Апазіцыя і выбары: у чаканні «чорнага лебедзя»

Паводле Канстытуцыі, прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў 2020 годзе. Датэрміновыя выбары магчымыя толькі пры ўмове, калі дзейны кіраўнік па нейкіх прычынах не зможа выконваць свае абавязкі. Але ж у Беларусі Канстытуцыя нікому не цікавая. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына не раз казала, што выбары кіраўніка дзяржавы могуць перанесці на 2019 год, каб развесці з парламенцкімі.

vybary_11_logo.jpg

Таму калі пройдуць прэзідэнцкія выбары, нікому не вядома. Улады наводзяць туману. Тая ж Ярмошына кажа, што рашэнне не прынятае. Упершыню за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі сітуацыя з тэрмінам правядзення прэзідэнцкай кампаніі такая заблытаная.

Гэта не адзіная асаблівасць выбараў. Ёсць яшчэ некалькі адметных момантаў.

Варта адзначыць той палітычны кантэкст, у межах якога пройдзе прэзідэнцкая кампанія. Найперш, гэта значная, заўважная страта даверу грамадства да існага палітычнага рэжыму і яго кіраўніка. Эфект ад украінскага крызісу, які моцна мікшыраваў незадавальненне насельніцтва, прайшоў. Беларусь перажыла два гады крызісу (2015–2016), падзенне ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. Існуе моцны песімізм адносна здольнасці Лукашэнкі нешта тут палепшыць. Плюс моцны негатыўны эфект ад дэкрэту аб дармаедах. Грамадства ўжо стамілася ад безнадзейнасці, названай «стабільнасцю», і псіхалагічна саспела да пераменаў, саспела да таго, каб прагаласаваць на выбарах за новага чалавека на пасадзе прэзідэнта.

Яшчэ трэба дадаць адзін штрых. Моцна памянялася пазіцыя Захаду. Ва ўмовах геапалітычнага крызісу ў рэгіёне, Еўрасаюз фактычна ўзяў курс на захаванне «стабільнасці» ў Беларусі. Падтрымка апазіцыі мінімізавалася. Для Еўропы цяпер галоўнае, каб прэзідэнцкая кампанія прайшла мірна, каб апазіцыю моцна не білі, каб па яе выніках не з’явіліся новыя палітвязні.

Не думаю, што Расія будзе моцна ўмешвацца ў беларускія выбары. Як бачым, Крэмль дрэнна кантралюе нават губернатарскія выбары ў сваёй краіне (скандальны казус з выбарамі ў Прымор’і).

Апазіцыя таксама рыхтуецца. Ужо сёння некалькі палітыкаў абвясцілі пра сваё імкненне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Толькі Правацэнтрысцкая кааліцыя, якая ўключае ў сябе Аб’яднаную грамадзянскую партыю, аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і рух «За Свабоду» 25 верасня абвясціла аб падрыхтоўцы да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў і намеры вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад імя сваёй структуры. І ўжо з’явіліся прэтэндэнты.

Пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі аб’явіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Але наўрад ці яна будзе вылучацца ад Правацэнтрысцкай кааліцыі, бо моцна сапсавала адносіны са сваёй партыяй — АГП.

Нацыянальная Рада БХД вылучыла ў якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Аднак гэта не канчатковае рашэнне. На гэты статус таксама прэтэндуе сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Ад руху «За Свабоду», хутчэй за ўсё, будзе вылучацца яго лідар Юрый Губарэвіч.

Трохі раней пра цвёрды намер вылучаць свайго кандыдата заявіла кампанія «Гавары праўду». Гледзячы па ўсім, гэтым кандыдатам будзе Андрэй Дзмітрыеў.

Партыя БНФ збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах асобна. Хутчэй за ўсё, кандыдатам будзе вылучаны намеснік старшыні партыі Аляксей Янукевіч.

А ёсць жа яшчэ левыя сілы: партыя «Справядлівы свет», сацыял-дэмакраты. Можна меркаваць, што ад іх таксама будзе вылучаны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Ну і дзяжурны кандыдат Гайдукевіч. Гэтым разам — малодшы: Алег Гайдукевіч.

Усё гэта нагадвае 2010 год, калі на фінішы кампаніі аказалася 10 кандыдатаў.

На мой погляд, неабходнай, хоць і недастатковай умовай электаральнай перамогі апазіцыі над Аляксандрам Лукашэнкам з’яўляецца вылучэнне адзінага кандыдата.

Тэзіс пра адзінага кандыдата, які павінен супрацьстаяць А. Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, даўно стаў культавым, ператварыўся ў аксіёму. Гэта адпавядае, па-першае, логіцы палітычнага працэсу. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму яго апаненты не могуць дазволіць сабе раскошу плюралізму ў асяроддзі апазіцыі, якая заўсёды разнародная. Некалькі кандыдатаў ад шырокага спектру палітычных сіл магчыма толькі ва ўмовах дэмакратыі. Зрэшты, і ў дэмакратычнай сістэме вельмі часта з-за тактычных меркаванняў ствараюцца кааліцыі і аб’яднанні. У перыяд аўтарытарызму сілы апазіцыі знаходзяцца ў няроўных умовах, заўсёды маюць абмежаваныя магчымасці мабілізацыі сваіх рэсурсаў. Таму логіка палітычнай барацьбы натуральным чынам дыктуе неабходнасць аб’яднання ўсіх апазіцыйных сіл вакол адзінага кандыдата.

Па-другое, ідэя адзінага кандыдата арганічна выцякае з беларускага менталітэту. У свядомасці нашага грамадства палітыка моцна персаніфікаваная. Палітычныя ідэі ўспрымаюцца насельніцтвам у асноўным праз іх носьбітаў. І ідэя пераменаў, збавення Беларусі ад Лукашэнкі можа ператварыцца ў пераможную палітычную сілу толькі ў звязку з канкрэтным чалавекам.

Попыт на палітычную альтэрнатыву можа задаволіць толькі адзіны кандыдат. Калі такіх альтэрнатыў будзе некалькі, то насельніцтва, якое прызвычаілася да простых адказаў на складаныя пытанні, заблытаецца і не пойдзе на выбары.

Перавага адзінага кандыдата палягае таксама ў тым, што ён адразу атрымоўвае больш за 20 працэнтаў падтрымкі дэмакратычнага электарату і можа нарошчваць падтрымку за кошт грамадзян, што не вызначыліся.

Аднак пакуль гэтая ідэя не падтрымліваецца ў апазіцыйным асяроддзі. Пытанне пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў фактычна знятае.

Паводле майго адчування, галоўная адметнасць настрояў у апазіцыі палягае ў тым, што ніхто не ставіць пытанне пра Перамогу. Усе плануюць толькі «сагрэцца». Ніхто асабліва не хавае, што падчас гэтай кампаніі апазіцыя будзе вырашаць свае ўнутраныя, партыйныя, карпаратыўныя ці, можа, нават асабістыя піяраўскія задачы. Вось у нядаўняй перадачы на «Радыё Свабода» Аляксей Янукевіч, разважаючы на тэму адзінага кандыдата ад апазіцыі, заявіў: «Лепей мы самі не збяром подпісы, чым збіраць подпісы ў такім вінегрэце».

Сустаршыня кампанія «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў падводзіць пад свой сепаратызм цэлую сістэму аргументацыі, спрабуе давесці, што шмат кандыдатаў ад апазіцыі лепш, чым адзіны кандыдат.

Дарэчы, паводле маіх ацэнак, калі апазіцыя пойдзе ў такім растапыраным выглядзе, то неабходныя 100 тысяч подпісаў не збярэ ніхто. Як гэта адбылося падчас выбараў 2015 года. Бо кампанія будзе адбывацца фактычна без грошай. І такая сітуацыя вельмі выгадная ўладзе, бо яна атрымае магчымасць сама выбіраць сабе найбольш зручнага кандыдата апазіцыі.

То бок, мы назіраем такі гістарычны парадокс, дысананс. У момант, калі грамадства найбольш гатовае да пераменаў за ўвесь час кіравання Лукашэнкі, яго палітычныя апаненты аказаліся найменш гатовыя, каб узначаліць гэты працэс, і фактычна адмовіліся ад барацьбы за перамогу.

Паўтаруся, пакуль толькі Правацэнтрысцкая кааліцыя будуе супольную стратэгію. Яна прапануе правесці праймерыз. Ідэя вельмі цікавая. Іншая справа, ці спрацуе гэты сцэнар ва ўмовах сённяшняй Беларусі.

Праблема праймерыз не толькі ў тым, што цяжка стварыць, адпрацаваць патрэбны механізм, адпаведныя працэдуры, якія б задавальнялі ўсіх удзельнікаў. Прычым усю гэтую кампанію давядзецца праводзіць ва ўмовах жорсткага процідзеяння ўладаў.

Галоўная ахілесава пятка ідэі праймерыз у Беларусі палягае ў тым, што ў гэтай працэдуры зможа ўдзельнічаць толькі вузкае кола апазіцыйных актывістаў. Разлік лідараў Правацэнтрысцкай кааліцыі на далучэнне да згаданай кампаніі шырокай грамадскасці падаецца няслушным. Для абывацеля ўдзел у апазіцыйнай акцыі пад дамоклавым мячом рэпрэсій — гэта амаль подзвіг. Да таго ж палітызацыя грамадства невялікая, людзі не вераць у выбары, таму прыцягнуць пабочных людзей да вызначэння адзінага кандыдата апазіцыі будзе складана.

А калі ў праймерыз будуць удзельнічаць толькі актывісты апазіцыі, то тут узнікае іншая праблема. Яны выберуць адзіным кандыдатам палітыка, які найбольш да спадобы самім апазіцыянерам. Але ці можа такі чалавек спадабацца большасці беларускага электарату? Гэта вялікае пытанне. Рэйтынгі, папулярнасць усіх апазіцыйных лідараў невялікія. Галоўная іх хіба — гэта адсутнасць біяграфіі, прымальнай для насельніцтва, найперш, адсутнасць сур’ёзнага кіроўнага досведу.

То бок, шмат прыкметаў таго, што краіну чакаюць самыя сумныя прэзідэнцкія выбары. Ну, калі раптам, нечакана не прыляціць нейкі «чорны лебедзь».