Андрэй Саннікаў: «Калі Лукашэнка не скарыстаецца шанцам, супраць яго прымуць жорсткія захады»

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў наведаў ЗША, Канаду і Вялікабрытанію.



ai_180439_aux_main_20151127_sannikov_pavel_360.jpg

Аб сваім візіце ў вядучыя дзяржавы свету і пра тое, якой будзе заходняя палітыка ў дачыненні да Беларусі, Андрэй Саннікаў распавёў у інтэрв'ю charter97.org.

 — Пачнём з Лондана, куды Вы былі запрошаныя на цырымонію ўручэння прэміі Сяргея Магніцкага. Што гэта за прэмія і чаму яна такая важная сёння?

 — Гэтая цырымонія адбывалася ўпершыню. Праваабарончая прэмія імя Сяргея Магніцкага толькі заснаваная і адзначае людзей, якія зрабілі шмат для прыняцця Акту Магніцкага ў ЗША і тых, што робяць шмат для таго, каб такі закон быў прыняты ў Еўропе  — у асобных краінах і агулам у Еўрапейскім Звязе.

У гэтым годзе былі адзначаны людзі, якія дамагаліся, каб злачынствы супраць правоў чалавека ў Расеі не заставаліся беспакаранымі. Пасмяротна прэмія была ўручаная Барысу Нямцову, які зрабіў шмат для таго, каб злачынствы расейскіх чыноўнікаў не засталіся беспакаранымі. Лаўрэатамі прэміі таксама сталі амерыканскі кангрэсмэн, журналісты, праваабаронцы і адвакаты.

 — Досвед Беларусі ўспаміналі? Бо тое, што цяпер адбываецца з расейскай апазіцыяй, даўно адбылося з беларускай.

— На цырымоніі прысутнічалі людзі, якія змагаюцца за правы чалавека ў нашым рэгіёне — Міхаіл Хадаркоўскі, Уладзімір Кара-Мурза, дачка Барыса Нямцова Жанна, еўрапейскія парламентарыі і праваабаронцы. Вядома, я казаў пра Беларусь.

Паколькі ўручэнне прэміі адбылося праз некалькі дзён пасля таго, як былі прыпыненыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі было карысна абмеркаваць новую сітуацыю з еўрапейскімі палітыкамі, прыцягнуць увагу да таго, што правы чалавека ў нашай краіне далей парушаюцца, і такія авансы беларускаму рэжыму могуць прычыніцца да негатыўных наступстваў. Сярод іншага, мы падрабязна пра гэта пагаварылі з былой міністаркай замежных спраў Польшчы Ганнай Фатыгай, якая сёння з'яўляецца дэпутатам Еўрапейскага парламента.

У Лондане я таксама меў сустрэчу ў брытанскім МЗС з супрацоўнікамі аддзела, якія займаюцца Беларуссю, дзе падрабязна абмеркавалі пазіцыю Вялікабрытаніі ў дачыненні да Беларусі.

www.charter97.org__photos_gallerie_310819767aaa16b40b12854d535ad480.jpeg

З ГЕНЕРАЛЬНЫМ ДЫРЭКТАРАМ ІНВЕСТЫЦЫЙНАГА ФОНДУ HERMITAGE CAPITAL MANAGEMENT БІЛАМ БРАЎДЭРАМ.

— Якая сёння пазіцыя Вялікабрытаніі ў дачыненні да Беларусі?

— Мяне запэўнілі, што ніякіх ілюзій у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі не існуе — проста еўрапейцы спрабуюць намацаць нейкія каналы для дапамогі дэмакратызацыі Беларусі.

— Пра якія каналы ідзе гаворка, калі сёння адбываецца сур'ёзнае скарачэнне дапамогі беларускім незалежным медыям, грамадскім і апазіцыйным палітычным структурам?

— Я пра гэта казаў, бо мы не раз былі ў сітуацыі, калі еўрапейцы мелі надзеі на магчымасць рэфармавання рэжыму Лукашэнкі, заплюшчвалі вочы на тое, што рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежнай журналістыкі, палітычнай апазіцыі толькі ўзмацняюцца.

Я заклікаў, каб гэтым разам не было сітуацыі, якую мы назіралі перад выбарамі 2010 года, калі Еўропа ўзаемадзейнічала толькі з Лукашэнкам — мы ведаем, чым гэта абярнулася.

— У Вашынгтоне Вы правялі сустрэчу ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША з адмысловым памочнікам прэзідэнта Барака Абамы. Чаму ЗША змякчылі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, бо гэта відавочная саступка дыктатару?

— ЗША прынялі больш узважаную пастанову ў дачыненні да санкцый. Яны пакінулі абмежаванні супраць большай колькасці чыноўнікаў і кампаній. Сёння Амерыка каардынуе свае дзеянні з Еўразвязам, пры гэтым уважліва адсочвае рэакцыю беларускіх уладаў на такое змякчэнне палітыкі.

У Радзе бяспекі мяне запэўнілі, што Злучаныя Штаты не будуць грэбаваць ні прынцыпамі дэмакратыі, ні прынцыпамі абароны правоў чалавека, але, аднак, у цяперашняй геапалітычнай сітуацыі мяркуюць, што існуюць магчымасці па-новаму падысці да беларускага пытання. Пры гэтым, прынцыповая пазіцыя ЗША не будзе мяняцца, а цікавасць да Беларусі будзе захоўвацца.

www.charter97.org__photos_gallerie_bb2f6cd2170d6ad699d8d3363fd1412d.jpeg

СА СПЕЦЫЯЛЬНЫМ ПАМОЧНІКАМ ПРЭЗІДЭНТА ЗША СЕЛЕСТАМ ВАЛАНДЭРАМ

— А ў чым навізна такой палітыкі?

— Будзе больш жорсткі кантроль за паводзінамі беларускіх уладаў.

— У Радзе Бяспекі ЗША разумеюць пагрозу, якая зыходзіць з тэрыторыі Беларусі як расейскага вайсковага плацдарма?

— Мы абмяркоўвалі вайсковыя стасункі паміж Расеяй і Беларуссю. ЗША разумеюць, што Беларусь сёння можа пагражаць як Украіне, так і ўсім суседнім дзяржавам — Польшчы і краінам Балтыі. Усе дамоўленасці паміж Масквой і Менскам знаходзяцца пад пільнай увагай.

— Вы таксама выступілі з лекцыяй у Джорджтаўнскім універсітэце?

— Так, на лекцыі прысутнічалі прадстаўнікі Дзярждэпу ЗША, прафесары і аспіранты ўніверсітэта, журналісты, палітолагі, аналітыкі. Адбылася досыць шчырая размова. Была вялікая цікавасць і канкрэтна да Беларусі, і да ўсяго рэгіёну — прысутных цікавілі пытанні дачыненняў Беларусі з Украінай, Расеяй, з Еўразвязам, з Еўразійскім саюзам.

— Затым Вы адправіліся ў Канаду, у горад Галіфакс, на Міжнародны форум бяспекі. У якім ключы там гаварылі пра Беларусь?

— Форум, як звычайна, быў прадстаўнічым — там прысутнічалі людзі, якія непасрэдна займаюцца пытаннямі бяспекі, кіраўніцтва міністэрстваў абароны ЗША, Канады, краін Еўропы, прадстаўнікі NATO, вядучыя аналітыкі, бізнэсоўцы. Я выступаў на дыскусіі аб Украіне. Беларусь не значылася сярод тэм гэтага форуму, але тым не менш абмяркоўваліся агульныя пытанні дачыненняў дэмакратычнага свету да тыраніі ў цэлым.

Дэмакратычны свет ўсвядоміў небяспеку існавання дыктатарскіх рэжымаў — да іх нельга ставіцца абыякава, наладжваць з імі нармальныя стасункі, бо рана ці позна гэтыя рэжымы правакуюць узброеныя канфлікты — гэта мы бачым у Сірыі, на арабскім Усходзе, а таксама ў дзеяннях Расеі ў дачыненні да Украіны.

— Калі дэмакратычны свет усведамляе небяспеку тыраніі, то што сёння Захад робіць у дачыненні да Лукашэнкі?

— Сёння рэжыму Лукашэнкі даецца пэўны шанец, але сітуацыя новая — калі дыктатар не скарыстаецца ім, то супраць яго будуць прынятыя больш жорсткія захады. Беларусь з'яўляецца вельмі важным звяном у дасягненні міжнароднай бяспекі не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў свеце. І гэтыя надзеі ніяк не звязаныя з Лукашэнкам — яны звязаны з дэмакратычнымі пераўтварэннямі.

www.charter97.org__photos_gallerie_f7df61ee285c25d6332e467a2d3d5a03.jpeg

www.charter97.org