Міністр абароны Польшчы абвінаваціў беларускія спецслужбы ў абстрэле польскай тэрыторыі
Нехта абстраляў асвятляльныя мачты ў ваколіцах Цярэспаля, што паблізу польска-беларускай мяжы.
![ffgvgjdxsaaupnd.jpg ffgvgjdxsaaupnd.jpg](/img/v1/images/ffgvgjdxsaaupnd.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як заявіла Міністэрства абароны Польшчы, невядомыя знішчылі ліхтары каля польска-беларускай мяжы.
Абстрэл ішоў з боку Беларусі з пнеўматычнай зброі, паведамляе Радыё Свабода.
Мачты ўсталявалі польскія вайскоўцы дзеля таго, каб лепей кантраляваць дзяржаўную мяжу з Беларуссю, адкуль штоночы ладзяцца спробы штурму і прарыву ў Еўрасаюз.
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак назваў абстрэл ліхтароў на польска-беларускай мяжы «правакацыяй беларускіх службаў». Ён ацаніў гэтыя дзеянні як непрымальныя. Блашчак заявіў, што ў міністэрства абароны выклічуць аташэ абароны Беларусі для тлумачэння інцыдэнту каля Цярэспалю.
Польскія памежнікі 30 лістапада зафіксавалі 102 спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, паведаміла польская памежная служба.