У мінскім аэрапорце 390 мігрантаў чакаюць эвакуацыйнага рэйсу ў Ірак
Сярод пасажыраў, якія адправяцца назад у Ірак, 53 дзіцяці.

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Нацыянальны аэрапорт, усе 390 мігрантаў знаходзяцца ў цёплых умовах і атрымліваюць харчаванне на тэрыторыі аэрапорту. Праводзіцца дэзінфекцыя памяшканняў.
Апошні вывазны рэйс з Беларусі папярэдне запланаваны на чацвер, 2 снежня.
У папярэднія дні авіякампанія Iraqi Airways і Нацыянальны аэрапорт «Мінск» адмянілі некалькі вывазных рэйсаў. Авіяперавозчык патлумачыў гэта жаданнем сабраць паболей людзей у палёт.
Агулам тэрыторыю Беларусі пакінулі ўжо каля 1,5 тысячы мігрантаў, якія па беларускіх турыстычных візах прыбылі ў нашу краіну і намагаліся прабіцца ў Еўропу. Многія з іх на мяжы паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы польскіх памежнікаў камянямі і ламаючы абсталяванне пры дапамозе беларускіх сілавікоў.