У Кіеве назвалі праблемныя кропкі і перспектывы адносін паміж Беларуссю і Украінай

Сябры ўкраінскай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства прэзентавалі ў Кіеве дакумент «Украіна-Беларусь: Пошук дадатковых кропак судатыкнення».

Ілюстрацыя racyja.com

Ілюстрацыя racyja.com

Дакумент падрыхтаваны пры падтрымцы Еўрасаюза і міжнароднага фонду «Адраджэнне» ў межах праекта «Грамадская сінэргія».
Як адзначыў адзін з аўтараў дакумента Генадзь Максак, у ім аналізуецца стан двухбаковых стасункаў паміж нашымі краінамі і звяртаецца ўвага на кірункі і сферы, развіццё якіх можа мець узаемны інтарэс і вялікі патэнцыял для развіцця.

Генадзь Максак

Генадзь Максак

Паводле дакумента, 2014 год з'явіўся адпраўной кропкай у пабудове новай парадыгмы ўзаемаадносінаў Украіны і Беларусі. Аўтары пазітыўна ацэньваюць тое, што Мінск стаў перамоўнай пляцоўкай для вырашэння канфлікту з Расіяй, беларускае кіраўніцтва падтрымала тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, у 2016 годзе на паседжанні міжурадавай украінска-беларускай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы была прынятая Дарожная карта развіцця супрацы на 2017-2020 гады.
Актыўна развіваецца гандаль паміж Украінай і Беларуссю. Па выніках 2017 года Беларусь для Украіны з’яўляецца пятым па велічыні таваразвароту партнёрам. У параўнанні з 2016 годам аб’ём гандлю падвысіўся на 18,6% і дасягнуў 4,6 мільярдаў долараў. Станоўчая дынаміка росту таваразвароту назіралася і ў першай палове 2018 года. Праўда, Украіна ў гандлі з Беларуссю мае адмоўнае гандлёвае сальда за кошт імпарту вялікіх аб’ёмаў нафтапрадуктаў і звадкаванага газу.
З прычыны ўдзелу Беларусі ў ваенна-палітычных праектах Расіі фактычна спынілася ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. У той жа час у дакуменце адзначаюцца намаганні бакоў па ўзмацненню бяспекі на мяжы і актывізацыі супрацоўніцтва паміж памежнымі ведамствамі.
Адзначаецца прагрэс у гуманітарнай і культурнай сферы. З 2017 года ў Мінску і Гомелі адкрыліся курсы ўкраінскай мовы, у сакавіку 2018 года Мінадукацыі ўхваліла праграму, якая дазваляе вывучаць украінскую мову ў агульнаадукацыйных школах, у ліпені адбыліся Дні ўкраінскай культуры. Адаптуецца заканадаўства для пачатку трансляцыі ўкраінскага тэлеканала.

Праблемныя кропкі


У якасці праблемных момантаў у супрацы Беларусі і Украіны аўтары дакумента адзначаюць адсутнасць пазітыўных узаемадзеянняў на міжнароднай арэне. Маецца на ўвазе галасаванне Беларусі супраць рэзалюцыі Генасамблеі ААН адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і па сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме, а таксама па сітуацыі на акупаваных тэрыторыях на ўсходзе. Беларусь таксама займае пасіўную пазіцыю адносна расійска-украінскага канфлікту ў АБСЕ.
Афіцыйны Мінск і афіцыйны Кіеў маюць дыяметральна розныя пазіцыі пры пабудове павесткі шматбаковага фармату палітыкі Усходняга партнёрства.
Амаль два гады цягнецца вырашэнне пытання з трансляцыяй украінскага тэлеканала ў Беларусі, каб хоць трохі нейтралізаваць уплыў расійскай прапаганды, у той час, як канал «Беларусь 24» не мае перашкодаў для трансляцыі на тэрыторыі Украіны кабельнымі аператарамі.
Сур’ёзны непакой Кіева выклікаюць факты захопу грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі расійскімі спецслужбам і вываз іх у РФ.
У эканамічнай сферы раздражняльнікам выступаюць інструменты гандлёвай абароны з абодвух бакоў.

Магчымасці


Дадатковы патэнцыял для развіцця двухбаковых адносінаў аўтары дакумента бачаць у нармалізацыі стасункаў Беларусі і Еўрасаюза.
Паглыбленню гандлёва-эканамічнай кааперацыі можа спрыяць працэс наладжвання міжрэгіянальных і бізнес-сувязяў. Узгадваецца ўкраінска-беларускі бізнес-форум у 2017 годзе і сёлетні Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Гомелі, па вынікам якога былі створаныя рабочыя групы па вырашэнні гандлёвых канфліктаў і па развіццю міжрэгіянальнай супрацы.
Беларусь і Украіна ўдзельнічаюць у міжнародных транспартных праектах, якія аб’ядноўваюць рэгіёны Чорнага і Балтыйскага мораў (запушчаны цягнікі «Вікінг» і «Зубр»). Рыхтуецца аднаўленне судаходства па рацэ Днепр.

Рэкамендацыі па паляпшэнні супрацы


Аўтары дакумента рэкамендуюць гэта рабіць у першую чаргу ў межах Усходняга партнёрства: інтэнсіфікаваць супрацу з ЕС у сферах двухбаковага інтарэсу. Маецца на ўвазе развіццё лічбавай эканомікі, транспарту, аховы наваколля, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, спынення абароту зброі. Мінск і Кіеў могуць сумесна стварыць Цэнтр па супрацьдзеянню кіберпагрозам. Вельмі карысным для Усходняга партнёрства могуць быць міратворчыя памкненні Мінска.
Украіна і Беларусь разам могуць эфектыўна ўдзельнічаць у міжнародных ініцыятывах і арганізацыях. Узгадваецца развіццё транспартнага калідора «Балтыйскае мора – Чорнае мора», кітайская ініцыятыва «16+1», ініцыятыва «Трох мораў». Краіны могуць развіваць супрацу ў сферы бяспекі, у інфармацыйнай сферы і публічнай дыпламатыі.