Уцечка мазгоў. Візы па праграме «Poland.Business Harbour» атрымалі амаль 9 тысяч беларускіх спецыялістаў
Праграма «Poland.Business Harbour» — гэта комплекс паслуг, які дапамагае спецыялістам IT-сферы, стартапам, малым і сярэднім прадпрыемствам і буйным кампаніям пераехаць у Польшчу.
![ez1ya9rxiagufor.jpeg ez1ya9rxiagufor.jpeg](/img/v1/images/ez1ya9rxiagufor.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Дзякуючы праграме "Poland.Business Harbour" да нас ужо пераехалі 10% беларускіх айцішнікаў і некалькі тысяч прадпрымальнікаў — усяго выдадзена 8,9 тысячы віз. Аб пераездзе ў Польшчу думаюць дзве траціны мясцовых [беларускіх — заўв. Reform.by] распрацоўшчыкаў. Мы іх вітаем з распасцёртымі абдымкамі», — цытуе REFORM.by польскае выданне «Puls Biznesu».
Каардынуе праграму Міністэрства развіцця і Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю сумесна з «GovTech Polska» і канцылярыяй Старшыні Савета Міністраў, Міністэрствам замежных спраў, Польскім агенцтвам развіцця прадпрымальніцтва і фондам «Startup Hub Poland». У яе рамках можна даведацца, як пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, атрымаць падтрымку пры пераездзе супрацоўнікаў і іх сем'яў або атрымаць юрыдычную і візавую дапамогу. Асобы з інжынернай адукацыяй або з вопытам працы ў IT-сферы змогуць скарыстацца паскоранай працэдурай атрымання віз.