Ад «Азбукі камунізму» да «Азбукі паліталогіі»
Змяненне прыроды чалавека — мабыць, адзіная задача, якую бальшавікі перад сабой не толькі паставілі, але і паспяхова вырашылі.
Чытачы старэйшага пакалення, безумоўна, памятаюць два радкі з верша Сяргея Міхалкова, у якіх правадыр сусветнага пралетарыяту надзяляўся неардынарнай здольнасцю празорліўца: «Ленин видел далеко на много лет вперед». Але падобнай здольнасцю, як мінімум, валодаў яшчэ адзін чалавек сярод найбліжэйшых паплечнікаў правадыра. Гэта аўтар «Азбукі камунізму», знаны тэарэтык партыі бальшавікоў, журналіст і публіцыст Мікалай Бухарын.
«Азбука камунізму» была напісаная і апублікаваная ў 1919 годзе ў сувязі з тым, што «ў такім “падручніку” адчуваецца велізарная патрэба». Сваёй актуальнасці яна не страціла і праз стагоддзе. Цытую: «Адзін з галоўных падманаў буржуазнай дэмакратыі палягае ў тым, што яна дае толькі бачнасць правоў; на паперы пазначана, што працоўныя могуць выбіраць у парламент цалкам свабодна, што яны маюць такія ж правы, як і гаспадар (яны нібыта «роўныя перад законам»); што яны могуць свабодна аб’ядноўвацца ў саюзы, збірацца на сходы, выпускаць якія заўгодна газеты, кніжкі і іншае. У гэтым бачаць «сутнасць дэмакратыі» і заяўляюць, што тут дэмакратыя для ўсіх, для ўсяго народа, для ўсіх грамадзян, а не так, як у Савецкай рэспубліцы».
Дык вось яна якая, буржуазная дэмакратыя! Усё, на што яна здольная, — «толькі бачнасць правоў». Іншая справа, Рэспубліка Беларусь — «унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава» (Канстытуцыя, артыкул 1), у якой «чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы» (артыкул 2), а «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца народ» (артыкул 3).
Хто б сумняваўся. Не пры буржуазнай жа дэмакратыі жывем! Нездарма ж у асноўным законе краіны прыметнік «буржуазны» адсутнічае. Не знайсці днём з агнём прадстаўнікоў буржуазіі і ў беларускім парламенце — і гэта нягледзячы на тое, што немалая колькасць фабрык і заводаў знаходзіцца ў руках прыватнікаў, г. зн. буржуазіі. Аднак палохацца гэтага не варта. Каму належаць сродкі вытворчасці — пытанне другаснае. Галоўнае — каму належыць улада, каму належыць права ўсё рэгуляваць і кантраляваць.
«На самай справе, — тлумачыць Бухарын, — розніца палягае ў тым, што ў адным выпадку гаспадарка арганізуецца буржуазнай дзяржавай, у іншым — дзяржавай пралетарскай». А другі выпадак — гэта пра нас. Не за гарамі ў Беларусі парламенцкія выбары, і мы зможам у гэтым пераканацца.
Аднак можна і не чакаць выбараў. Хто замінае ўжо сёння кожнаму ахвочаму «свабодна аб’ядноўвацца ў саюзы, збірацца на сходы, выпускаць якія заўгодна газеты, кніжкі і іншае»?
Дарэчы, наконт «збірацца на сходы». У адрозненне ад рэальнасці, якую апісваў Бухарын, у сучаснай Беларусі зроблены вялікі крок наперад, і забеспячэнне бяспекі падчас правядзення масавых мерапрыемстваў бярэ на сябе дзяржава. Натуральна, за кошт тых, хто сабраўся, — а гэта лішні раз падкрэслівае рэальнасць нашых правоў, іх адрозненне ад буржуазнай бачнасці правоў.
Найвялікшы цуд усіх часоў
Прафесійны публіцыст і журналіст Бухарын з лютага 1934 па студзень 1937 года ўзначальваў газету «Известия». Як і ва ўсіх яго калегаў па пяры, у ягоным слоўніку адсутнічала слова «постпраўда», якое сёння ўваходзіць у моду. Але, як і герой Мальера, які не ведаў, што ён размаўляе прозай, Бухарына можна смела аднесці да ліку піянераў, што паставілі вытворчасць постпраўды на ідэалагічны канвеер.
Што ж азначае слова «постпраўда», якое стала ў 2015-м, паводле версіі Брытанскай энцыклапедыі, словам года? Згодна з Вікіпедыяй, палітыка постпраўды — «тып палітычнай культуры, у якой дыскурс у асноўным фарміруецца праз зварот да эмоцый і асабістых перакананняў аўдыторыі, пры гэтым падрабязнасці палітычнай рэальнасці застаюцца без увагі».
Пагодзімся, але дапоўнім гэта вызначэнне яшчэ адным, запазычаным у расійскага фінансіста Андрэя Моўчана: «Гэта тэрмін, што пазначае інфармацыю, якую вам перадаюць такім чынам і так, каб вы прымалі рашэнне, якое выгадна таму, хто перадае інфармацыю. Такім чынам, гэта не аб’ектыўная інфармацыя, а інфармацыя, створаная для таго, каб чаго-небудзь дасягнуць».
Як такі тып інфармацыі ствараецца на практыцы, я праілюструю на прыкладзе штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».
У травеньскіх выпусках праграмы на 48 сюжэтаў прыйшлося 27, што былі прысвечаныя ўнутраным праблемам, 6 — знешнім і 15 — змяшаным. Да апошніх адносяцца сюжэты, у якіх распавядалася пра ўзаемадзеянне беларускіх эканамічных і культурных суб’ектаў з замежнымі партнёрамі.
«Галоўны эфір» — праграма не пра праблемы краіны, а пра яе поспехі. Таму няма нічога дзіўнага, што тэме беларуска-расійскіх стасункаў быў прысвечаны толькі адзін сюжэт («брудная нафта») і толькі адзін сюжэт меў дачыненне да побытавых праблем простых людзей.
Натуральна, што кожны трэці сюжэт будаваўся вакол фігуры адзінага палітыка (АП). Каб надаць большую пераканаўчасць яго выказванням, у рэпартажы з месцаў актыўна прыцягваліся эксперты і грамадзяне, якія ўхваляюць палітыку кіраўніка дзяржавы. Іх сумеснымі намаганнямі тэлебачанне фарміравала вобраз краіны — з багатай гісторыяй, «зручнай для жыцця» і прывабнай для замежных турыстаў.
У травеньскім «Галоўным эфіры» не знайшлося месца для аналізу прычын адклікання Крамлём пасла Міхаіла Бабіча. Праігнаравалі журналісты і чарговую нярадасную статыстыку ад Белстата. Усё лагічна. Шмат будзеш ведаць — хутка састарэеш. А хіба могуць спрыяць на дзяржаўным тэлеканале такой нярадаснай перспектыве нашых суайчыннікаў?!
Канчатковай мэтай інфармацыйнай палітыкі постпраўды ў часы Бухарына было фарміраванне «новага чалавека». Зразумела, без прамога гвалту такую грандыёзную задачу высілкамі адных штатных прапагандыстаў было не вырашыць. Але ж бальшавікі ад гвалту ніколі не адмаўляліся.
Для тых, хто сумняваецца, я спецыяльна абраў дзве цытаты «ўлюбёнца партыі». Першая запазычаная з артыкула «Эканоміка пераходнага перыяду» (1920 год): «Пралетарскі прымус ва ўсіх яго формах, пачынаючы ад расстрэлаў і заканчваючы працоўнай павіннасцю, з’яўляецца метадам выпрацоўкі камуністычнага чалавецтва з чалавечага матэрыялу капіталістычнай эпохі».
Другая цытата — панегірык ДПУ ў год яго дзесяцігадовага юбілею: «ДПУ здзейсніла найвялікшы цуд усіх часоў. Яно здолела змяніць саму прыроду рускага чалавека».
Няма правілаў без выключэнняў
З гэтым не паспрачаешся. Задача па змяненні прыроды чалавека, мабыць, была адзінай, якую бальшавікі перад сабой не толькі паставілі, але і паспяхова вырашылі. Чалавек са змененай прыродай — гэта добра нам вядомы па даследаваннях сацыёлагаў Лявада-цэнтра «чалавек савецкі». Ён і сёння складае ядро так званай беларускай «большасці».
Гэта ён у 1994 годзе дружна падтрымаў на першых прэзідэнцкіх выбарах будучага АП. Гэта ён прыняў акупацыю Крыма ў 2014 годзе за «аднаўленне гістарычнай справядлівасці». А ў чэрвені 2015 года «чалавек савецкі» на пытанне НІСЭПД: «Калі б Расія ўзброеным шляхам паспрабавала далучыць да сябе ўсю тэрыторыю Беларусі або яе частку, як бы Вы дзейнічалі?» заявіў, што прыстасаваўся б да новай сітуацыі (53%) і вітаў б гэтыя змены (12%).
Мне ўжо неаднаразова даводзілася пісаць пра тое, што пераход ад першабытных зграяў «гома сапіенс» да вялікіх сучасных калектывах гістарычна ажыццяўляўся за кошт трох фактараў: сілы, веры і закона. Зразумела, што на пачатковым этапе гэтага пераходу пераважала сіла, а ў эпоху мадэрну і постмадэрну — закон.
Аднак няма правілаў без выключэння. Прывяду свежае (чэрвеньскае) выказванне АП: «Усё можам перапрацоўваць, лёгкая прамысловасць добрая. Але ж не, чагосьці чакаем. Чакаем, пакуль прэзідэнт па галаве не ўдарыць (вылучана. — Рэд.). Таму шукайце новыя напрамкі, новыя культуры. Трэба прадаваць, трэба зарабляць грошы».
Адна справа — калі наглядчыкі ўдарамі па галаве стымулявалі будаўнікоў пірамід, зусім іншая — спрабаваць гэткім жа чынам прымусіць чыноўнікаў шукаць «новыя напрамкі». З падобнымі прапановамі АП звяртаецца да свайго асяродку ўжо не першы год. Вынікаў не відаць, але ён чалавек упарты, і гэта дае надзею.
* * *
Чарговая «Азбука паліталогіі» падышла да канца. Было б лагічна завяршыць яе цытатай з «Азбукі камунізму», што я і раблю: «Падман патрэбны буржуазіі. Ён ёй патрэбны для таго, каб апраўдаць сваё панаванне. Яна ёсць меншасць. Яна не можа адкрыта сказаць, што купка капіталістаў кіруе. Таму ёй патрэбны падман, што яна кіруе ад імя «ўсяго народа», «усіх класаў», «усёй нацыі» і таму падобнае».