінскую палітыку, якая прывяла да гэтага дня. Варта памятаць таксама, што гэта дзень пачатку толькі аднаго з этапаў нашай нацыянальнай трагедыі ў ХХ стагоддзі, пошуг маланкі сярод доўгай цёмнай ночы, калі беларусы не былі гаспадарамі на сваёй зямлі. Сёння, маючы сваю дзяржаву, з усімі яе хібамі і бедамі, мы маем магчымасць крытычна азірнуцца назад, у мінулае, каб «22 чэрвеня» не паўтарылася ніколі зноў ужо пры нашым жыцці.