Атруціць ці выкрасці. Як улады пагражаюць сваім апанентам

Наколькі рэальныя пагрозы, якія памагатыя рэжыму дасылаюць прадстаўнікам дэмсіл? У аб'яднаннях былых сілавікоў іх ацэньваюць як цалкам рэальныя.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Нават пасля пераезду за мяжу беларускія палітыкі і актывісты сутыкаюцца з пагрозамі на свой адрас. «На адной з акцый да мяне падышоў чалавек у масцы і сказаў: "Не баіцеся, што падчас акцыі вам усадзяць нож у спіну?"»— расказвае пра адзін з выпадкаў палітык Павел Латушка. Такіх пагроз, паводле яго, ён атрымаў не адзін дзясятак. «Deutsche Welle» расказвае, як пагражаюць апанентам рэжыму Лукашэнкі і якія меры засцярогі яны робяць.

«Сцэнар атручвання або выкрадання разглядаюць як рэальны»

Першыя пагрозы на свой адрас палітык Павел Латушка стаў атрымліваць яшчэ ў жніўні 2020 года, калі, займаючы пасаду дырэктара Купалаўскага тэатра, ён падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацый на выбарах і гвалту сілавікоў. Тады яго папярэдзілі, што ён будзе пастаянна знаходзіцца «на дзяржаўным забеспячэнні». Праз некалькі тыдняў праз рызыку быць затрыманым ён з'ехаў у Польшчу. «Калі Лукашэнка публічна паведаміў, што я нібыта перайшоў чырвоную лінію і неадкладна буду прыцягнуты да адказнасці, у мяне адбылася гутарка з пасламі Польшчы і Літвы. Яны ўгаворвалі мяне з'ехаць, я стаяў на пазіцыі, што не хачу выязджаць», — згадвае Павел Латушка. Дыпламаты яго пераканалі. З тых часоў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» (НАУ), член Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка жыве ў Варшаве. Але ў поўнай бяспецы сябе не адчувае.

Ужо чацвёрты год, расказвае DW Павел Латушка, ён атрымлівае пагрозы: асабістыя і ў сацсетках, іх агучваюць прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў і прапагандысты. Таксама, паводле слоў палітыка, ён атрымлівае інфармацыю ад былых высокапастаўленых беларускіх афіцэраў, якія разглядаюць пагрозы аб яго ліквідацыі як «абсалютна рэальныя». Паводле слоў крыніц, магчымыя розныя спосабы ўздзеяння на мяне. «У якасці найбольш рэальных яны разглядаюць атручанне або выкраданне», — кажа ён.

Да прыкладу, нядаўна, расказвае Латушка, у даркнэце з'явіўся «заказ» на яго фізічную ліквідацыю, пра што палітыку паведаміла крыніца. Яе звесткі ў мэтах бяспекі палітык не раскрывае. Жыццё кіраўніка НАУ ацанілі ў 30 тысяч долараў.


Глядзіце таксама

«Псіхалагічна гэта не можа не пакідаць следу»

Неўзабаве пасля ад'езду Латушкі ў Польшчу на беларускім дзяржтэлебачанні выйшаў сюжэт — у ім паказалі фотаздымкі варшаўскай кватэры, у якой на той момант жыў апазіцыйны палітык. «Было апублікавана відэа дома, вуліцы, на якой ён стаіць, нават фота кватэры. На той момант ім не ўдалося ў яе трапіць — хутчэй за ўсё, яны атрымалі даныя з рыэлтарскай базы. Верагодна, спецслужбы працавалі на тэрыторыі Польшчы і маглі сачыць за мной», — мяркуе палітык.

Як Павел Латушка рэагуе на пастаянныя пагрозы? «Складана заставацца абыякавым, калі табе пішуць пра тое, што заб'юць ледасекам, альбо калі кажуць, што сякерай раздзеляць твой чэрап на беразе Віслы або пахаваюць жыўцом. Кожны чалавек — перш за ўсё чалавек, і псіхалагічна гэта не можа не пакідаць следу, — кажа Латушка. — Ці ўплывае гэта на маю актыўнасць? Не. Мяне гэта злуе і яшчэ мацней прымушае змагацца супраць падобнага рэжыму. Так, ёсць ступень прывыкання, з'явіліся пэўныя правілы паводзінаў: дзесьці спрабуеш сябе кантраляваць, прадпрымаць меры засцярогі, але гэта ніякім чынам не ўплывае на маю працу».

Якія меры засцярогі прадпрымае палітык?

«Я знаходжуся на тэрыторыі ЕС і спадзяюся на прафесіяналізм органаў, якія забяспечваюць правапарадак і бяспеку ў дачыненні як грамадзян Польшчы, так і замежных грамадзян, якія тут знаходзяцца», — кажа Павел Латушка. Аднак за тры гады ў палітыка сфармаваліся і ўласныя меры засцярогі. Пра большасць з іх ён не можа расказваць адкрыта. Напрыклад, пра асаблівасці харчавання, прысутнасць у грамадскіх месцах, інфармаванне аб сваім раскладзе.

«Многія правілы, якімі кіруюцца дыпламаты, могуць быць ужытыя і для самаабароны, каб забяспечыць сваю бяспеку, — кажа Латушка. — Гаворка пра доступ да інфармацыі аб графіку, перасоўваннях, магчымасці загадзя інфармаваць аб сустрэчах. Каб распачаць дадатковыя меры засцярогі, даводзіцца, напрыклад, запраўляць аўтамабіль не на 50-60 літраў, як хацелася б, а ўсяго на пяць».


Глядзіце таксама

Мэта большасці пагроз, мяркуе палітык, — запалохаць. Як рэальную небяспеку ён успрымае паведамленні, калі яны агучаныя Лукашэнкам ці прадстаўнікамі ўладаў РБ. «Інфармацыю, якая гучыць з боку сілавых структур або абмяркоўваецца сярод вышэйшага кіраўніцтва і даходзіць да мяне па неафіцыйных каналах, неабходна ўспрымаць сур'ёзна», — кажа Латушка.

Асноўны акцэнт — на былых сілавіках і людзях са зброяй

Аляксей Лявончык, прадстаўнік ініцыятывы «By_Help», мяркуе, што асноўная ўвага беларускіх спецслужб цяпер накіраваная на былых сілавікоў і тых, хто мае дачыненне да зброі: арганізацыі былых сілавікоў «Belpol» і «Bypol», полк Кастуся Каліноўскага. «Для іх гэта вялікая небяспека, чым арганізацыі гуманітарнай дапамогі. Але мы бачым "акцэнт" і на нашай працы — мэтанакіраваныя спробы раскрыць сетку нашых валанцёраў, адсачыць, як грошы паступаюць у краіну, як яны размяркоўваюцца», — кажа Аляксей Лявончык.

За час працы і актывісты ініцыятывы, і ён асабіста не раз атрымлівалі ананімныя пагрозы ў мэсэнджарах, калі абяцалі «дабрацца» і прасілі «падумаць, што робіш». Лявончык кажа, што першапачаткова спрабаваў размаўляць з гэтымі людзьмі. Пасля перастаў: «Я выдатна разумею, што гэта спосаб псіхалагічнага ціску. Трэба звяртаць на такое паменш увагі, хоць гэта, вядома, непрыемна».


Глядзіце таксама

Пры гэтым Аляксей Лявончык з занепакоенасцю глядзіць на пашырэнне практыкі «трансгранічных рэпрэсій», калі беларускія спецслужбы спрабуюць дабрацца да апанентаў, якія з'ехалі за мяжу: «Пакуль гэта толькі вербальныя пагрозы, але, гледзячы на тое, як развіваецца сітуацыя, нельга выключаць, што пяройдуць да рэальных дзеянняў. У беларускіх сілавікоў пакуль замала рэсурсаў, каб займацца падобнымі рэчамі. Але пагрозы істотныя. Дастаткова ўжо таго, што прыходзяць да родных актывістаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, грамяць іх кватэры. Пакуль гэта ў большай ступені тычылася палка Каліноўскага, "Belpol" і "Bypol". Усё, што звязана з сілавым блокам, выклікае ў беларускіх сілавікоў пачуццё небяспекі».

Сам Лявончык, паводле яго слоў, не робіць асаблівых захадаў бяспекі. Ён не ездзіць у патэнцыйна небяспечныя краіны, якія могуць яго выдаць на запыт беларускіх уладаў і нават не змяніў адрас пражывання ў Польшчы, які стаў ім вядомы: «Не думаю, што гэта будзе мець фізічныя і практычныя наступствы на гэты момант».

Павел Латушка згодны з тэзісам, што на дадзены момант у беларускіх спецслужбаў няма дастатковых рэсурсаў, каб дабрацца да апанентаў улады за мяжой. Такія рэсурсы ёсць у Расіі, але яна пакуль не спяшаецца «дапамагаць», мяркуе Аляксей Лявончык.