Крызіс? У ТЛЦ «Брузгі» малако будзе выдавацца выключна для дзяцей

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў распавёў, як змяніўся рацыён мігрантаў, што знаходзяцца ў лагістычным цэнтры ў Брузгах.

1637853789.jpg


«Мы выдаём акурат такую неабходную колькасць прадуктаў, якая патрэбная чалавеку на суткі. Раніцай ён атрымлівае гарбату з печывам, у абед ён атрымлівае кашу, на вячэру ў яго прадуктовы набор. Іншае пытанне, што ёсць людзі, якія бяруць па некалькі пакетаў. І мы бачым, што ў іх з'яўляюцца лішкі ў ТЛЦ, там плюсавая тэмпература, досыць цёпла, і некаторыя проста вывозяць дастатковую колькасць бутэлек малака таго ж самага, нераспакаванага», — цытуе Шаўцова «Наша Ніва» са спасылкай на СТБ.

«Таму мы, вядома, перагледзелі асартымент. Цяпер малочныя прадукты будуць выдавацца выключна толькі для дзяцей. Але моцна раён зменшаны не будзе. Бо ўсё-такі людзям трэба нармальна харчавацца», — сказаў ён.

У эфіры СТБ сказалі, што выдадзена за тры тыдні 114 тон гуманітарнай дапамогі, уключаючы абутак і цёплае адзенне. Таксама было сказана, што беларускі бок за суткі на харчаванне мігрантаў траціць 29 тысяч рублёў (каля 12 тысяч долараў).

Варта зазначыць, што ў Беларусі людзі скардзяцца на дэфіцыт малочнай прадукцыі ў крамах. Яны паведамляюць, што асартымент малака значна зменшыўся. А мігранты скардзіліся, што ім выдаюць пратэрмінаваныя і сапсаваныя прадукты.