АБСЕ: 20% назіральнікаў не мелі магчымасці бачыць падлік галасоў

Гэта была ціхая кампанія, многія рэкамендацыі АБСЕ не былі выкананыя. Так ацаніла ў інтэрв'ю БелаПАН парламенцкія выбары, што прайшлі 11 верасня ў Беларусі, кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Тана дэ Зулуета.

tana_de_zulueta.jpg


Паводле яе слоў, выбары былі добра арганізаваныя, улады ажыццявілі "некаторыя змены, закліканыя палепшыць працэс, але на справе яны мелі вельмі абмежаваны ўплыў". "Вельмі многія рэкамендацыі так і засталіся нявыкананымі. Былі два нечаканыя вынікі выбараў (перамога прадстаўнікоў апазіцыі Ганны Канапацкай і Алены Анісім. — БелаПАН.), але мы глядзім не на вынікі, мы ацэньваем увесь працэс цалкам", — падкрэсліла дэ Зулуета.


Яна адзначыла, што ў справаздачах БДІПЧ АБСЕ аб папярэдніх выбарах было "даволі шмат" рэкамендацый. "Некаторыя з іх былі абмеркаваныя міжведамаснай камісіяй, якая прыняла шэсць пастаноў, і, вядома, калі параўноўваць з агульным лікам рэкамендацый, то гэта толькі невялікая іх частка, — сказала дэ Зулуета. — Разам з тым гэтыя пастановы не закранулі такіх важных пытанняў, як адзіны рэестр выбаршчыкаў, медыясфера, выбарчае заканадаўства. Нам сказалі, што было недастаткова часу для ўнясення такіх зменаў у заканадаўства. Разам з тым гэта паказала, што ёсць палітычная воля для такіх зменаў. Улады ўжо выказалі сваё жаданне працягваць супрацоўніцтва".


Адказваючы на пытанне, які працэнт выбарчых участкаў быў ахоплены назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ, дэ Зулуета паведаміла, што яны прысутнічалі на адкрыцці 169 выбарчых участкаў, назіралі за ходам галасавання на 1.539 участках, што складае 25% ад агульнай колькасці.


"Калі казаць пра падлік галасоў, то назіральнікі БДІПЧ прысутнічалі на 166 участках, ці 3% ад агульнай колькасці. Пры унясенні вынікаў у пратаколы акруговых камісій нашы назіральнікі прысутнічалі ў 101 камісіі, што складае 91% ад іх агульнай колькасці", — адзначыла кіраўнік місіі. Яна падкрэсліла, што згодна з метадалогіяй БДІПЧ участкі выбіраюцца выпадковым чынам па ўсёй краіне.


"Калі казаць пра нейкія парушэнні, то найперш яны мелі месца ў большай ступені пад канец дня і падчас падліку галасоў і ўнясення вынікаў у пратаколы, — паведаміла дэ Зулуета. — Калі казаць пра агульную ацэнку правядзення выбараў, то можна сказаць, што яна была добрая. Аднак, безумоўна, мы ацэньвалі не толькі дзень выбараў, але і ўсе, што яму папярэднічала. У кожным чацвёртым выпадку працэдура падліку галасоў была ацэненая негатыўна, што паказвае на наяўнасць пэўных праблем".


Дваццаць працэнтаў назіральнікаў не мелі магчымасці бачыць, як адбываецца падлік галасоў, падкрэсліла кіраўнік місіі. Паводле слоў дэ Зулуеты, яна сутыкалася з такімі праблемамі і ў іншых краінах пры назіранні за выбарамі. "Але гэтыя выпадкі былі ў тых краінах, якія не могуць служыць добрым прыкладам", — дадала кіраўнік назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ.


Таццяна Каравянкова, БелаПАН.