Беларусь паставіла ўльтыматум ЕЭК ААН, пагражаючы выйсці з Орхускай канвенцыі

Беларусь абвясціла ўльтыматум Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Кіраўнік Мінпрыроды РБ Андрэй Худык пагражае пачаць працэдуру выхаду Беларусі з Орхускай канвенцыі, калі да 1 студзеня 2022 года не будзе адменена нядаўняе рашэнне нарады бакоў Канвенцыі ў дачыненні да Беларусі, прынятае пераважнай большасцю галасоў.

screenshot_10_2.jpg


Пра гэта гаворыцца ў лісце, які Худык тыдзень таму накіраваў выканаўчаму сакратару ЕЭК ААН у Жэневу, паведамляе REFORM.by.

Сваім кастрычніцкім рашэннем бакі Орхускай канвенцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалагічнай арганізацыі «Экадом» пераследам і прыгнётам НДА з боку беларускай дзяржавы. Нарада палічыла гэта парушэннем канвенцыі. Было прынята рашэнне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі па канвенцыі з 1 лютага 2022 года, калі да 1 снежня гэтага года краіна не распачне крокі для аднаўлення рэгістрацыі «Экадома».

Менавіта адмены гэтага рашэння патрабуе кіраўнік Мінпрыроды Худык. На яго думку, яно неправамерна і парушае Венскую канвенцыю аб праве міжнародных дагавораў 1969 года. Худык назваў рашэнне «палітызаваным» і ўпэўнены, што яно з'явілася «ў выніку спланаванай заходнімі краінамі акцыі па дэманізацыі Беларусі ў міжнародных арганізацыях». Усё гэта, паводле яго слоў, ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць удзелу Беларусі ў Орхускай канвенцыі. Аднак, заявіў Худык, Беларусь «гатовая захаваць сваё сяброўства», калі рашэнне будзе адменена да Новага года.

У «Экодоме» такі ўльтыматум структуры ААН лічаць неабдуманым і недальнабачным рашэннем, прадыктаваным асаблівасцямі бягучай палітычнай абстаноўкі ў Беларусі, і наносячым шкоду краіне.

«Міжнародна-прававыя аргументы міністра, які спасылаецца на Венскую канвенцыю аб праве міжнародных дамоваў 1969 года і патрабуе прыняцця рашэння выключна кансэнсусам, не вытрымліваюць крытыкі, бо Венская канвенцыя непрыдатная да дадзенай сітуацыі, таму што ў рашэнні гаворка ідзе аб прыпыненні асаблівых правоў і прывілеяў па Орхускай канвенцыі» — гаворыцца ў каментары, які даслала ў рэдакцыю Reform.by сузаснавальніца «Экадома» Ірына Сухій.

«Рашэнне, якое выклікала такое абурэнне міністра Худыка, патрабуе спыніць пераслед экалагічных грамадскіх арганізацый і актывістаў у Беларусі. Арганізацыі, па трапным выразе Лукашэнкі, “былі выразаныя”, то-бок пазбаўленыя рэгістрацыі ў гэтым годзе, а многія актывісты, прайшоўшы праз турмы, крымінальная пераслед і ператрусы, былі вымушаныя з’ехаць за мяжу», — нагадвае Сухій. Сярод іх і «Экадом», дадае яна, а многія гады арганізацыя дамагалася выканання палажэнняў Орхускай канвенцыі ў Беларусі, у тым ліку пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя (Орхуская канвенцыя) існуе з 1998 года, і яе бакамі з'яўляюцца амаль усе еўрапейскія краіны, уключаючы Беларусь.

«Гэты міжнародна-прававы акт лічыцца прававедамі найбольш прагрэсіўнай і прадуманай канвенцыяй па экалагічным праве ў свеце. Далучэнне Беларусі да Канвенцыі і ўдзел дзяржаўных і грамадскіх прадстаўнікоў нашай краіны ў нарадах бакоў і іншых мерапрыемствах у рамках Канвенцыі нямала спрыялі мадэрнізацыі беларускага заканадаўства, набліжэнню яго (хоць бы па літары) да самых сучасных узораў у галіне ўдзелу грамадскасці ў экалагічна значных рашэннях і доступе да экалагічнай інфармацыі. Выхад краіны з Канвенцыі перапыніць і, хутчэй за ўсё, зверне назад гэты працэс», — лічыць грамадская дзяячка.

«Міністр Худык, як дасведчаны кар'ерны вертыкальшчык, відавочна дзейнічае ў рэчышчы рашэнняў свайго начальніка, які займае прэзідэнцкі палац. А рэчышча гэта вядзе да разрыву ўсіх наяўных сувязяў з Еўропай. Але ўльтыматум структуры ААН — гэта нешта новае. Дагэтуль членства ў ААН і ўдзел у аанаўскіх мерапрыемствах было прадметам гонару і сведчаннем бясспрэчнасці беларускай незалежнасці і суверэнітэту. У прыватнасці, пры цяжкіх перамовах з “расійскім братам”, які зусім не ўпэўнены ў непахіснасці і каштоўнасці Беларусі як асобнай ад Расіі краіны», — адзначае Сухій.

«Адмяніць рашэнне нарады бакоў Канвенцыі сакратарыят ЕЭК ААН паўнамоцтваў не мае — у Жэневе няма свайго ААНаўскага Лукашэнкі, які звыкся росчыркам пяра адмяняць (загадваць) усё, што заўгодна. А, пляснуўшы дзвярыма ў Жэневе, калі і не дайсці да пастаноўкі пытання аб членстве нашай краіны ў ААН, то падарваць яе пазіцыі ў гэтай арганізацыі дакладна можна. Масква, якая так і не падпісала Орхускую канвенцыю пасля 20 гадоў “падрыхтоўкі” да гэтай падзеі, дакладна не будзе супраць паслаблення беларускай дзяржавы на міжнародна-прававым узроўні», — адзначае Ірына Сухій.

Яна ўпэўненая, што дадзеным непрадуманым ультыматумам улада нашкодзіць не толькі ўсёй краіне, але і сама сабе: «Орхуская канвенцыя і звязаныя з ёй мерапрыемствы – гэта ледзь не апошнія форумы, на якіх еўрапейцы на роўных сустракаюцца і размаўляюць з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай дзяржавы. Амаль усе астатнія сувязі ўжо абарваныя сур'ёзна і да змены рэжыму. Паставіўшы ўльтыматум ААН, пагражаючы выхадам з Канвенцыі, міністр Худык вось-вось абарве і гэтую нітку. Тым самым не толькі нашкодзіць краіне, выдраўшы яе з еўрапейскай сістэмы экалагічнага права і практыкі, але і падарве ўласныя апаратныя пазіцыі, як адказны за адзін з апошніх каналаў сувязі з Захадам. Не кажучы ўжо пра тое, колькі накрыецца замежных камандзіровак самога міністра і яго падначаленых. Але ў апошнім ім мала хто паспачувае».