Андрэй Піянткоўскі: Пачынаецца аперацыя 1-га Беларускага па брацкай ліквідацыі Лукашэнкі
Лукашэнка 20 гадоў дурыў Mаскву, іграючы на яе імперскіх комплексах.
Пра гэта ў калонцы на сайце Рускай службы «Радыё Свабода» напісаў палітолаг Андрэй Піянткоўскі:
— Стасункі Аляксандра Рыгоравіча і Уладзіміра Уладзіміравіча неяк
адразу не заладзіліся яшчэ з часу іх першай сустрэчы на саміце СНД у канцы 1999 года. Уладзімір Уладзіміравіч (тады яшчэ прэм'ер-міністр РФ) ветліва і спакойна (як іх і вучылі ў школе КДБ мець
зносіны з падследнымі) нагадаў прэзідэнту Беларусі аб неаплачаных газавых рахунках на сотні мільёнаў долараў.
Вялікі Славянін з вышыні свайго непрыемна велічэзнага росту пачаў гарлапаніць у адказ, што ён абараняе заходнія рубяжы нашага Святога саюза ад уварвання натаўскіх ордаў, што каштуе гэты
тытанічны ўклад у агульную бяспеку мільярды агідных амерыканскіх долараў і што гандаль тут недарэчны. З Уладзімірам Уладзіміравічам даўно ўжо ніхто так не размаўляў, і яму гэта вельмі не спадабалася.
Непрыемнае прадчуванне наведала і Вялікага Славяніна. Бо як хораша ўсё было пры дзядулі! Раз у год ён прыязджаў у Маскву, падпісваў чарговую паперчыну, якая нічога не значыла, аб яшчэ больш глыбокім
і канчатковым уз'яднанні з Расіяй, разбіваў у Гранавітай палаце шклянку з-пад гарэлкі і ад'язджаў з пакетам эканамічных прэферэнцый ў мільярды долараў.
Будучы, як і большасць малаадукаваных дыктатараў ХХ стагоддзя, прыроджаным псіхолагам, ён цудоўна разумеў усе комплексы і фантазмы расійскай палітычнай
«эліты» — настальгію па страчанай імперскай
велічы, патрэбу ў «малодшых братах», якія цягнуцца да дзяржаўнай далоні, — па-майстэрску і драпежна іх эксплуатаваў, але не дапускаў і думкі аб тым, што
калі-небудзь стане ўсяго толькі мінскім губернатарам або сакратаром абкама. У мегаламанічнай палонцы, у якой дзесяцігоддзямі боўтаецца «расійская палітычная эліта»,
аб'яднанне з Беларуссю з'яўляецца Святым Граалем, першым рашучым крокам да пераадолення «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя». Ну прыкладна тым жа, чым
для нямецкай эліты 30-х гадоў мінулага стагоддзя быў аншлюс Аўстрыі.
«Эліта» стала нарэшце нясмела пытацца: «Ну, калі ж, калі ж, Аляксандр Рыгоравіч, вы, у рэшце, увойдзеце ў мяне усімі сваімі суб'ектамі?» На што Вялікі
Славянін з годнасцю адказваў: «Беларускі афіцэр бярэ грошы. Яшчэ як бярэ. Але выключна як суверэнны і самастойны суб'ект міжнароднага права».
Прайшло яшчэ 15 гадоў, і на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі ЕўрАзЭС у Маскве два апошнія дыктатара Еўропы глядзелі адзін на аднаго з непрыхаванай нянавісцю. «Пастроіць»
Лукашэнку нікому не атрымаецца», — у прысутнасці яшчэ
некалькіх постсавецкіх паханаў дзёрзка кінуў Вялікі Славянін. Такія крыўды ні ў піцерскім двары, ні ў бандыцкім Пецярбургу 1990-x, ні на вяршынях расійскай улады не дараваліся.
Мабыць, Лукашэнка ўсё пралічыў. Ён вельмі сур'ёзна ставіцца як да пагрозаў для свайго жыцця, так і да выклікаў незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Пры жывым Лукашэнку аншлюсу не будзе.
Гэта ў Крамлі ўжо зразумелі. Але там яшчэ не зразумелі, што аншлюсу не будзе ніколі, і таму здольныя пайсці яшчэ на адну імперскую авантуру. У Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі сфармавалася
нацыянальная і дзяржаўная самасвядомасць. Яе яшчэ не было ў 1996-ым, калі Масква на сваю бяду дапамагла Лукашэнку ажыццявіць дзяржаўны пераварот і адцясніць ад улады старую камуністычную
наменклатуру. Лука 20 гадоў дурыў Mаскву, віртуозна іграючы на яе імперскіх комплексах, і па-воўчы абараняў ад яе сваю асабістую ўладу, а заадно і суверэнітэт Беларусі.
Аперацыя 1-га Беларускага па брацкай ліквідацыі Лукашэнкі пагражае стаць яшчэ больш аглушальнай авантурай, чым Крымнаш. Але загнаныя ў кут дыктатары часта схільныя паступаць паводле логіцы
шэкспіраўскага героя:
По мне, все средства хороши отныне:
Я так уже увяз в кровавой тине,
Что легче будет мне вперёд шагать,
Чем по трясине возвращаться вспять.
Паводле svoboda.org