Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон пра ЕАЭС «з агаворкамі»

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўвечары 9-га кастрычніка падпісаў закон аб ратыфікацыі дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў.



eaes1.jpg

Па словах Кабякова, у законе цалкам адлюстраваныя заявы кіраўніка беларускай дзяржавы, зробленыя яшчэ 29 мая 2014 года ў Астане, калі падпісвалася Дамова аб ЕАЭС, пра тое, што Беларусь добрасумленна будзе выконваць свае абавязацельствы ў рамках дамовы і распачне іншыя меры па яго рэалізацыі пры ўмове, што да гэтага моманту будуць дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб зняцці бар’ераў, абмежаванняў і выключэнняў ў гандлі асобнымі таварамі і аказанні асобных відаў паслуг, у першую чаргу ў дачыненні да энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцяў, лібералізацыі аўтаперавозак і іншых адчувальных пазіцый.

Больш за тое, Мінск ратыфікаваў дамову з умовай: дамоўленасці «павінны ўтрымліваць палажэнні аб недапушчальнасці іх пагаршэння ў наступны перыяд да поўнай ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў» у ЕАЭС.

Гэтая ўмова практычна невыканальная, адзначыў ў каментары charter97.org былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «А калі ў «наступны перыяд» сусветныя цэны на нафту і газ зменшацца — што тады? Для Беларусі цэны на энерганосьбіты будуць павялічвацца паступова, таму што ў перспектыве рух капіталу, тавараў, рабочай сілы ўнутры Еўразійскага эканамічнага саюза павінны адбывацца на аднолькавых умовах. Таму Беларусі трэба рыхтавацца да пагаршэння свайго становішча», — сказаў ён.

Да таго ж Багданкевіч дадаў, што Дамова аб ЕАЭС не прадугледжвае практычнага механізму выхада з гэтага саюза. Дамовай прадугледжана, што выйсці з гэтага інтэграцыйнага ўтварэння краіна-ўдзельнік можа, падаўшы заяву аб выхадзе за год да самога выхаду, і за гэты год яна павінна ўрэгуляваць з астатнімі ўдзельнікамі саюза ўсе маёмасныя і фінансавыя пытанні. І выйсце можа адбыцца толькі са згоды іншых краін. Як сказана ў дакуменце, «рашэнне краіны аб выхадзе з ЕАЭС прымаецца Вышэйшым саветам па прынцыпе кансэнсус мінус голас дзяржавы-члена, якая паведаміла пра свой намер спыніць сваё сяброўства ў саюзе».

Аднак, як лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі, такія рашэнні прымаюцца «дэ-факта». «Пры неабходнасці выхаду з ЕАЭС, і беларускі, і казахстанскі прэзідэнты на параграфы гэтай паперы будуць глядзець у апошнюю чаргу. Дарэчы, Нурсултан Назарбаеў нейкі час таму намякнуў: калі Астане нешта не спадабаецца, яна рэзярвуе за сабой права выхаду з гэтага саюза», — -зазначыў ён у інтэрв’ю zautra.by.