Польшча не выдасць Рамана Паланскага
Галівудскі рэжысер не будзе выдадзены ў ЗША. Кракаўская пракуратура вырашыла не падаваць скаргі на рашэнне суда, які адмовіў у выдачы галівудскага рэжысёра ў Амерыку.
![81066032_polanski_afp.jpg 81066032_polanski_afp.jpg](/img/v1/news/full/81066032_polanski_afp.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле пракурора Януша Гнаткі, следчыя не знайшлі дзеля гэтага ніякай прававой асновы.
Адсутнасць скаргі азначае, што рашэнне суда першай інстанцыі аб адмове ў выдачы рэжысёра ўступіла ў сілу. Такім чынам Раман Паланскі можа застацца на тэрыторыі Польшчы без рызыкі, што будзе выдадзены амерыканцам.
Амерыканскае правасуддзе пераследуе 82-гадовага Рамана Паланскага за згвалтаванне непаўналетняй дзяўчыны ў 1977 годзе.
У мінулым месяцы суд у Кракаве разглядзеў просьбу ЗША наконт выдачы рэжысёра. Суддзі палічылі экстрадыцыю недапушчальнай.
Абаронцы і пракуратура мелі права абскардзіць гэтае рашэнне. Канчаткова адны і другія гэта не зрабілі.