Беларусь не будзе закрываць свае амбасады ва Украіне і еўрапейскіх краінах
Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у эфіры АНТ, перадае tut.by.
Паводле слоў міністра, усе разумеюць, што, закрыўшы недзе тую ці іншую амбасаду, потым складаней будзе яе адкрыць.
«Будзем працягваць узаемадзеянне з усімі дзяржавамі, але, вядома, будзем глядзець на тое, як да нас ставяцца», — растлумачыў ён.
Нагадаем, у пачатку красавіка Уладзімір Макей пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што Беларусь закрые амбасады «як мінімум у некалькіх краінах свету». Гаворка пра гэта ішла на фоне абвостраных адносін з Польшчай.
Нагадаем, 28 лютага гэтага года ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце правялі мерапрыемствы з нагоды Дня памяці «выклятых салдат», які адзначаюць у Польшчы. Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якія ў другой палове 1940-х гадоў змагаліся за незалежнасць краіны. Але сярод іх ёсць і салдаты атрада Рамуальда Райса (па мянушцы Буры), якія спалілі пяць вёсак на тэрыторыі Усходняй Польшчы, дзе жылі праваслаўныя беларусы. Тады загінулі 79 чалавек.
Мерапрыемства наведаў консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк. 9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага і ўручылі ноту пратэсту: консулу прапанавалі пакінуць тэрыторыю нашай краіны. У адказ Польшча прызнала персонай нон-грата дыпламата з амбасады Беларусі ў Варшаве. Пазней краіны выслалі яшчэ некалькі дыпламатаў адно аднаго. Пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў.
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі заявіў, што мерапрыемства ў «Польскай школе» не мела ніякага дачынення да постаці Рамуальда Райса.
— Паводле наяўных у нас даных, мэтай мерапрыемства было ўвекавечанне памяці тых людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў Брэсце клапаціліся пра польскія месцы памяці, польскія могілкі, захаванне польскай гісторыі — за гэта яны былі рэпрэсаваныя, у тым ліку адпраўленыя ў Сібір, у Варкуту. Толькі пасля смерці Сталіна, на хвалі адлігі, яны змаглі вярнуцца ў Польшчу. З вядомых мне людзей магу назваць спадара Рышарда Снарскага, які жыў у Брэсце, — заявіў дыпламат 13 сакавіка.
25 сакавіка Генпракуратура Беларусі паведаміла, што ўзбудзіла ў дачыненні да старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб справу па ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб»). Фігурантам пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
У ведамстве сцвярджаюць, што «грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйпаказанага саюза», з 2018 года правялі ў Гродне і Гродзенскай вобласці «шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў антысавецкіх бандфарміраванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці». «Іх дзеянні пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа», — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.
Усяго па гэтым артыкуле былі затрыманы пяцёра прадстаўнікоў Саюза палякаў. Акрамя Анжалікі Борыс, гэта Андрэй Пачобут,Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Вядома, што Пачобуту і Цішкоўскай прад'яўленыя абвінавачанні па гэтым артыкуле.
У сувязі з гэтай сітуацыяй прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 25 сакавіка пачаў перамовы па лініі ААН, АБСЕ і Савета Еўропы. Акрамя таго, ён накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну (Злучаныя Штаты ў сакавіку старшынствавалі ў Савеце Бяспекі ААН).